Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фронт Лайн» — у падтрымку беларускіх праваабаронцаў


Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Фронт Лайн» заклікае заўзятараў чэмпіянату сьвету па футболе «Эўра-2012» падтрымаць праваабаронцаў усяго сьвету, якія церпяць перасьлед уладаў у сваіх краінах. З гэтай мэтай былі выпушчаныя футболкі з імёнамі праваабаронцаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага і Алега Воўчака.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла адна з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка: «Сёньня я атрымала ад нашых калегаў з „Фронт Лайну“ — арганізацыі, якая займаецца абаронай праваабаронцаў — спасылку на сайт, які яны зрабілі адмыслова для „Эўра-2012“. Там паведамляецца, што яны выпусьцілі футболкі з імёнамі праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні і церпяць перасьлед у розных краінах. У тым ліку і футболкі з імёнамі беларускіх праваабаронцаў Алеся Бяляцкага і Алега Воўчака. Таксама там ёсьць імёны нашых калегаў, якія церпяць рэпрэсіі ў Азэрбайджане, на Кіпры, ва Ўкраіне і ў многіх іншых краінах сьвету. Гэта такая магчымасьць прыцягнуць увагу нашых калегаў да пытаньня перасьледу — ізноў-такі — нашых калегаў у розных краінах сьвету.

Праваабаронцы заўсёды ня толькі салідарныя з народамі тых краін, дзе парушаюцца правы чалавека, і выказваюць падтрымку людзям, якія церпяць перасьлед, але і займаюцца абаронай праваабаронцаў. І гэты акцэнт — менавіта на падтрымку праваабаронцаў, якія церпяць перасьлед — яны зрабілі падчас „Эўра-2012“. Акрамя футболак, „Фронт Лайн“ распаўсюджвае паштоўкі з імёнамі праваабаронцаў. Футболкі таксама абсалютна матэрыяльныя — іх можна насіць і гэткім чынам выказваць салідарнасьць з тымі праваабаронцамі, якія знаходзяцца за кратамі альбо церпяць рэпрэсіі ў розных іншых формах».





Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG