Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў даў вялікае інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Захад».

Пасол выказаўся за аднаўленьне перамоваў па ўвядзеньні Беларусьсю і Расеяй адзінай валюты і па канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы, заявіў, што Расея не атрымлівала ад Беларусі ніякіх «чорных сьпісаў» апазыцыянэраў, якім забаронены выезд за межы Беларусі, і выказаў меркаваньне, што без прыватызацыі Беларусь страціць і расейскі рынак.

Адзіная валюта

Трэба вяртацца да пытаньня ўвядзеньня адзінай валюты Другога крызісу беларуская сыстэма не перажыве, і могуць паўстаць складанасьці ўнутрыпалітычнага характару. Калі перадумовы крызісу пачнуць зьяўляцца, трэба фарсіраваць гэтую тэму.

Цяпер пачаўся сэзон адпачынкаў, дзіцячых вакацый — звычайны сэзонны попыт на валюту Акрамя таго, курс беларускай валюты вагаецца і з-за перападаў курсу расейскага рубля. Беларускі рубель зьвязаны з кошыкам валют, аслабленьне расейскага рубля вядзе да ўзмацненьня даляра. Але магчымасьць яшчэ аднаго структурнага крызісу ўсё яшчэ не выключаецца.

Канстытуцыйны акт

Да працы над канстытуцыйным актам трэба вяртацца. Трэба даваць прававую аснову саюзнай дзяржаве, перадаваць частку сувэрэнітэту наддзяржаўным органам. У свой час у нас не атрымалася такое разьвіцьцё двухбаковых адносінаў, але цяпер можна паглядзець на гэта з іншага пункту гледжаньня. Мы ж змаглі ў мытным саюзе трох краін перадаць паўнамоцтвы ў эканамічнай плоскасьці. Трэба выкарыстаць гэты вопыт у двухбаковым фармаце.

Расея і беларускія невыязныя апазыцыянэры

Расія не атрымлівала ад Беларусі ніякіх «чорных сьпісаў» апазыцыянэраў, якім забаронены выезд за межы Беларусі.

Я не выключаю, што такія размовы маглі ўзьнікаць паміж адпаведнымі ведамствамі, але ніякіх афіцыйных дакумэнтаў не было. Дый рэалізаваць гэта практычна складана. Калі чалавек мае сапраўдны пашпарт і візу іншай дзяржавы, мы ня можам абмяжоўваць яго рух.

Калі ёсьць забарона на выезд, у нас таксама такое бывае, ён заўсёды загадзя вядомы. І рашэньне аб абмежаваньні ў выезьдзе можа прымаць толькі закон. Сьпісы невыязных ёсьць ва ўсіх, але фармаваць іх трэба, мякка кажучы, бяз глупстваў.

(апошняе сп-р Сурыкаў сказаў, камэнтуючы забарону ў выезьдзе з краіны на падставе «ўхіленьня ад прызыву ў войска» адвакату Андрэя Саньнікава Марыне Кавалеўскай)

Пра падыходы да апазыцыі ў Беларусі і ў Расеі

Што тычыцца міласэрнасьці ўлады. Улада павінна быць спагадлівая толькі ў пытаньнях «пасадкі», а парадак яна павінна падтрымліваць, інакш надыходзіць анархія.

У нас нікога не пасадзілі (пасьля акцыі на Балотнай. — Інтэрфакс), у вас пасадзілі (пасьля акцыі 19 сьнежня 2010 года. — Інтэрфакс).

На першы погляд некаторыя паралелі правесьці можна. Незадаволенасьць выбарамі — далей пачынаюцца разыходжаньнямі.

На Балотнай была не палітычная акцыя, а выхад незадаволеных людзей, мабілізаваных праз сацыяльныя сеткі. У вас была палітычная акцыя, мабілізаваная палітыкамі, хай і з выкарыстаньнем сацыяльных сетак. У нас — мірная акцыя. У вас — з адценьнем сілы. Спроба пранікнуць у Дом ураду была. Больш адрозьненьняў, чым падабенства

«Беларусь мажа страціць нават расейскі рынак. І застануцца толькі братэрскія адносіны»

Беларусь рызыкуе страціць расейскі рынак, у тым ліку і рынак грузавых аўтамабіляў, калі будзе па-ранейшаму стрымліваць прыход у краіну інвэстараў.

Усё роўна, хто купіць беларускія прадпрыемствы — расейцы, амэрыканцы. Трэба рашацца на прыватызацыю. Беларусь, у адваротным выпадку, можа сур’ёзна адстаць і стаць зусім неканкурэнтназдольнай, страціць нават расейскі рынак. І застануцца толькі братэрскія адносіны.

Я практычна ня бачу інвэстараў у Беларусі. Навошта гэта трэба — укладваць грошы ў дзяржаўную ўласнасьць. Інвэстар хоча выкупіць прадпрыемства, заплаціўшы дзяржаве яго кошт, а потым укладаць свае грошы для павелічэньня эфэктыўнасьці працы прадпрыемства, з мэтай атрыманьня прыбытку. Толькі пасьля гэтага паляпшаецца праца прадпрыемстваў, павялічваецца паступленьне падаткаў, зьяўляюцца новыя працоўныя месцы і гэтак далей. Іншых шляхоў разьвіцьця пакуль ніхто не прапанаваў, а ў дзяржавы — абмежаваныя магчымасьці.

Прыватызацыя «МАЗу»

Ня вельмі зразумелыя асьцярогі беларускага боку ў пытаньні продажу «МАЗу». У мяне ж ёсьць асьцярога, што і" МАЗ «, і» КАМАЗ «будуць выжытыя з усіх рынкаў кітайскімі кампаніямі Але сёньня з «КАМАЗам» сытуацыя абнадзейвае. У актывах «КАМАЗу» зьявіўся новы ўласьнік — «Даймлер-Бэнц», які валодае самымі высокімі тэхналёгіямі. Калі беларускі бок сыдзе са сваім «МАЗам» у бок, у яго зьявяцца праблемы яшчэ хутчэй, чым зь іншымі канкурэнтамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG