Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ў гасьцях у Сьвятланы Дзядовай — беларускамоўнага сямейнага псыхоляга. Сьвятлана і яе муж Уладзімер выхоўваюць двух сыноў-падлеткаў. Стасю 14 гадоў, а старэйшаму Франку — 16. Гэта ён так сьмела кажа, што зь імі мама паводзіць сябе зусім не як псыхоляг.

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым.

Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася.

Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень.

А будучыня ёсьць цяпер.

Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці.

Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.
Сьвятлана і Ўладзімер гэта пацьвярджаюць:

Сьвятлана: «Мне здаецца, што псыхоляг у сям’і — гэта не псыхоляг. Магчыма, камусьці мае веды адчуюцца, камусьці не. Камусьці захочацца, каб раз ужо я псыхоляг, дык паводзіла сябе зусім ужо ідэальна. Але гэта немагчыма. Адна з маіх выкладчыц псыхалёгіі сказала так: «Псыхоляг робіць усе тыя самыя памылкі і мае тыя ж праблемы, што і іншыя людзі. Але ён ведае, што ён робіць, чаму ён робіць і што за гэта будзе».

Уладзімер: «Тым ня менш ён застаецца жывым чалавекам. Сьвятлана вельмі стараецца быць маці і жонкай, а не псыхолягам. І гэта адчувальна. Я ў свой час думаў пра гэта, калі мы яшчэ сустракаўшыся і не пажаніўшыся, яна ўжо была ўся ў псыхалёгіі. Я падумаў, што калі яна са мною сустракаецца і згадзілася пайсьці замуж, то, значыць, бачыць мае недахопы».

А вось Стась якраз цэніць маміну прафэсію: «Я адчуваю, што маці — псыхоляг. Як я заўважаю, большасьць сем’яў у Менску дзеліцца на дзьве часткі. Адна — дзе бацькі вельмі клапоцяцца пра дзяцей і шмат у чым іх абмяжоўваюць. А другая частка — дзе бацькам амаль усё роўна на дзяцей, але дзеці, з другога боку, больш вольныя. Я лічу, што ў нашай сям’і бацькі нас разумеюць і ўсё стараюцца для нас зрабіць, але ў той жа час і стараюцца як мага менш нас абмежаваць. Яны разумеюць, у чым нашыя патрэбы і як нам дапамагчы».

Могуць вырастаць вельмі інфантыльныя дзеці, якія хочуць, каб бацькі ім пабудавалі кватэры, уладкавалі вучыцца, працаваць

Сьвятлана скончыла матэматычны факультэт, але яшчэ падчас навучаньня захапілася псыхалёгіяй і атрымала адпаведны дыплём. Пасьля доўга працавала ў дзіцячым садку, увесь час удасканальваючы сваю адукацыю і практыкуючы. Зусім нядаўна вырашыла пачаць сваю справу: атрымала ліцэнзію, адкрыла кабінэт і працуе зь дзецьмі і бацькамі.

Сьвятлана: «Я працую зараз і з дарослымі, і зь дзецьмі. У садку, я, вядома, працавала зь дзецьмі. Але ў той жа час займалася і з выхавацелямі, і з бацькамі. Бо адразу разумееш, што тое, што адбываецца зь дзецьмі, — гэта не дзіцячая праблема, а сямейная».

Сьвятлана кажа, што многія сем’і прыходзяць да яе з падобнымі сытуацыямі і праблемамі: «Самыя тыповыя — гэта калі хтосьці грае не свае ролі. Даволі часта бываюць такія сытуацыі, калі, напрыклад, муж рэдка бывае дома, а тады сын грае ролю мужа. Маці можа сказаць: „Вось калі муж ад’яжджае, мы з маім сыночкам пяцігадовым сьпім разам“. Пытаньне адразу паўстае: „А чаму?“ Зразумела, што калі дзіця маленькае, год-два, то гэта можа быць натуральна. Але не ў такім жа ўзросьце?»

Цікава, што ані дарослыя, ані, вядома, дзеці, не ўсьведамляюць, што такія будзённыя паводзіны могуць паўплываць на ўсё жыцьцё:

Сьвятлана: «Дзіцяці, якое паднялі на ўзровень дарослага, цяжка. Яно малое, недасьведчанае. А маці дзеліцца сваімі дарослымі праблемамі, якімі з малымі немагчыма дзяліцца. На дзіця падае цяжкі груз. Вынікам можа быць, напрыклад, трывожнасьць. Магчыма, вы чулі пра Эдыпаў комплекс: гэта калі ідзе змаганьне паміж бацькам і сынам, дзе сын імкнецца заняць месца бацькі каля маці. І калі ў гэтай барацьбе выйграе не бацька, а сын, то ён грае іншую ролю: не сына, а мужа. Тады якая роля застаецца бацьку?»



Іншая важная праблема, на якую Сьвятлана зьвяртае ўвагу, — недавер да дзіцяці і гіпэрапека, на якую літаральна «хварэюць» сучасныя бацькі: «Хай ён лепей пасядзіць дома, а не на вуліцы, затое я буду бачыць. Хай ён лепей у кампутары будзе з ранку да вечара, але зь сябрамі страшна адпусьціць». Гэтая праблема вельмі моцная ў Маскве. У нас трошкі лепей з гэтым, але ўсё роўна шмат ёсьць дзяцей, якія сядзяць дома. І гэта адбіваецца на стане грамадзтва. Чаму? Таму што могуць вырастаць вельмі інфантыльныя дзеці, якія хочуць, каб бацькі ім пабудавалі кватэры, уладкавалі вучыцца, працаваць».

Сьвятлана думае, што такія людзі пасьля будуць мець праблемы з тым, каб стварыць сваю сям’ю:

«Даросламу цяжка адпусьціць дзіця ад сябе, бо ён грае важную ролю мужа ці жонкі. Нельга сказаць, што гэта цяперашняя праблема. Памятаеце, вось „Іронія лёсу“, дзе Жэня Лукашын жыў з мамай і ў нечым адыгрываў для яе ролю „мужа“. Вядома, ён гэтага ня ведаў, не разумеў. І яна гэтага не разумела. Бо калі б было хаця б разуменьне, хто каму хто, то ўжо можна было б рухацца далей».

Я заўважыла, што беларускамоўныя бацькі вельмі клапоцяцца пра інтэлектуальнае разьвіцьцё. Яны самі звычайна людзі інтэлігентныя, з добрай адукацыяй. Нельга сказаць, што гэта псыхалягічныя асаблівасьці, болей сацыяльныя

Самі Дзядовы жывуць у інтэрнаце Акадэміі навук. У іх двухпакаёвы блёк з выгодамі на доўгім інтэрнацкім калідоры з агульнай кухняй. Сьвятлана распавядае, што пакуль дзеці былі малыя, жыльлёвыя ўмовы ня надта турбавалі. Але цяпер сыны ўжо амаль зусім дарослыя — кожнаму хочацца свайго кута. Франак нават кажа, што любіць тыя моманты, калі ён прыходзіць дахаты, а нікога няма дома. Безумоўна, у іх ёсьць сытуацыі, калі маміна прафэсія дапамагае ў будзённым жыцьці:

Сьвятлана: «Успомнілася болей пра Франка, бо, я ж кажу, старэйшым дзецям заўсёды болей дастаецца. Дык вось калі ён ішоў у школу, то першы кляс у іх быў у садку. А Франак быў такое дзіця, якое ня спала днём, і ня ўсё ён еў. Я ведала, што для выхавацелькі гэта ўсё вельмі важна, бо ў яе ўсе спалі і ўсе елі. Таму прыходзілася зь ёю часта па-чалавечы гутарыць, распавядаць, якое ў мяне асаблівае дзіця. У выніку ён, здаецца, быў для яе калі ня самы любімы, то яна прынамсі з павагай да яго ставілася. Давялося ўмяшацца, бо ён яшчэ ня мог за сябе пастаяць. А калі б празь сілу яго прымушалі, то магло стаўленьне да самой школы памяняцца».

Радыё Свабода: «А ня лепш пераканаць выхавацелек, настаўніц і само Міністэрства адукацыі ў тым, што ня трэба прымушаць дзяцей есьці і спаць?»

Сьвятлана: «Насамрэч, гэта было б найлепшым разьвязаньнем. Калі я як мама іду, то ніхто ня будзе глядзець, што я спэцыяліст. Па-другое, любога чалавека можна пераканаць у нечым, калі ён сам гэтага хоча. А калі ён упэўнены, што гэта правільна, то нішто гэтага ня зьменіць. Можна ад пачуцьця страху нешта не рабіць: прымусіць — і чалавек будзе баяцца. І зь дзецьмі гэта спрацавала б. А так: «Я сваё дзіцё карміла, яно вырасла добрае». «Мяне кармілі, і я буду карміць!» «Усім трэба спаць — гэта напісана ў кніжцы».

Але сапраўды ёсьць і больш грунтоўныя прычыны таго, чаму ў нашых садках і школах дзяцей літаральна прымушаюць есьці і спаць.

Сьвятлана: «У дзіцячым садку — я ж працавала, ведаю — дзяцей у групе 30–35. А выхавацеляў два — выхавацелька і памочніца. І калі шмат ня сьпяць, то складана ўжо з дысцыплінай. Як у Англіі садкі, то на пяць дзяцей адзін дарослы. І можна арганізаваць для тых, хто ня сьпіць, нейкія гульні ці кніжку пачытаць. Наконт ежы тут ужо пытаньне больш свавольнае, бо выхавацелі баяцца, што мама скажа. Бо яшчэ ж мама прыйдзе і спытае: «А ці еў ён у вас?!»

Сьвятлана рада, што Франак ужо амаль вызначыўся з прафэсіяй — будзе фізыкам. Паступаць хоча ў Беларусі і працаваць таксама. Нават з рамантычным патасам кажа: «Я тут нарадзіўся і тут хачу памерці». Стась яшчэ мае розныя захапленьні, але абодва хлопцы ў такім унікальным узросьце, калі ў іх ужо можна пытацца парадаў, як выхоўваць дзяцей.

Стась: «Я лічу, што найвялікшая патрэба — гэта воля. Але воля не ўва ўсім, а ў тым, у чым можна».

Радыё Свабода: «А як зразумець, што можна?»

Нам было важна, каб нашы дзеці чулі беларускую мову ня толькі ад нас

Стась: «Да прыкладу, узяць тое правіла, што нельга знаходзіцца людзям, маладзейшым за 18, на вуліцы пасьля 22.00. Я лічу, што гэта вельмі правільна. Але навошта забараняць дзецям знаходзіцца там да 22.00? Я ведаю адну сям’ю ў нашым інтэрнаце. Там толькі маці і сын, і яна яго пускае на вуліцу на 2–3 гадзіны. А болей проста баіцца. Не пускае да тых сяброў, якіх яна сама ня ведае, і ўсё такое».

Франак: «Трэба забараняць пальцы ў разэтку соваць. А наконт таго, куды дзецям выходзіць і каго куды адпускаць, то гэта больш асабістая справа бацькоў, можна рабіць па-рознаму. Калі дзіця вельмі эмацыйнае, сумнае, у якога ўвесь час дэпрэсія, то яго трэба абмяжоўваць так, каб ён не адчуваў, што над ім ёсьць вока. Але каб заўсёды ведаць дакладна, дзе ён, што зь ім, і ў любы момант гэта праверыць.

Радыё Свабода: «І што, сапраўды бываюць дэпрэсіўныя дзеці?»

Франак: «Шмат, дастаткова шмат. Нават цяжка бывае зьнешне сказаць па чалавеку, што ён адчувае. У першую чаргу да такога чалавека патрэбная павага з боку бацькоў. Яшчэ калі бацькі заўважылі такую праблему, то найгорай у дадзеным выпадку было б, каб бацькі пачалі прыставаць да дзіцяці. Маўляў, вось мне здаецца, што ў цябе і такая праблема, і такая праблема, і гэтак далей. Гэта вельмі будзе раздражняць».

Радыё Свабода: «А як трэба?»

Франак: «Тут ужо бацькі, можна сказаць, „завалілі“, калі да такога дайшло. Трэба весьці да псыхоляга. Псыхоляг, ён дапамагае знаходзіць радасьць менавіта ў малых рэчах».

Сьвятлана кажа, што апроч уласна сябе, ведае яшчэ толькі аднаго беларускамоўнага псыхоляга, які выкладаў псыхалёгію яшчэ ў яе ўнівэрсытэце. Між тым у такой прыватнай справе, як псыхалёгія, катэгарычна важна, каб камунікацыя адбывалася на роднай мове.

Сьвятлана: «У садку я працавала расейскамоўным, і там, вядома, усё было па-расейску. А пасьля я ўжо стала працаваць у сямейным цэнтры Гусакоўскай-Старавойтавай, і там мне пачалі сустракацца беларускамоўныя сем’і. Цяжарныя мамы беларускамоўныя аж дзьве сустрэліся. На заняткі прыйшла сям’я беларускамоўная. І гэта дало мне знак, што гэта трэба рабіць яшчэ і для беларускамоўных дзетак і для беларускамоўных бацькоў. Калі б да мяне ў любы момант прыйшлі і сталі гутарыць па-беларуску, вядома ж, і я гэта рабіла б па-беларуску».

Самае цікавае, вядома, — што адбываецца зь беларускамоўнымі сем’ямі, ці зьвяртаюцца яны да псыхолягаў і ці маюць якія адмысловыя праблемы.

Сьвятлана: «Я заўважыла, што беларускамоўныя бацькі вельмі клапоцяцца пра інтэлектуальнае разьвіцьцё. Яны самі звычайна людзі інтэлігентныя, з добрай адукацыяй. Нельга сказаць, што гэта псыхалягічныя асаблівасьці, болей сацыяльныя. Яны больш хвалююцца пра будучыню дзяцей, прынамсі тыя бацькі, зь якімі я пасьпяваю бачыцца. Можа, шукаюць больш свайго асяродзьдзя».

Гэта ўласьціва і самім Дзядовым. Уладзімер кажа, што калі іхныя дзеці былі малыя, то яны таксама шукалі ім беларускамоўнай кампаніі: «Нам было важна, каб нашы дзеці чулі беларускую мову ня толькі ад нас».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG