Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстыцыйны кантракт з кампаніяй «Ітэра» па забудове дзелавога цэнтру «Менск-Сіці» будзе скасаваны. Менгарвыканкам ужо шукае новых інвэстараў, аднак да гэтага часу назвы магчымых наступнікаў «Ітэры» не агучваліся.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Сяргей Радаман падзяліўся інфармацыяй на гэты конт. Пра гэта паведамляе партал TUT. BY.

Па словах Сяргея Радамана, ужо падрыхтаваны праект указу аб спыненьні дзеяньня папярэдняга рашэньня ўказу прэзыдэнта, якім вызначаліся ўмовы забудовы, а таксама льготы і прэфэрэнцыі для інвэстара — кампаніі «Ітэра». Цяпер Менгарвыканкам і «Ітэра» знайшлі кампраміснае рашэньне, якое задавальняе абодва бакі. Расейскай кампаніі дазволяць бяз стратаў выйсьці з гэтага праекту. «Інвэстар завершыць будаўніцтва чатырох дамоў на гэтай тэрыторыі, будзе ўведзены ў ліпені рэканструяваны адміністрацыйны будынак, акрамя таго, у гэтым квартале інвэстар пабудуе 3 жылыя дамы, рэалізацыя кватэр у якіх дазволіць акупіць прыцягнутыя крэдытныя рэсурсы», — сказаў Сяргей Радаман.

У сваю чаргу, Менгарвыканкам цяпер актыўна шукае новых інвэстараў па абодвух праектах, якія не «пацягнула» «Ітэра»: па забудове «Менск-Сіці» і па пераносе авіярамонтнага заводу. «Мы падрыхтавалі ўсе прэзэнтацыйныя матэрыялы па забудове і накіравалі ўсім патэнцыйным інвэстарам. Сёньня мы прадметна працуем з кампаніяй „Інтэка“ сумесна з „Бінбанкам“. Ад іх выяжджала рабочая група, яны вывучылі матэрыялы. Думаю, да канца гэтага тыдня сустрэнемся зь імі для больш прадметнай размовы », - паведаміў сп. Радаман.

«Інтэка» — гэта буйная расейская кампанія, якая вядзе бізнэс у сфэры будаўніцтва і нафтахіміі. Яна атрымала вядомасьць дзякуючы таму, што да верасьня 2011 году яе ўладальнікам зьяўлялася Алена Батурына, жонка былога мэра Масквы Юрыя Лужкова. Сёньня асноўны ўладальнік кампаніі «Інтэка» — прадпрымальнік Міка Шышханаў (ён таксама асноўны ўладальнік «Бінбанку»). Іншым акцыянэрам зьяўляецца Ашчадбанк РФ.

Міка Шышханаў — пляменьнік вядомага расейскага алігарха Міхаіла Гуцарыева, сям’я якога апошнім часам актывізавала сваю дзейнасьць у Беларусі. Гуцарыеў праз кампанію «Руснефть» мае інтарэсы ў беларускай нафтаперапрацоўцы. Восеньню 2011 году яго кампанія GCM Global падпісала інвэстыцыйнае пагадненьне аб будаўніцтве ў Беларусі новага калійнага камбінату коштам 1,7 млрд. даляраў. Пазьней у пачатку праспэкту Дзяржынскага ў Менску пачалося будаўніцтва чатырохзоркавага гатэлю. Мяркуецца, што апэратарам гатэлю будзе вядомая сетка «Марыёт».

«Ітэра» — не адзіная расейская кампанія, бізнэс якой у Беларусі не зусім атрымаўся ці зусім не атрымаўся. Электроннае выданьне «Заўтра тваёй краіны» днямі апублікавала сьпіс 10 самых гучных правалаў спробаў расейскіх кампаній весьці бізнэс у Беларусі, сярод якіх — і «Менск-Сіці».
XS
SM
MD
LG