Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў зноў загаварыў пра адзіную валюту і канстытуцыйны акт


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаўся за аднаўленьне перамоў па ўвядзеньні Беларусьсю і Расеяй адзінай валюты і па Канстытуцыйным акце Саюзнай дзяржавы.

«Трэба вяртацца і да пытаньня ўвядзеньня адзінай валюты. Другога крызісу беларуская сыстэма не перажыве. І могуць паўстаць складанасьці ўнутрыпалітычнага характару», — заявіў амбасадар у інтэрвію Інтэрфаксу. Ён не выключае магчымасьці яшчэ аднаго структурнага крызісу.

Дыплямат таксама адзначыў, што «да працы над Канстытуцыйным актам трэба вяртацца».

«Трэба даваць прававую аснову саюзнай дзяржаве, перадаваць частку сувэрэнітэту наддзяржаўным органам. У свой час у нас не атрымалася такое разьвіцьцё двухбаковых адносін, але цяпер можна паглядзець на гэта зь іншага вугла. Мы ж змаглі ў Мытным зьвязе трох краін перадаць паўнамоцтвы ў эканамічнай плоскасьці. Трэба выкарыстоўваць гэты вопыт у двухбаковым фармаце», — лічыць Аляксандар Сурыкаў.

Янукевіч: Канстытуцыйны акт — гэта наўпрост істотны фактар страты сувэрэнітэту

Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, заява пасла Сурыкава — гэта пацьверджаньне таго, што адзін з асноўных прыярытэтаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна — рэалізацыя новых імпэрскіх амбіцыяў:

«Беларусь тут яўна зьяўляецца іх першай мэтай. Яны абсалютна сур’ёзна пра гэта думаюць. Яны абсалютна сур’ёзна гэтага хочуць. Яны маюць і амбіцыі палітычнага прыцягненьня, аж да ўключэньня Беларусі ізноў у склад нейкай прасторы, якая палітычна кіруецца з Крамля. І для нас гэта надзвычай небясьпечна. Усе грамадзкія сілы павінны быць сёньня змабілізаваныя дзеля таго, каб не дапусьціць гэтага. Бо нават толькі адно ўвядзеньне расейскага рубля, ня кажучы ўжо пра Канстытуцыйны акт, — гэта ня нешта ўяўнае, ня нейкая пагроза ў будучыні, а гэта наўпрост істотны фактар страты сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай дзяржавы».


Гігін: Ня трэба ўзбуджаць гэтыя завышаныя чаканьні ад саюзнай дзяржавы


Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін адзначыў, што гэта асабістая справа пасла Расеі, чаму ён зрабіў такія заявы: «Калі глядзець аб’ектыўна, то ў разьвіцьці саюзнай дзяржавы інстытуцыянальна нічога новага не адбудзецца. Мы дасягнулі вельмі вялікай ступені інтэграцыі. І зараз галоўная задача — падцягваць да гэтага ўзроўню новыя інтэграцыйныя праекты, якія адбыліся.

Калі казаць пра ўвядзеньне адзінай валюты, то на гэтым этапе паміж Расеяй і Беларусьсю гэта немэтазгодна нават з эканамічнага пункту гледжаньня. Гэтае пытаньне можна разглядаць толькі ў межах адзінай эканамічнай прасторы і эўразійскага эканамічнага зьвязу, які нараджаецца. Без Казахстану разглядаць гэтае пытаньне цалкам немэтазгодна.

Што да Канстытуцыйнага акту, тое, што ў свой час у насельніцтва былі ўзбуджаныя завышаныя чаканьні, што мы вось-вось увядзем Канстытуцыйны акт, і гэтага не адбылося, — гэта ня вельмі добра паўплывала на стаўленьне да саюзнай дзяржавы ў грамадзян. Таму ня трэба ўзбуджаць гэтыя завышаныя чаканьні ад саюзнай дзяржавы. Усе гэтыя інстытуцыянальныя навэлы, навацыі могуць адбывацца толькі ў межах адзінай эканамічнай прасторы і эўразійскага эканамічнага зьвязу».
XS
SM
MD
LG