Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая катастрофа вайсковага самалёта «СУ-25», якая здарылася 12-га чэрвеня на Гарадзеншчыне, стала падставай для абмеркаваньня стану той тэхнікі, на якой служаць беларускія вайскоўцы, той матэрыяльнай базы, якую яны выкарыстоўваюць.

А гэта галоўным чынам старыя савецкія машыны, абсталяваньне і збудаваньні, якія засталіся Беларусі ў спадчыну ад Савецкага Саюза. У краіне дагэтуль нямала занядбаных савецкіх базаў.


Зямлю — фэрмэру, будынкі — турме

Дзясяткі вайсковых гарадкоў былі пакінутыя ў Гарадзенскай вобласьці. Падпалкоўнік у адстаўцы Станіслаў Суднік жыве ў Лідзе, а апошнія гады службы правёў у Росі і Мастах. Звольніўся ў 1994 годзе.

Ён успамінае: «Калі гаварыць пра гэтую спадчыну савецкую, пра вайсковыя гарадкі, то на той момант, у сярэдзіне 1990-х гадоў, калі Ўзброеныя сілы пакідалі гэтыя гарадкі, мы на гэта глядзелі больш з пазыцый эмоцый. Глядзелі як на злачынства. Таму што, напрыклад, у тых жа Мастах я, будучы камандзірам дывізіёну, перадаў калгасу мясцоваму пад ключ усе збудаваньні, не дазволіўшы ніводнаму прапаршчыку скрасьці ніводнага ліста фанэры. Калгас не знайшоў вартаўніка на першую ноч, і казарму абдзерлі».

Станіслаў Суднік сёньня так ацэньвае лёс пакінутых вайсковых гарадкоў: «Калі глядзець цяпер, з дваццацігадовай далечыні на гэта ўсё, трэба проста зразумець, што тады дзяржава не была гатовая маральна прыняць усю гэтую спадчыну, аддаць яе бясплатна прадпрымальнікам. Не было такіх законаў. Прадаць камусьці? Дык было поўнае безграшоўе, не было каму купіць. Дзе можна было, там камусьці навязвалі. А так іх пакідалі, і многа гарадкоў было разрабавана, у Росі той жа, дзе казарму разабралі па цаглінцы».

Але калі разабрацца, то кошт разрабаваных гарадкоў не такі ўжо вялікі, кажа Станіслаў Суднік: часта ў дывізіёнах будавалі без усякага праекту, і будынкі не прайшлі б інвэнтарызацыі. Некаторыя гарадкі сёньня выкарыстоўваюцца, зазначае ён: у Лідзе гарадок ракетчыкаў аддалі памежнікам, у Гезгалах створана калёнія, а ў Мінойтах прадпрымальнік узяўся вырошчваць грыбы.


У Мастоўскім раёне быў запасны палявы аэрадром, частку яго перадалі фэрмэрскай гаспадарцы Генрыха Мысьліўца.

Фэрмэр: «На аэрадроме базу разбурылі ўсю, зямля была пад Міністэрствам абароны. Дзьвесьце пяцьдзясят ці трыста пяцьдзясят гектараў, потым перадалі яе ў народную гаспадарку. І частку гэтай зямлі перадалі фэрмэрскай гаспадарцы, таксама на падставе арэнды, і сто гектараў пажыцьцёва ў валоданьне. Толькі зямля, ніякіх там будынкаў, нічога. Мы ўсё гэта зааралі, паціхеньку рэкультывацыю робім, прыбралі, нават цяпер прыбіраем друз, там па дыяганалі ўзьлётная паласа. Пакрысе, з кожным годам паляпшаем зямлю».

Што да будынкаў пры былым палявым аэрадроме, там цяпер разьмясьцілі спэцкамэндатуру, кажа Генрых Мысьлівец.

Былыя вайсковыя шахты пазавальвалі


Берасьцейскі рэгіён найбольш «адзначыўся» катастрофамі ваеннай лётнай тэхнікі. Два гады таму была расфармаваная Бярозаўская лётная вайсковая база. Самалёты адтуль пераляцелі ў Баранавічы, а ў Бярозе зараз — цэнтар падрыхтоўкі бесьпілётнікаў. Многім іншым савецкім вайсковым базам знаходзяць іншае прымяненьне.

Цягам апошніх некалькіх гадоў на Берасьцейшчыне здарыліся тры авіякатастрофы з удзелам вайсковай тэхнікі. Баранавіцкія лётчыкі разьбіліся на авіяшоў у польскім Радаме.

Два гады таму ў Бярозе расфармавалі зьнішчальны лётны полк. Самалёты зь Бярозы пераляцелі ў Баранавічы. На тэрыторыі былой базы — цяпер «Цэнтар падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў».

Як распавёў жыхар Бярозаўшчыны Анатоль Сахаруша, у народзе ходзяць чуткі, што там стаяць і «глушылкі»: «Я не выключаю таго, што яны глушаць і „Свабоду“ нашу, і другія такія радыёстанцыі. Так і кажуць людзі, якія больш дасьведчаныя. Тут ужо нейкія бесьпілётныя самалёты зьявіліся...»

Спадар Сахаруша распавёў, што раней рэгіён Бярозаўшчыны-Пружаншчыны быў нашмат больш насычаны войскамі. Але з распадам Савецкага Саюзу зачыніліся і шмат якія базы.

Анатоль Сахаруша кажа, што вайсковая база была і на месцы цяперашняй спэцкамэндатуры ў Купліне, дзе адбывае пакараньне «на хіміі» палітвязень Павал Севярынец:

«Там была вайсковая частка, зьвязаная з войскамі супрацьпаветранай абароны. Там былі шахты, і іх пазавальвалі. Там і вялікія такія бункеры, іх там прыстасавалі — вось „Бардо“, фэрмэрская гаспадарка — дзесьці нейкія склады ў іх ёсьць».


«Былыя вайсковыя базы — вялікая нагрузка на эканоміку»


Вайсковы маёр запасу, намесьнік кіраўніка Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Лявонцій Чыпурных распавёў «Свабодзе», што лічыць пазытыўным закрыцьцё мноства савецкіх вайсковых баз:

«Рашэньне аб іх закрыцьці было прынятае чыста эканамічна. Бо ў сучаснай вайне шмат базаў... яны патрэбныя, аднак шмат іх ня трэба. Гэта вялікая нагрузка на эканоміку».

Былы вайсковец, палкоўнік Уладзімер Бароўка, вайсковы лётчык 1-й клясы, шмат гадоў адслужыў на авіяцыйнай базе пад Паставамі. І ён нярэдка выконваў такія ж навучальныя палёты, як і ягоны калега, што загінуў учора пад наваградзкай вёскай Навіны.

Аэрадром разабралі, пліты зьнялі, праўда, на карысьць яны пайшлі — зь іх ходнікі ў горадзе паклалі

Вось што ўдакладніў сёньня для «Свабоды» Ўладзімер Бароўка: «Я быў камандзірам палка „СУ-24“, а па суседзтве былі „СУ-25“. Тут кілямэтар ад Паставаў. Я лётаў на любых вышынях: і на малых, і 50 мэтраў, і 25, і 30... І гэта зусім ня проста! Лятаў над сваім домам. Бачу: маці мая палавік трасе, а я над ёй пражужжаў...»

Аэрадром для рэактыўнай авіяцыі зьявіўся пад Паставамі ў 1950-я гады, тут была база для бамбардзіровачнага й штурмавога авіяпалкоў. Трагічныя здарэньні, калі лётчыкі разьбіваліся падчас навучальных палётаў, былі частай зьявай, згадвае спадар Бароўка.

Нагадвае суразмоўца й пра катастрофы ваенных самалётаў: «О-о-о-о, ды колькі заўгодна! Савецкі Саюз — гэта ж была адна вялікая краіна, і па ўсім СССР часта лётчыкі разьбіваліся! Я ж у савецкі час лётаў...»

Аднак пасьля распаду СССР у Беларусі стала радзей чуваць пра падобныя трагічныя здарэньні. У першую чаргу таму, што ў Беларусі проста паменела авіяцыйных ды іншых вайсковых фармаваньняў, лічыць спадар Бароўка.

Ён сышоў на пэнсію, калі абедзьве вайсковыя базы пад Паставамі расфармавалі. Адбылося гэта ў сярэдзіне 1990-х: тады адышлі ў мінулае і сакрэтная ракетная дывізія, і авіяпалкі. Але жыхары Паставаў дагэтуль называюць былыя вайсковыя базы па-ранейшаму — 5-ты і 6-ты гарадок, апавёў спадар Бароўка:

«5-ты гарадок — гэта ракетчыкі былі. Ну, там цяпер проста людзі жывуць, працуюць, усё стала цывільнае. А наш 6-ты — гэта лётчыкі былі. У Расею перабазіравалі мой полк, у Ейск. Нехта пераехаў служыць, нехта на пэнсію пайшоў. Аэрадром разабралі, пліты зьнялі, праўда, на карысьць яны пайшлі — зь іх ходнікі ў горадзе паклалі... Дзе казармы і дзе штаб мой быў — там цяпер таксама ўсё выкарыстоўваецца — мэблевы цэнтар там, дзьверы вырабляюць і гэтак далей».

Прадпрыемства «Пастаўскі мэблевы цэнтар» заснавалі, дарэчы, таксама былыя вайскоўцы, прыстасаваўшы былыя службовыя памяшканьні пад вытворчасьць. Аднак засталіся і закінутыя будынкі, пра лёс якіх Уладзімер Бароўка гаворыць з горыччу.

Некалькі вайсковых будынкаў аддалі пад школы. Астатняе разбурылі


У райцэнтры Быхаў дысьлякавалася авіяцыйная дывізія Балтыйскага флёту. Пасьля распаду Саюзу і вываду авіяцыйнай часткі яе тэрыторыя пачала занепадаць. Будынкі ў вайсковым гарадку прыстасавалі пад патрэбы райцэнтраўскай гаспадаркі. Не абышлося й без рабунку маёмасьці.

Мясцовая ўлада пра нас ня думала. Магла б і перасяліць куды-небудзь, але ніхто тады ня думаў. Цяпер і маршруткі многія адмяняюць

Пра гэта кажа былы ваенны авіятар Мікалай: «Ангары некаторыя там пустуюць. Асобныя — разабраныя. Некалькі разьбітых самалётаў было. Нейкая фірма прыватная іх парасьпілоўвала. Там дужа шмат было дарагога мэталу. Куды гэта ўсё пайшло — схавана ў змроку. Кабелі — вялізная колькасьць кілямэтраў. Трубы з цэнтралізаванай запраўкай. Ґазу адтуль гадоў дзесяць яшчэ хлопцы выпампоўвалі. Зразумела, што там рукі нехта грэе й нагрэў».

У пасёлку Барсукі Клімавіцкага раёну таксама дысьлякавалася авіяцыйная частка, аднак значна меншая за Быхаўскую. Некалькі вайсковых будынкаў аддалі пад школу.

Астатняе разбурылі, зазначае былы авіятар Аляксандар: «Гэта было рашэньне выканкаму. Будынкі стаялі на балянсе камунгасу. Усім раёнам тут бурылі. Шмат будынкаў прыбралі. Ніхто не хацеў браць іх. Яны без гаспадара стаялі й пачалі разбурацца. Аэрадром быў дужа добры. Ён і цяпер неблагі. Пасадачная паласа добрая. Толькі па швах трава прабіваецца».

А ці шмат засталося ў пасёлку былых вайскоўцаў той часткі й чаму не пазьяжджалі ў Расею ўсьлед за самалётамі, цікаўлюся ў спадара Аляксандра: «Засталося тут тутэйшых мала, мясцовых. Пра нас ніякага клопату не было. Каму заставалася шмат служыць, пазьяжджалі ў Расею, а каму мала заставалася — не было ім куды дзецца. Мясцовая ўлада пра нас ня думала. Магла б і перасяліць куды-небудзь, але ніхто тады ня думаў. Цяпер і маршруткі многія адмяняюць».



«У вокнах шкло пабітае, падлога ўзарваная...»


Былыя савецкія вайсковыя збудаваньні занепадаюць і ў Бабруйску. За Саветамі тут месьціўся штаб Беларускай ваеннай акругі. На тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці непадалёк ад лядовага палаца разбураюцца казармы. Яны схаваныя ў хмызьняку.

Гаворыць жыхар Бабруйску Максім: «Яны ў жахлівым стане. У вокнах шкло пабітае. Падлога ўзарваная. Што можна было, разрабавалі. Там бадзягі ў асноўным прыстанак знаходзяць. Дах жа там ёсьць нейкі для іх над галавой. Туды ніхто зь міліцыі ня ходзіць. Яны на пустцы такой. Яны нікому не патрэбныя».

У Магілёве непадалёк ад аўтавакзалу былі вайсковыя склады. Па-над імі правялі мост. Зь яго вышыні відаць была вайсковая тэхніка. Яе вывезьлі. Пляцоўка цяпер зарастае бур’яном. Гады тры таму былі заявы, што кітайцы ўзьвядуць на месцы складоў некалькі дамоў. Замест кітайскіх шматпавярховак пакуль туды звозяць узімку сьнег з гарадзкіх вуліц.




Ад вайсковай авіябазы засталася экалягічная бомба


На Гомельшчыне пасьля распаду СССР засталося багата вайсковых гарадкоў і баз — Зябраўка, Закапыцьце, Баршчоўка, Зарэчча, Бабровічы, Мышанка, Людзяневічы. Але асабліва незайздросны лёс напаткаў гарадок Зябраўка, што ў Гомельскім раёне.

Да 1994 году тут разьмяшчалася расейская авіяцыйная вайсковая часьць выведна-бамбардзіровачнай авіяцыі Балтыйскага флёту. Калі вайсковыя летакі пакінулі базу, яна шэсьць гадоў заставалася безгаспадарнай. Людзі патроху разьбіралі гарадок, майстэрні на будаўнічыя матэрыялы, мэталалом, прыстасоўвалі кінутую маёмасьць пад свае патрэбы.

Гаворыць прадстаўніца мясцовага сельсавету: «Потым ужо, у 2000 годзе, урэшце рэшт гэтыя лядашчыя пабудовы сілком перадалі на балянс ЖКГ. Але да таго часу яны сталі непрыдатнымі. У нас нават быў выпадак, калі загінуў хлопчык — сьцяна ўпала і яго прыдушыла. Пасьля гэтага выпадку амаль усё тэрмінова зьнесьлі. Жыльлёва-камунальная гаспадарка за свае сродкі зносіла й прыбірала. Засталіся тры пабудовы — казармы, сталоўка. Ня ведаю, калі ў нас зьявяцца грошы, каб зьнесьці ўсё, што засталося».

Разам з будынкамі сышла ў нябыт і задума стварыць у Зябраўцы лягістычны цэнтар з мытнымі тэрміналамі. Не знайшлося інвэстара, які б пагадзіўся ўкласьці сюды грошы.

Авіябаза ў Зябраўцы пакінула пасьля сябе й своеасаблівую экалягічную бомбу — у падземным гарызонце на глыбіні 9–12 мэтраў знайшлі авіяцыйную ґазу. Колькі яе там, ніхто дакладна ня ведае. Лічбы розныя — дзясяткі, сотні тон. Гэта непадалёк ад Каранёўскага водазабору, які забясьпечвае вадой і абласны цэнтар.

Падземную «ґазавую лінзу» ніхто пакуль не чапае, бо невядома, у які бок яна паплыве — у водазабор, рэкі Сож, Іпуць ці Вуць?

Прадстаўніца сельсавету ўдакладняе : «У нас структура грунту такая, што калі пачнуць адпампоўваць паліва з гэтай „лінзы“, то яна можа прыйсьці ў рух і расьцячэцца па грунтовых водах, і мы ня зможам узяць гэтую ґазу».



Грыб: «Зьнішчыць можна ўсё, а стварыць нешта — вельмі складана»


Усваім камэнтары для «Свабоды» Мечыслаў Грыб заявіў, што лічыць цяперашнюю сытуацыю з былой вайсковай маёмасьцю ў Беларусі вынікам безгаспадарчасьці ўлады.

Грыб: «На тэрыторыі колішняй БССР была разьмешчаная вялікая Беларуская вайсковая акруга, якая налічвала ня менш за 230 тысяч вайскоўцаў, а таксама шмат рознай вайсковай тэхнікі. У прыватнасьці, на тутэйшай тэрыторыі знаходзілася стратэгічная й тактычная ядзерная зброя. Ваенныя гарадкі былі на тэрыторыі амаль кожнага адміністрацыйнага раёну, а ў заходняй частцы кожны раён быў базай для ракетных частак, артылерыйскіх, лётных і г.д.

А калі разваліўся СССР, то ўлада, якая была да абраньня прэзыдэнта, ня мела сіл й магчымасьцяў хоць неяк прыстасаваць гэтыя гарадкі. Людзі тут заставаліся бяз працы, а маёмасьць — без выкарыстаньня, бо яна, як правіла, знаходзілася воддаль ад населеных пунктаў.

Мінуў час, і некаторыя вайсковыя гарадкі знайшлі сабе гаспадароў. Але ў сваёй большасьці яны засталіся пустымі і нікому не патрэбнымі. Гэта, на мой погляд, безгаспадарчасьць. Зразумела, пэўная безгаспадарчасьць улады. Пэўна, можна было прыстасаваць гэтыя вольныя памяшканьні да нечага: пад склады, майстэрні і яшчэ шмат пад што. Але ўладзе не хапіла розуму й грошай. А аддаць талкова ў прыватныя рукі перашкаджала афіцыйная палітыка „вярхоў“. Да прыкладу, улада насьцярожана ставілася да прадпрымальнікаў — ім вызначалі высокія падаткі, патрабавалі ўсялякіх дазволаў, а таксама некалькі дзясяткаў даведак.

Безгаспадарчасьць — гэта адна прычына. А другая — у тым, што зьнішчыць можна ўсё, а стварыць нешта — вельмі складана...»
XS
SM
MD
LG