Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times распавядае пра цікавы швэцкі досьвед — адмысловыя экспэрты штотыдзень абіраюць швэдзкага карыстальніка Twitter’а, які атрымлівае адрас @Sweden і на 7 дзён робіцца своеасаблівым тварам краіны ў гэтай сацыяльнай сетцы.

Эрык Ісбэрг адчуў сорам, калі напісаў у Twitter’ы слова «фінскі» з памылкай. 18-гадовы вучань сярэдняй школы быў @Sweden — так бы мовіць, «спадар Швэцыя», тыдзень да гэтай нядзелі. «Але потым я падумаў: «Я ж павінен прадстаўляць тыповага швэда, а тыповыя швэды часта кепскавата ведаюць ангельскую».

Экспэрымэнт з наданьнем адрасу @Sweden розным карыстальнікам Twitter’у паказала, што тыповага швэда не існуе.

Адзін @Sweden апублікаваў фатаграфіі свайго каляднага паляваньня на ласёў, і зьедліва крытыкаваў міністра замежных справаў Карла Більта, адна дзяўчына, атрымаўшы @Sweden, адразу ж заявіла на ўвесь сьвет, што хоча кахацца. Мусульманскі юрыст, стаўшы «спадаром Швэцыя» абмяркоўваў распаўсюджанасьць імя Мухамад сярод імігрантаў.

Першы @Sweden, Джон Вэрнэр, прыдбаў сабе тысячы прыхільнікаў і мянушку «швэд-мастурбатар» пасьля таго, як назваў адпаведны занятак сярод улюбёных спосабаў бавіць час.

«Я хацеў паказаць, што я часта выглядаю дурнавата, як і наша краіна, і, мяркую, вы таксама, і шмат людзей ва ўсім сьвеце» — сказаў Вэрнэр у інтэрвію The New York Times. «Гэта значна цікавей, чым казаць: «Паглядзі на гэтыя казачныя карціны прыроды».

Самай старой @Sweden была кабета 60 гадоў. Самы малады — 18-гадовы Эрык Ісбэрг.

Праграма @Sweden узьнікла з ініцыятывы Швэдзкага інстытуту і дзяржаўнага турыстычнага агенцтва, якія думалі над тым, як прадставіць краіну ў Twitter.

Рэклямная кампанія Volontaire прапанавала — даць кантроль над праграмай звычайным швэдам.

@Sweden выбірае камітэт з трох чалавек. Патрабаваньні нескладаныя — карыстальнік Twitter’а павінен пісаць цікава і валодаць ангельскай.

Да тых, хто робіцца @Sweden, ёсьць пэўныя пажаданьні — заставацца ў межах прыстойнасьці. Але гэта толькі прапанова.

Калі Эрык Ісбэрг быў абраны @Sweden, менш зьдзівіўся ён, чым яго маці, прафэсар ва ўнівэрсытэце. Калі сын сказаў, што зможа гаварыць для 9 мільёнаў чалавек, яна астудзіла імпэт Эрыка: «Не рабі вялікія пляны, гэтага не адбудзецца».

Але ж гэта, як ні дзіўна, адбылося. У той тыдзень, калі Эрык быў @Sweden, настаўнікі дазволілі яму твіціць падчас заняткаў, а адзін сказаў, што хлопец можа наагул прагуляць усе ягоныя заняткі дзеля такой справы. Калі Ісбэрг апублікаваў апавяданьне пра школьную вячэру, то атрымаў твіты нават з Савудаўскай Арабіі.

Быць голасам усяго свайго народу — гэта абавязвае. Эрыка шмат пыталі ў Twitter’ы пра Нацыянальны дзень — новая швэдзкае сьвята, заснаванае ў 2005 годзе, якое прыпала як раз на час, калі ён быў @Sweden. «Ніхто ня ведае, чаму мы яго сьвяткуем, звычайна гэта нагода проста зьесьці што-небудзь смачнае на вячэру» — патлумачыў Ісбэрг. Яму давялося праз Google высьвятляць, што ж швэдзкі народ сьвяткуе ў гэты дзень.

Прайшоў тыдзень, і @Sweden стаў іншы чалавек. Але Эрык Ісбэрг не пераймаецца з гэтай нагоды: «Я не павінен быць нейкім камэрцыйным прадуктам — я проста павінна быць самім сабой. І гэта больш гаворыць пра Швэцыю, чым што б то ні было іншае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG