Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Новай газэты» ўцёк з Расеі з-за пагроз генэрала


Аляксандар Бастрыкін

Аляксандар Бастрыкін

Галоўны рэдактар ​​расейскай «Новай газэты» Дзьмітры Муратаў зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Сьледчага камітэту пры пракуратуры РФ генэрал-палкоўніка Аляксандра Бастрыкіна ў сувязі з пагрозамі на адрас шэф-рэдактара «Новай» Сяргея Сакалова. У мэтах бясьпекі Сокалаў часова пакінуў краіну.

У сваім лісьце Дзьмітры Муратаў прыводзіць падаплёку справы: 4 чэрвеня Сяргей Сакалоў, на запрашэньне Аляксандра Бастрыкіна вылецеў разам з кіраўніком СКР ў Краснадарскі край на нараду, прысьвечаную расьсьледаваньню крымінальнай справы пра масавае забойства ў станіцы Кушчаўская. Раней Сокалаў ў сваім артыкуле, на думку Бастрыкіна, «абразьліва» азваўся пра прысуд у дачыненьні да былога дэпутата Кушчаўскага муніцыпальнага савету ад «Адзінай Расеі», аднаго з асуджаных па гэтай справе Сяргея Цапавяза.

Дзьмітры Муратаў ў адкрытым звароце піша: «На нарадзе ў Нальчыку запрошаны Вамі ў прэзыдыюм Сокалаў выбачэньні асабіста вам за эмацыйны перабор прынёс, аднак задаў шэраг пытаньняў па сутнасьці расьсьледаваньня. Яго выбачэньні вы ў выніку не прынялі, груба запатрабаваўшы пакінуць залю (эпітэты апускаю). Пра гэты беспрэцэдэнтны ў практыцы праваахоўных органаў выпадак з запрашэньнем журналіста на нараду і публічным высьвятленьнем адносінаў на мяжы фолу паведамілі ўсе вядучыя, у тым ліку і ўрадавыя, СМІ ў Расеі і за мяжой».

Сяргей Сакалоў

Сяргей Сакалоў

Дзьмітры Муратаў падкрэсьлівае, што гісторыя на гэтым не канчаецца. Па сьцьвярджэньні галоўнага рэдактара «Новай газэты», пасьля прызямленьня самалёта, на якім Бастрыкін з групай журналістаў вяртаўся ў Маскву, Сяргей Сакалоў быў пасаджаны ў машыну аховай кіраўніка СКР і без тлумачэньня вывезены ў падмаскоўны лес. Там Бастрыкін застаўся сам на сам з журналістам і «ў вельмі экспрэсіўнай форме» выказаў Сакалову сваё меркаваньне аб самой газэце і аб яе рэдакцыйнай палітыцы.

Паводле Муратава, у газэце да слоў генэрал-палкоўніка паставіліся «з усёй сур’ёзнасьцю» і таму патрабуюць гарантый бясьпекі для свайго калегі.

Муратаў распавёў Свабодзе, чаму зьявіўся адкрыты ліст кіраўніку Сьледчага камітэту, і якім чынам рэдакцыя «Новай газэты» спрабуе гарантаваць бясьпеку Сяргея Сакалова:

— Пасьля гісторыі з вывазам Сяргея Сакалова ў лес і пагроз забойства, якія прагучалі на ягоны адрас, рэдакцыйная калегія прасіла аб сустрэчы са спадаром Бастрыкіным, але нам у гэтай сустрэчы было адмоўлена. Таму мне прыйшлося зьвярнуцца да Аляксандра Бастрыкін пісьмова... Цалкам верагодна, што ўсё тое, што адбылося, было вынікам эмацыйнага зрыву спадара Бастрыкіна, і мы па-чалавечы зразумеем стомленага чалавека. Аднак трэба памятаць, што гэты стомлены чалавек — генэрал-палкоўнік юстыцыі, прафэсар і кіраўнік расейскага аналягу ФБР... Мэта рэдакцыі — ня нейкая інфармацыйная бітва, а атрыманьне гарантый бясьпекі для свайго вядучага супрацоўніка, майго намесьніка Сяргея Сакалова.

— А ў дадзены момант бясьпека Сакалова забясьпечана?

— Вядома. Мы яго адправілі з краіны.

Ніякіх афіцыйных камэнтароў у сувязі з гэтай сытуацыяй ад Сьледчага камітэту пакуль не было.

Пяцёра расейскіх журналістаў, якія спрабавалі праводзіць сэрыю адзіночных пікетаў ля Сьледчага камітэту на знак падтрымкі калегаў з «Новай газэты», затрыманыя.
XS
SM
MD
LG