Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька: «1–2 палітвязьні могуць апынуцца на волі»


Ці закране прымеркаваная ўладамі да 3 ліпеня амністыя палітвязьняў? Палітыкі і грамадзкія дзеячы Беларусі працягваюць абмяркоўваць гэту тэму.

Выступаючы 12 чэрвеня на нарадзе пра будучую амністыю, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з гэтага працэсу «трэба выключыць палітычны момант». У камэнтарах, якія гучалі ўчора на тэму амністыі, назіральнікі сыходзіліся на думцы, што пад яе не падпадуць вязьні, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі.

Між тым, паводле міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча, палітычных вязьняў у Беларусі няма, а амністыя закране амаль 10% асуджаных. Ці азначае гэта, што камусьці з «палітычных» усё ж удасца выйсьці на волю?

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла не выключае, што зь некаторых палітвязьняў зьнімуць па году пакараньня і гэта паўплывае на іхні лёс.

«Паводле новага закону аб амністыі, нехта з палітычных вязьняў, у тым ліку і Статкевіч, могуць трапіць пад яе. Яму могуць скараціць год пазбаўленьня волі, а гэта можа прывесьці да пераводу ў калёнію адкрытага тыпу, на гэтак званую „хімію“, а потым і да датэрміновага вызваленьня. Гэта маё такое меркаваньне, але як будзе запісана ў законе, невядома. Закон кожны раз мяняюць, гэта ж не адзін закон на ўсе амністыі».

Гары Паганяйла мяркуе, што ў законе аб амністыі можа ня быць агаворкі, паводле якой звычайна амністыя не распаўсюджваецца на тых, хто раней ёю скарыстаўся, як Мікалай Статкевіч ці Павал Севярынец.

Маладафронтаўцы Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, праваабаронца Алесь Бяляцкі, экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч хто раней, хто пазьней атрымлівалі пакараньні за парушэньні турэмнага рэжыму. Былы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі мяркуе, што гэта зроблена дзеля таго, каб прымусіць падпісаць прашэньні аб памілаваньні:

«Вызваленьня ня будзе без напісаньня прашэньня аб памілаваньні — гэта было заяўлена на нарадзе ў Лукашэнкі. А парушэньні палітвязьням „навешваюць“ адмыслова, каб пазбавіць іх права на амністыю і пакінуць ім адно выйсьце — пісаць прашэньне. Гэта правакацыі, адназначна».

У ліку вязьняў, справы якіх зьвязаныя з палітыкай — актывіст анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч. Юнак адбывае ў Івацэвіцкай калёніі 3 гады зьняволеньня за тое, што здымаў на відэа падпал аднадумцамі дзьвярэй ізалятара на Акрэсьціна ды іншыя эпізоды. 13 чэрвеня мой званок засьпеў Тацяну Францкевіч у Івацэвіцкай калёніі, дзе трымаюць яе сына. Маці вядома, што нядаўна сына пакаралі за парушэньні турэмнай дысцыпліны. А якія дакладна?

«Нязначныя, на маю думку, парушэньні. Нібыта злавілі на тым, што рукі не па швах выцягнуў на пастраеньні ці адказаў ня гэтак, як трэба. Або спаў, калі нельга. У выніку пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня. У нас засталася яшчэ адна перадача, дык я яе прывезла, бо невядома, што далей будзе з гэтай амністыяй, яшчэ пазбавяць і перадачы. Мяркую, іх адмыслова пакаралі, каб ня трапілі пад амністыю».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што праз асаблівасьці амністыі Аляксандар Лукашэнка спрабуе працягнуць гандаль палітвязьнямі з Эўропай, якая пакуль не паддаецца:

«Улада сёньняшняя, як і любы аўтарытарны рэжым, — гэта такі велізарны страўнік, якому патрэбныя грошы. Калі грошай не хапае, тады для запаўненьня страўніка падыходзяць і ахвяры. Але сёньня сытуацыя такая, што гандаль не ідзе. Відаць, спыніліся і кулюарныя перамовы па гэтым пытаньні. Бачна, што Брусэль заняў жорсткую пазыцыю: мы ня будзем таргавацца з вамі. Таму разьлічваць на тое, што да 3 ліпеня людзі выйдуць на волю, не выпадае. І мой прагноз такі: палітычнай амністыі ня будзе, але 1–2 са сьпісу палітвязьняў могуць апынуцца на волі. Пытаньне застаецца адкрытым».
XS
SM
MD
LG