Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адна гадзіна беларускай мовы ў тыдзень — гэта вельмі мала»


13 чэрвеня ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставаньне. У першы дзень абітурыенты здавалі тэсты па беларускай мове, на якую сёлета зарэгістравалася 45 тысяч 199 чалавек. Гэта ўдвая менш, чым на расейскую мову, якую зьбіраюцца здаваць амаль 96 тысяч чалавек. Чаму кожны год зьмяншаецца колькасьць ахвотных здаваць беларускую мову, ці адпавядаюць тэсты школьнай праграме?

Яшчэ чатыры гады таму беларускую мову здавалі 82 тысячы абітурыентаў — больш за 40% ад агульнай колькасьці. Сёлета — 45 тысяч, альбо 34%. На думку намесьніцы старшыні Таварыства беларускай мовы, супрацоўніцы Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Алены Анісім, такі спад — гэта вынік тых працэсаў, якія адбываюцца і ў сыстэме адукацыі, і ўвогуле ў грамадзтве: скарачаецца колькасьць дзяцей, якія вучацца па-беларуску, пагаршаецца якасьць выкладаньня мовы. Гэты прадмет мала дзе профільны.

Анісім: «Ёсьць пытаньне прэстыжнасьці, запатрабаванасьці пэўнай прафэсіі ў грамадзтве. Гэта таксама тое, што дыктуе людзям выбар. І калі беларуская мова не зьяўляецца прадметам абавязковым для паступленьня на якуюсьці прэстыжную спэцыяльнасьць, значыць, яна адразу рызыкуе трапіць у пералік тых прадметаў, якія выбіраюцца ў апошнюю чаргу ў якасьці прадмета для тэставаньня. Зараз усё вельмі прагматычна, дзеці паступаюць дастаткова рацыянальна. Яны могуць любіць мову, любіць настаўніка, які выкладае беларускую мову. Але жыцьцё мае свае правілы, і гэтыя правілы, на жаль, не на карысьць беларускай мовы».

Гутару з абітурыентамі, якія толькі што здалі тэсты. Бальшыня зь іх на мае пытаньні, зададзеныя па-беларуску, адказвалі па-расейску.

Карэспандэнтка: «Ці цяжкія былі тэсты?»

Юнак: «Ну, сначала были лёгкие, а потом не очень...»

Дык госязыка ж два, какая разница? Я полурусский

Карэспандэнтка: «А якую вы мову здавалі?»

Юнак: «Спачатку было ня вельмі цяжка, але потым, асабліва ў частцы „Б“, было вельмі складана».

Карэспандэнтка: «Як адчуваньне? Хапіла ведаў?»

Дзяўчына: «Хватило, всё было хорошо».

Карэспандэнтка: «А чаму па-расейску адказваеце?

(Сьмех)

Карэспандэнтка: «Ці хапіла вам школьных ведаў, каб пасьпяхова тэст напісаць?»

Юнак: «Не, не хапіла. Нужны были ещё дополнительные знания, на факультатив нужно было ходить, с репетитором заниматься».

Хлопец: «Были очень трудные вопросы. Многого не знал»

Карэспандэнтка: «А чаму вы па-расейску адказваеце?»

Хлопец: «Дык госязыка ж два, какая разница? Я полурусский».

Карэспандэнтка: «Ці хапіла школьных ведаў, альбо трэба было дадаткова займацца?»

Хлопец: «Нет, надо было дополнительно заниматься».

Спадарыня: «Я яго маці, настаўніца. Тры разы схадзіў на факультатыў, думаў, што так лёгка здаць тэст... Ведаў хапае, калі дзеці стараюцца, з рэпэтытарамі займаюцца, ходзяць на факультатыў. Пажадана кожны дзень займацца дадаткова».




У школе немагчыма даць дзецям глыбокія веды, якіх было б дастаткова для пасьпяховай здачы тэстаў, бо вельмі мала ўрокаў беларускай мовы, сьцьвярджае настаўніца ваўкавыскай гімназіі спадарыня Тацяна:

«Калі дзеці абіраюць, да прыкладу, у старэйшых клясах фізыка-матэматычны профіль, то ў іх толькі адна гадзіна мовы на тыдзень. Гэта вельмі мала. А ў звычайных школах, я ведаю, паўтары гадзіны на тыдзень, і гэта таксама недастаткова. Да таго ж праграмы пабудаваныя так, што многія тэмы дублююцца, яны разглядаюцца ў розных моўных аспэктах, а гаворыцца пра адно і тое ж. Таму, канечне, школьная праграма не накіраваная на тэставаньне сама па сабе».

Летась сярэдні бал па беларускай мове на цэнтралізаваным тэставаньні быў 31 са 100 магчымых. Максымальную колькасьць — 100 балаў — набралі 5 абітурыентаў.
XS
SM
MD
LG