Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін зь пяці найбагацейшых губэрнатараў Расеі едзе ў Беларусь


Дэлегацыя Рэспублікі Башкартастан Расеі на чале з прэзыдэнтам Рустэмам Хамітавым 14–15 чэрвеня плянуе наведаць зь візытам Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба беларускага зьнешнепалітычнага ведамства, заплянаваныя сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта і ў Савеце міністраў Беларусі.

Чым выкліканы візыт кіраўніка нафтавага рэгіёну ў Менск?

Паводле палітоляга Андрэя Суздальцава, гэта не зьвязана з пытаньнямі нафтавага бізнэсу. Ён адзначае, што расейскае кіраўніцтва заахвочвае паездкі губэрнатараў, каб стымуляваць уваходжаньне Беларусі ў адзіную эканамічную прастору. Гэта ня той варыянт, калі на пачатку 2000-х гадоў такія візыты супадалі з прапагандай Менску супраць Крамля:

«Праблема захоўваецца, Беларусь знаходзіцца ў гэтай прасторы, карыстаецца ўсімі яе перавагамі, але не інтэгруецца, аднабакова карыстаецца перавагамі гэтай прасторы. І такія паездкі, Мацьвіенка таксама прыяжджала, — гэта спробы садзейнічаць інтэграцыі, правядзеньню сур’ёзных структурных рэформаў, выхаду са стану ўтрымальніцкага на нармальныя рынкавыя рэйкі. Па традыцыі будуць сказаныя такія рытуальныя рэчы, па традыцыі ад іх патрабуюць такога пакланеньня, заявы, што беларусы дасягнулі неверагодных вяршыняў.Тут сьмяюцца ў Маскве над гэтым, што калі вы едзеце ў Беларусь, трэба сказаць: скарыстайцеся вялізным вопытам Беларусі, трэба павучыцца ў беларусаў».

У 2011 годзе ў Башкартастане праходзілі пікеты ў падтрымку палітвязьняў у Беларусі. У іх бралі ўдзел сваякі і сябры сям’і Мірзаянавых. Яны патрабавалі вызваленьня беларускіх палітвязьняў і сярод іх — Фёдара Мірзаянава, якому пасьля плошчы 19 сьнежня суд у Беларусі прысудзіў 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. На пікеце зьбіралі подпісы пад патрабаваньнем аб вызваленьні беларускіх палітзьняволеных.

Паводле часопіса «Forbes», Хамітаў уваходзіць у пяцёрку найбагацейшых расейкіх губэрнатараў.
XS
SM
MD
LG