Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс «ARCHE» выдаў кнігу «Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі». Гэта важкі том фармату А4 і аб’ёмам больш як 1200 старонак.

Рэдактар «Палітычнай гісторыі незалежнай Беларусі» Валер Булгакаў, які таксама ўзначальвае рэдакцыю часопіса «ARCHE», сьцьвярджае, што гэтае выданьне «на цяперашні момант зьяўляцца самай поўнай крыніцай ведаў па сучаснай беларускай палітычнай гісторыі». Кніга апісвае падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне з канца 80-х па 2006 год.

Распавядае Валер Булгакаў: «Выданьне гэтае важнае для мяне з той простай прычыны, што ў дзяржаўных структурах, пад дзяржаўнай апекай такога кшталту публікацыя была б немагчымая. Яна акурат прысьвечаная той фактуры, якая выкрэсьліваецца альбо замоўчваецца. Яна прысьвечаная, уласна кажучы, вітку нашай нядаўняй мінуўшчыны, калі Беларусь вызвалілася з позьнесавецкага застою, каб праз фактычна пяць гадоў трапіць у новую несвабоду, якую ствараў і шырыў лукашэнкаўскі рэжым. Напрыклад, вы нідзе ня знойдзеце артыкула, прысьвечанага імпічмэнту Лукашэнкі ў 1996 годзе. А ў гэтай публікацыі судзьдзі Канстытуцыйнага суду Аляксандар Вашкевіч і Міхаіл Пастухоў вельмі дэталёва апісваюць, якім чынам ледзь не адбыўся гэты імпічмэнт».

Булгакаў распавядае, што ў кнігі складаная перадгісторыя. Асноўны корпус тэкстаў пісаўся з 2001 па 2007 год у рамках дзейнасьці нефармальнага кола экспэртаў пад назвай «Менская аналітычная група». Зьбіраючы тэксты пад адной вокладкай, рэдакцыя грунтоўна апрацавала іх. Так, каб у выніку атрымаўся разгорнуты малюнак палітычных працэсаў найноўшай беларускай гісторыі.

Булгакаў: «Вельмі сымбалічна, што кніжка выйшла ў першыя ўгодкі сьмерці Віталя Сіліцкага. Там друкуюцца ягоныя раньнія тэксты „Эканамічная палітыка Аляксандра Лукашэнкі“, а таксама тэкст, прысьвечаны палітэканоміі беларуска-расейскай інтэграцыі. Гэта значыць — якім чынам беларускі аўтарытарызм узмацняўся коштам эканамічнага збліжэньня з Расеяй. Толькі гэтыя два тэксты маюць аб’ём больш як 150 старонак. Кола экспэртаў вельмі шырокае і ўключае як вядомых палітолягаў, якія працуюць у незалежных установах, — напрыклад, Андрэй Казакевіч альбо Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Ягораў, — так і выкладчыкаў беларускіх унівэрсытэтаў, якія, відаць, з палітычных прычын не хацелі б лішні раз сьвяціць сваё імя дзеля працягу акадэмічнай кар’еры».

Валер Булгакаў кажа, што плюс і адначасова мінус гэтай кнігі ў тым, што яна стваралася літаральна «па гарачым сьледзе». Апроч аналітычных тэкстаў, яна зьмяшчае багата фатаздымкаў.

Булгакаў: «Нашая рэсурсная база не дазваляла дасягнуць зорнай вышыні. Там няма сэнсацыйных дакумэнтаў зь нейкіх спэцсховаў. Але ёсьць пасьлядоўнае выкладаньне асноўных вех палітычнай гісторыі незалежнай Беларусі. Кніга мае вялікі фаташэраг. І тыя людзі, якія азнаёміліся зь ёю, ужо гэта ацанілі. Шмат што з памяці сьціраецца, а кніга прэзэнтуе карціны парлямэнцкага жыцьця ў мурах ВС БССР 12 скліканьня з асноўнымі гульцамі. Альбо, напрыклад, выявы лукашэнкаўскіх намэнклятуршчыкаў канца 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Альбо, напрыклад, сцэны сутыкненьня Лукашэнкі, Шарэцкага, Ціхіні і іншых дзеячаў у рамках канстытуцыйнага крызісу 1996 году. Таму не чакайце ад яе прысмаку сэнсацыйнасьці. Мэта ставілася больш прагматычная — паспрабаваць спакойна асэнсаваць тое, што з намі здарылася».

Адзін з аўтараў кнігі, палітоляг Андрэй Казакевіч лічыць, што «Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі» створыць плённую глебу для далейшых дасьледаваньняў.

Казакевіч: «Вядома, там прадстаўленыя розныя матэрыялы і па стылістыцы, і па мэтадалёгіі. Але пры гэтым там шмат карыснай інфармацыі як для спэцыяліста, так і для шырокага чытача. Тое, што зараз усё гэта зьведзена ў адну кнігу, гэта будзе мець станоўчы эфэкт для якасьці і паўнаты аналізу беларускай палітыкі».

У якасьці дадатку ў кнігу ўключаны разьдзел «Партыйная сыстэма Беларусі. Беларускія палітыкі (1990–2006)», які апісвае большую частку палітычных структур, што існавалі ў гэты пэрыяд.

Кнігу варта ў незалежных распаўсюднікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG