Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мне патлумачыў адзін зь беларускіх заўзятараў зборнай Расеі, «калі нашы гуляюць з Расеяй, я за нашых. Але калі Расея гуляе з кім-небудзь іншым, для мяне «нашы» – гэта Расея».

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Футбол, дый спорт увогуле – мяккая і прымальная замена вайны. Банальная ўжо фраза, якая, аднак, удала тлумачыць, чаму людзі «хварэюць» за сваіх і чаму, дарэчы, мужчыны ў гэтым нашмат больш актыўныя за жанчын.

Людзі ва ўсім сьвеце заўзеюць зь дзьвюх прычын. Па-першае, за «сваіх». Гэта самае нармальнае, натуральнае пачуцьцё. Яно не залежыць ад узроўню гульні «нашых», і таму людзі «хварэюць» за каманду свайго гарадка ў трэцім дывізіёне – што Гішпаніі, што Беларусі. Гэта нармальна, як нармальна радавацца выступу свайго дзіцяці на ранішніку, нібыта ён скарыў сцэну «Мэтраполітэн Опэра».

Ёсьць другі від спартовай жарсьці. Калі заўзеюць за тых, хто на дадзены момант самы хуткі, прывабны, прыгожы, пасьпяховы, на каго прыемна глядзець, ад каго чакаеш рэкордаў і перамогаў. Так увесь сьвет глядзіць на Усама Болта, на Леанэля Мэсі, на Аляксандра Авечкіна. І калі, напрыклад, «нашых» сярод лідэраў у нейкім спорце няма, тады мы выбіраем сабе нейкую каманду, спартоўца, краіну, якой аддаем свае сымпатыі, і часам на ўсё жыцьцё. Ведаю людзей, якія дзесяцігодзьдзямі заўзеюць за «Лёс-Анжэлес Лэйкерс», ці за «Манчэстэр Юнайтэд», ці за «Барсэлёну». Але мне не сустракаліся тыя, хто рве глотку за каманду трэцяга дывізіёну Аўстрыі ці вышэйшай лігі Люксэмбургу. Такая чалавечая прырода – альбо за сваіх, альбо за найлепшых, найярчэйшых.

І вось калі мы чуем з суседняй кватэры падчас футбольнага матчу чэмпіянату Эўропы крыкі «Расея, ура», то міжволі хочацца задумацца пра матывацыю.

Я магу дапусьціць, што можна чыста са спартовых прычын заўзець за зборную Расеі па хакеі – яны чэмпіёны сьвету, яны гуляюць у прыгожы атакуючы хакей, маюць гульцоў, якіх называюць сярод найлепшых у сьвеце. Можна не адрываючыся сачыць за перамогамі Марыі Шарапавай – ня толькі таму, што яна этнічная беларуска, і нават не таму, што яна першая ракетка ў сьвеце, а таму, што яна прыгожая, даўганогая і сэксуальная. Але чаго такога «сэксі» ў зборнай Расеі па футболе? Гэтая каманда ня мае ніводнай сапраўднай зоркі, футбаліста, які ўваходзіў бы ў топ-50 найлепшых сучасных футбалістаў. Гэта ня зборная Італіі, пра якую адна расейская журналістка неяк сказала, што гатова была б выйсьці замуж за любога з футбалістаў гэтай каманды. Наадварот, на адным зь мінулых чэмпіянатаў Эўропы, паводле апытаньня жанчын з розных краінаў, менавіта футбалістаў з Расеі прызналі самымі непрывабнымі. Сказаць, што Расея ўражвае нейкім надзвычайна яркім стылем гульні – таксама было б перабольшваньнем. Не Бразылія, не Гішпанія і не Нямеччына.

Давайце прызнаем, што насамрэч выбар большасьці (акрамя невялікай часткі сапраўдных спартовых эстэтаў) тлумачыцца не спартовымі прычынамі, а ідэйна-палітычнымі. Ведаю шмат «сьвядомых» беларусаў, якія «хварэюць» у футболе за Ірляндыю. І, натуральна, не таму, што ў гэтай футбольнай каманды процьма яркіх зорак альбо іх можна назваць чарадзеямі мяча. Даволі прымітыўны футбол – бі, бяжы, навешвай. Аднак – гэта ж Ірляндыя! Барацьба за незалежнасьць, літаратура, «U-2», танцы, «Гінэс» і ўсё такое.

Так і тут. Тыя беларусы, якія крычаць «Ура! Расея!», менш за ўсё робяць гэта ад захапленьня прыгожымі ўдарамі Кержакова міма брамы. Проста для іх Расея – гэта тыя самыя «нашы». Тыя «нашы», перамогам якіх радуюцца незалежна ад якасьці гульні і колькасьці зорак. Тыя «нашы», за якіх ты будзеш «хварэць» незалежна ад таго, з кім яны гуляюць.

Усё проста. Дваістая ідэнтычнасьць. Двухпавярховая. Як мне патлумачыў адзін зь беларускіх заўзятараў зборнай Расеі, «калі нашы гуляюць з Расеяй, я за нашых. Але калі Расея гуляе з кім-небудзь іншым, для мяне «нашы» – гэта Расея».

І неяк ніякавата становіцца ад таго, што праз 20 гадоў незалежнасьці многія з беларусаў усё яшчэ не зрабілі той самы неабходны крок у нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Самы першы крок для ўсьведамленьня нацыі – вызначэньне таго, што ёсьць «мы» і «яны». Многія зь беларусаў дагэтуль не намацалі сваю «Ўяўленую супольнасьць» (паводле славутага твору Бэнэдыкта Андэрсана пра фармаваньне нацыяў). Многія беларусы ўсё яшчэ кажуць «нашы» пра расейкіх поп-зорак, на стэндах крамаў мы бачым надпісы «Айчыннае» пад расейскім кіно ці расейскай музыкай.

Нацыя ня вырасьце сама, калі «адыдзе пакаленьне, народжанае ў СССР». Новыя пакаленьні часам проста пераймаюць звычкі папярэднікаў альбо малпуюць тыя ўзоры, што пануюць у інфармацыйным полі. Пакуль многія беларусы блытаюць нашых і «нашых», мы толькі на пачатку доўгага шляху.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG