Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Мікалая Грыднева, пілёта «СУ-25», які разьбіўся ўчора ў Наваградзкім раёне, засталіся жонка і дзьве дачкі — 8 гадоў і 8 месяцаў. Пахаваньне папярэдне заплянаванае на пятніцу 15 чэрвеня.

Вайсковы лётчык першай клясы падпалкоўнік Мікалай Грыднеў выконваў манэўр на малой вышыні, калі ягоны «СУ-25» страціў кіраваньне. 36-гадовы пілёт загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Наваградзкага раёну.

У Мікалая Грыднева засталася жонка Тацяна, выкладчыца музычнай школы, і дзьве дачкі — 8-гадовая Насьця і 8-месячная Варвара.

Бацькі Грыднева памерлі некалькі гадоў таму.

«Гэта быў цудоўны чалавек, вясёлы, жыцьцярадасны, аптыміст па жыцьці. І высокакваліфікаваны спэцыяліст. Ён зь дзяцінства марыў лятаць. Пра сваю працу ён заўсёды казаў толькі станоўчае, добра казаў пра свой калектыў, усё ў іх было дружна. Ён увогуле быў вельмі аптымістычны, бачыў толькі добрае», — распавяла «Свабодзе» сястра загінулага Алена.

Пра нейкія няштатныя сытуацыі брат нічога не распавядаў, кажа Алена.

На Лідзкай авіябазе паведамілі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, пахаваньне Мікалая Грыднева заплянаванае на пятніцу.

«Гэта быў добры сябар і таварыш, баявы афіцэр. Магу пра яго распавядаць толькі станоўчае», — сказаў «Свабодзе» адзін з калегаў Грыднева па Лідзкай авіябазе.

Мікалай Грыднеў, ураджэнец Ліды, скончыў Кіеўскую сувораўскую вучэльню, Тамбоўскую лётную вучэльню і Акадэмію Ўзброеных сіл Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG