Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаранілі лятаць усёй ваеннай авіяцыі. Але не на парадзе


З-за катастрофы штурмавіка «Су-25» у Наваградзкім раёне загадам міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна ўведзена забарона на палёты ўсёй авіяцыі Ўзброеных сіл.

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведамілі ў камандаваньні Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Забарона на палёты будзе дзейнічаць да заканчэньня працы камісіі, якая займаецца расьсьледаваньнем прычын катастрофы штурмавіка, сказаў суразмоўца агенцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што гаворкі пра адмену паветранага складніка ваеннага параду ў гонар Дня Незалежнасьці 3 ліпеня не ідзе і ваенная авіяцыя будзе на ім прадстаўленая.

«Су-25» 116-й штурмавой авіяцыйнай базы разьбіўся 12 чэрвеня. Крушэньне адбылося пры выкананьні плянавых палётаў у раёне авіяцыйнага палігону. Загінуў пілёт — начальнік аддзяленьня баявой падрыхтоўкі авіябазы, ваенны лётчык 1-й клясы падпалкоўнік Мікалай Грыднеў 1975 году нараджэньня.

«Падчас палёту адпрацоўваліся тэхніка пілятаваньня і паветранай навігацыі на малых і гранічна малых вышынях, — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны. — Пасьля выкананьня заданьня каля 15.35 на вышыні 200 мэтраў самалёт пачаў губляць кіраваньне.

Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаваньне. Лётчык здолеў адвесьці машыну ад вёскі Навіны Наваградзкага раёну. Падзеньне самалёта адбылося за два кілямэтры на поўнач ад названага населенага пункту».

У Мінабароны створана камісія для высьвятленьня прычын здарэньня. Расьсьледаваньне гібелі самалёта даручана галоўнаму сьледчаму ўпраўленьню Сьледчага камітэту. Распачата крымінальная справа па частцы 1 артыкула 465 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG