Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы жывёл падалі скаргу на прадпрыемства «Фаўна горада»


Грамадзкія аб’яднаньні па абароне жывёл «Абаронім жыцьцё» і «Заасьвет» зьвярнуліся ў дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня са скаргай на парушэньне нормаў утрыманьня жывёл на менскім прадпрыемстве «Фаўна горада».

«Мы атрымліваем шматлікія заявы ад грамадзян, якія купілі ў „Фаўне горада“ сабаку і былі вымушаныя доўгі час праводзіць лячэньне, якое ў многіх выпадках не давала выніку, паколькі на „Фаўне горада“ жывёла падхоплівала цэлы» букет «хвароб», - цытуе зварот грамадзкіх аб’яднаньняў БелаПАН.

Па словах аўтараў заявы, «адказнасьці за продаж загадзя хворых жывёл прадпрыемства не нясе, рэгулярна пры продажы выдаючы даведку аб нармальным стане іх здароўя».

Прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў зьвяртаюць увагу на адсутнасьць належнага санітарнага стану ў памяшканьнях прадпрыемства, а таксама вэнтыляцыйнай сыстэмы ў іх.

Абаронцы жывёл просяць ліквідаваць тэхнічныя недахопы за кошт сродкаў, якія зьбіраюцца з уладальнікаў катоў і сабак; прыняць меры па прадухіленьні інфэкцый, а таксама ацаніць прафпрыдатнасьць вэтэрынара, «па чыёй віне гінуць сабакі пасьля праведзеных ім стэрылізацыі і выдачы даведак аб нібыта нармальным здароўя жывёл».

Як заявіла намесьнік дырэктара сталічнага прадпрыемства па часовым утрыманьні жывёл «Фаўна горада» Тамара Царыкоўская, на прадпрыемстве выконваюцца нормы ўтрыманьня жывёл. Паводле яе слоў, ні адна сабака не загінула пры правядзеньні стэрылізацыі. А што тычыцца інфэкцый, то яны непазбежныя ў месцах канцэнтрацыі жывёл, лічыць намесьнік дырэктара.
XS
SM
MD
LG