Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас маршу расейскіх заўзятараў па Варшаве да стадыёну, дзе праходзіць матч чэмпіянату Эўропы Польшча – Расея, адбыліся сутычкі расейскіх і польскіх заўзятараў.



Як перадаў карэспандэнт Gazety Wyborczej, у некалькіх фанатаў былі пабітыя галовы. Яшчэ некаторых затрымала паліцыя, якая дзейнічала максымальна карэктна. Яна проста адсякала групы агрэсіўных фанатаў і не давала ім сутыкацца.

Польскія фанаты масава нападалі на расейскіх гасьцей і ўласных паліцыянтаў. Расейцы шпурляліся фаерамі. Перадаюць, што каля моста Панятоўскага, ронда дэ Голя і ронда Вашынгтона ёсьць параненыя. Туды зьехаліся машыны хуткай дапамогі. Паліцыя трымае напагатове зброю і ўжо адкрывала страляніну ў паветра, каб асьцюдзіць гарачыя галовы.

Расейскае агенцтва Інтэрфакс паведаміла, што вуліца, па якой павінна было быць шэсьце, была перакрытая для руху транспарту. Марш ахоўвалі некалькі тысяч паліцэйскіх, экіпіраваных шчытамі, шаломамі, дубінкамі і іншымі спэцсродкамі.
Марш суправаджаўся некалькімі інцыдэнтамі. Спачатку каля калёны расейцаў зьявіліся польскія фанаты, якія спрабавалі перакрычаць крычалкі расейцаў. Паліцыя адсекла польскіх заўзятараў ад расейцаў, месцамі адбыліся сутычкі фанатаў з супрацоўнікамі органаў правапарадку. Затым, ужо бліжэй да цэнтру гораду па маршруце шэсьця калёны, адбыліся сутыкненьні ўжо паміж фанатамі.
За 500 мэтраў да канчатковай кропкі маршруту маршу калёна была на некаторы час спыненая паліцыяй з мэтамі бясьпекі. Паводле інфармацыі польскіх СМІ, паліцыя пайшла на такі крок з прычыны сутыкненьняў расейскіх і польскіх заўзятараў. Як паведамляецца, паліцыя ўжыла вадамёты супраць польскіх хуліганаў і нават адкрывала папераджальны агонь у паветра – піша расейскае агенцтва Інтэрфакс.

Гледзячы па ўсім, сутычкі мелі жорсткі, але лякальны характар. Вось што распавёў нам з Варшавы палітычны ўцякач зь Беларусі Алесь Зарэмбюк:

«Мы зараз непадалёк ад моста Панятоўскага, дзе пачынаўся гэты марш і ішоў да стадыёна. Тут шмат езьдзіць машын, у тым ліку і з расейскімі нумарамі. Зьверху сытуацыю кантралюе гелікоптэр, таксама вельмі шмат сілаў паліцыі, яны з усіх бакоў.

Сёньня Варшава нагадвае Менск перад акцыяй 25 сакавіка. Такая ж напружанасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG