Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 чэрвеня ў Маскве прайшоў «Марш мільёнаў». Паводле розных ацэнак, удзельнічалі ад 30 да 60 тысячаў чалавек. Пра мэты і вынікі акцыі, пра новых лідэраў карэспандэнту Свабоды распавёў журналіст часопіса «Русский репортер» Віктар Дзятліковіч.

РС: Сёньня адбыўся «Марш мільёнаў»? Ці дасягнула расейская апазыцыя пастаўленых мэтаў?

Дзятліковіч: Гледзячы якія мэты былі. Калі мэта была паказаць, што пратэстны рух ня скончыўся, што настроі даволі моцныя, то такія мэты дасягнутыя. Тая колькасьць людзей, якая выйшла — ад 30 да 60 тысячаў, гэта досыць вялікі паказьнік. Гэта кажа, што пратэстны рух не сыходзіць на не. Калі мэта — ціск на ўлады, то гэтай мэты апазыцыя не дасягнула. Я размаўляў з Барысам Нямцовым напярэдадні. Ён сам казаў, каб ціснуць на ўлады, каб ставіць пытаньне аб зьмене ўлады, трэба, каб выйшаў мільён. Калі мільёну няма, то гэта шараговая акцыя апазыцыі. Безь мільёну немагчыма аказаць ціск на ўлады.

Нават калі працяглы час будуць ісьці акцыі такога маштабу, то ўлады ня пойдуць на значныя саступкі. Каб улада пайшла на саступкі, трэба нейкі іншы сцэнар разьвіцьця падзеяў ці значна больш людзей. Здаецца, такога патэнцыялу пакуль што ў расейскай апазыцыі няма.

РС: Сёньня з трыбуны гучалі заклікі да пачатку бестэрміновых акцыяў пратэсту, напрыклад, да «Акупай Сьледчы Камітэт». Ці гатовая апазыцыя да пэрманэнтнага супраціву?

Дзятліковіч: Яна гатовая, пытаньне ў маштабах гэтага пратэсту. Безумоўна, за апошнія паўгода сфармавалася група людзей, якая гатовая да актыўных і пэрманэнтных дзеяньняў. Я размаўляў з сацыёлягам, які дасьледуе пратэстны рух на працягу апошніх 6 месяцаў. Ён сьведчыць, што стала больш людзей, якія гатовыя да акцыяў і іх радыкалізацыі. Але ці настолькі крытычна вялікае кола гэтых людзей? Я ўпэўнены, што ў апазыцыі ёсьць сілы, каб праводзіць акцыі каля сьледчага камітэту, каб супрацьстяць паліцыі ці АМАПу. Іншая справа, што гэтыя акцыі застануцца шараговымі і адзінкавымі. Полем супрацьстаяньня ня будзе ўся краіна і нават ня ўся Масква. Будуць некаторыя плошчы і некаторыя вуліцы. Безумоўна, сілы ў апазыцыі ёсьць.

РС: Многіх лідэраў апазыцыі выклікалі ў сьледчы камітэт, яны не маглі ўзяць удзел у акцыі. Са сцэны прамаўлялі новыя, невядомыя асобы. Склалася ўражаньне, што ў расейскай апазыцыі фармуецца новае ядро грамадзкіх і палітычных лідэраў. Ці вы згодныя?

Дзятліковіч: Безумоўна, слушна. Адзінае пытаньне, наколькі хутка гэтае кола фармуецца і наколькі шмат людзей самі ўсьведамляюць сябе як лідэраў. Чаму адбываецца фармаваньне новага кола лідэраў? Новы пратэстны рух, людзі, якія ў яго прыйшлі, збольшага не ўспрымалі старых лідэраў апазыцыі. Тыя, хто прыйшлі на Балотную плошчу, не ўспрымалі Барыса Нямцова ці Сяргея Ўдальцова як сваіх лідэраў. Існаваў попыт на новых. Апошнія паўгады не далі новых лідэраў. Не зьявілася, акрамя тых, хто ня хоча быць палітыкамі. Нельга сказаць, што Леанід Парфёнаў — палітык, хоць ён стаяў на чале акцыі. Нельга сказаць, што Барыс Акунін — палітык. Ні ён, ні Парфёнаў не жадаюць быць лідэрамі. Проста так склаліся абставіны, кагосьці хваля пратэстная абавязаная вынесьці наперад. Навальны зьявіўся крышачку раней. Мінулыя пратэсты зрабілі Яўгенію Чырыкаву своеасаблівым Лідэрам. Сёньня выступаў Раман Хабараў, былы міліцыянт з Варонежа, які стаў вядомы дзякуючы інтэрвію ў нашым часопісе «Русский репортер», дзе ён распавёў, як працуе расейская паліцыя. Яго сёньня выцягнулі на трыбуну. Грамадзтва шукае новыя твары, людзей сумленных, якія могуць сказаць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне. Натоўп жадае зрабіць такіх людзей лідэрамі. Ёсьць такі попыт — такія лідэры зьяўляюцца. Зьяўляюцца ня так часта і ня так хутка, як хацелася б.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG