Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусізацыя» Расеі — гэта мастацкае перабольшаньне»


Павал Шарамет

Павал Шарамет

Ці сапраўды расейская ўлада гатовая пайсьці на гэтак званую «беларусізацыю» грамадзкага жыцьця, на ўзмацненьне антыдэмакратычных тэндэнцыяў? Ці мае расейскае грамадзтва сілы, каб супрацьстаяць аўтарытарнаму наступу ўлады?

На гэтыя пытаньні адказвае маскоўскі журналіст Павал Шарамет.

Цыганкоў: «Сёньня шмат кажуць пра „беларусізацыю“ Расеі, пра тое, што Пуцін ідзе шляхам Лукашэнкі ва ўнутраным палітычным жыцьці. Ці вы згодныя з тым, што расейская ўлада дайшла да ажыцьцяўленьня лукашэнкаўскіх сцэнараў? Ці можна сказаць, што ў Крамля ёсьць такая мэта?»

Шарамет: «Беларусізацыя» — гэта мастацкае перабольшаньне. Гэта такі вобраз, які далёкі ад рэальнасьці. Я думаю, што Пуцін ня будзе паўтараць тыя дзеяньні, якія рабіў Лукашэнка. Але мы можам гаварыць, што палітычны рэжым у Расеі будзе дрэйфаваць у бок аўтарытарных момантаў. І калі ў Беларусі сапраўдная дыктатура, улада аднаго чалавека, то ў Расеі — аўтарытарны рэжым, у які ўцягнутая кіроўная кляса, а ня ўлада аднаго чалавека.

Я ў прынцыпе схільны казаць пра тое, што нэгатыўны сцэнар у Расеі, сцэнар узмацненьня жорсткасьці палітычнага рэжыму — самы рэальны. Але казаць пра тое, што Расея паўтарае Беларусь — зарана. Прасторы для манэўру ў расейскай апазыцыі нашмат болей, і свабодаў у цэлым болей, чым у Беларусі«.

Цыганкоў: «Паводзіны ўладаў залежаць у значнай ступені ад таго, як шмат дазваляе зрабіць з сабой грамадзтва. У сярэдзіне і канцы 90-х беларускае грамадзтва супраціўлялася аўтарытарнаму наступу, але ў выніку яго не ўдалося спыніць. Ці мае расейскае грамадзтва сілы для супраціву аўтарытарным тэндэнцыям, або іх могуць спыніць толькі замежныя чыньнікі?»

Шарамет: «Сёньняшні „Марш мільёнаў“ паказаў, што патэнцыял для пратэсту вельмі вялікі. Нягледзячы на ператрусы і прэсінг, прыйшло шмат людзей. Гэта пратэст „крэатыўнай клясы“, як прынята зараз казаць. На самой справе гэта пратэст тых, хто складае аснову дзяржавы — сярэдняя кляса, інтэлігенцыя. Гэта пратэст „багатых“, тых, хто адбыўся ў жыцьці.

У Беларусі гэта заўсёды быў пратэст „бедных“, барацьба за свабоду ў чыстым выглядзе. У Расеі гэта пакуль не перайшло ў рэвалюцыйную стадыю. Гэта барацьба за іншыя правілы гульні. Таму прастора для дамовы паміж апазыцыяй і ўладай яшчэ ёсьць, у Беларусі яе даўно не існуе. Бо ў Беларусі выступы апазыцыі скончацца толькі пасьля таго, як будзе зрынуты Лукашэнка. У Расеі ж гэтыя выступы могуць спыніцца, калі пройдуць сур’ёзныя палітычныя рэформы і гэтая кляса знойдзе сваё прадстаўніцтва ў парлямэнце.

Я ўсё ж гляджу пэсымістычна і думаю, што Пуціна захопіць лёгіка вайны і абстаноўка будзе нагнятацца і надалей».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG