Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 чэрвеня ў Маскве адбылася шматтысячная апазыцыйная акцыя пратэсту — Марш мільёнаў. Дэманстранты выйшлі зь лёзунгамі «За Расею бяз Пуціна!», «Далоў паліцэйскую дзяржаву». Акцыя адбылася на тле палітычных рэпрэсіяў супраць апазыцыянэраў. Як успрымаецца пратэст у Расеі зь Менску? Ці можа ён паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

«Марш мільёнаў» у Маскве адбыўся нягледзячы на тое, што шэраг расейскіх апазыцыянэраў атрымалі выклікі ў Сьледчы камітэт, у іх адбыліся ператрусы, некаторых арыштавалі ў сувязі са справай аб масавых беспарадках на Балотнай плошчы 6 траўня. Паводле палітоляга Аляксея Караля, пакуль спраўджваецца аптымістычны прагноз — што акцыі ў Маскве выкліканыя агульным незадавальненьнем, якое зьбіралася гадамі і прарвалася цяпер.

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

«Таму рэпрэсіўныя меры ня узьдзейнічалі так, як яны падзейнічалі ў Беларусі. Паводле аптымістычнага прагнозу, узмацненьне акцыяў можа прывесьці толькі да радыкалізацыі гэтых выступаў».

Спадар Кароль вылучае адрозьненьні паміж сытуацыяй у Расеі і ў Беларусі:

«Гэтае незадавальненьне даволі глыбокае і захапіла ня толькі Маскву, але і рэгіёны. Па-другое, там ёсьць яшчэ сыстэмная апазыцыя. І трэцяе, фінансаваньне гэтых акцыяў ідзе за кошт тых буржуа, якія адчуваюць, што кансэрвацыя аўтарытарных тэндэнцыяў пагражае іх уласнаму існаваньню. І гэтыя чыньнікі абумоўліваюць пакуль што адрозьненьне ў бок актыўнасьці Масквы ад Менску».

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў лічыць няправільным параўнаньне Беларусі і Расеі.

«Расея існавала ў адноснай, „сувэрэннай“ дэмакратыі, былі нейкія адносныя свабоды. Тут апошнія 18 гадоў людзей саджалі на гады ў турму. Некаторыя гады адседзелі на „сутках“. І ціск на грамадзтва тут значна большы. Пакуль у іх гэта толькі пачынаецца. Калі Пуцін насамрэч узяў тактыку, якую выкарыстоўвае ўнутры краіны Лукашэнка, то, безумоўна, мы праз тры-пяць год можам пабачыць зусім іншы стан апазыцыі. Таму спадзяюся, што сябры з расейскай апазыцыі выкарыстаюць гэтую ўнікальную магчымасьць, гэтую падтрымку людзей, каб наблізіць зьмены ў Расеі, якія нам вельмі патрэбныя».

Аляксей Кароль адзначае, што падзеі ў Маскве ўплываюць на сытуацыю ў Беларусі.

«Адмоўны ўплыў для нас той, што падтрымка Пуціным Лукашэнкі ўзмацніцца, каб ня страчваць гэтую пляцоўку, гэты інтэрнацыянал аўтарытарных кіраўнікоў. І другі фактар уплыву — натхняльны: гэта дадасьць аптымізму апазыцыі. Бо перамены ў Маскве, новыя выбары і новы прэзыдэнт, перамены ў бок дэмакратызацыі адназначна вядуць і да зьмены ўлады ў Беларусі».

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч адзначае сур’ёзныя адрозьненьні сытуацыі ў Беларусі і ў Расеі:

«У нас рэпрэсіі і перашкоды свабодзе сходаў і свабодзе слова існуюць на ўзроўні выканаўчай улады. Сёньня ў Расеі дайшлі да таго, што на заканадаўчым узроўні ўводзяцца абмежаваньні свабоды сходаў. І паводле расейскага заканадаўства шмат якія мерапрыемствы робяцца злачыннымі, падпадаюць пад нібыта законныя рэпрэсіі. У Беларусі ў гэтым сэнсе ўсе рэпрэсіі незаконныя. Калі расейскія апазыцыянэры ня змогуць зрабіць свае акцыі пераможнымі, то ў іх будзе назірацца тое ж самае, што і ў Беларусі».

Ці паўплываюць масавыя акцыі пратэсту на сытуацыю ў Беларусі? Спадар Мацкевіч мяркуе, што дзьве краіны досыць далёка разышліся ў сваёй эвалюцыі ў розныя бакі:

«Таму непасрэднае заражэньне аднаго ад другога не адбываецца. Таму ня думаю, што наўпрост расейскія акцыі пратэсту будуць уплываць на сытуацыю ў Беларусі. Ня вельмі шмат беларусаў бяруць удзел у пратэстных акцыях у Маскве. Гэтак як няшмат расейскіх апазыцыянэраў падтрымлівалі нашы акцыі. Іншая справа, што беларускія ўлады могуць запазычыць досьвед расейцаў і прывесьці беларускае заканадаўства аб мітынгах у адпаведнасьць з расейскім».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG