Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў справе амністыі, падчас якой заявіў, што сярод крытэрыяў адбору амніставаных не павінна быць палітыкі. Ці азначае гэта, што ўлада не зьбіраецца датэрмінова вызваляць палітвязьняў?

Паводле Лукашэнкі, у сьпіс тых зьняволеных, якія могуць трапіць пад амністыю, «нацягваць» людзей, якія не павінны выйсьці, у тым ліку паводле нейкіх палітычных матываў, ні ў якім разе нельга.

Жонка зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук кажа, што на амністыю 3 ліпеня не спадзявалася і раней. Нядаўна Бяляцкага пакаралі скарачэньнем доўгатэрміновага спатканьня да адніх сутак. Акрамя таго Алесь не сплаціў 147 мільёнаў рублёў спагнаньняў, накладзеных судом. Абскардзіць гэтыя спагнаньні вязень ня мог: ягоная скарга заставалася не разгледжаная, бо ён не сплаціў дзяржаўную пошліну – 3,5 мільёна. Натальля Пінчук даводзіць, што пошліну муж сплаціць ня можа, бо меў за год толькі 70 тысяч заробку, і прадаць маёмасьць ня можа, бо тая арыштаваная. Учора, 11 чэрвеня, калегія гарадзкога суду адмовілася вызваліць Бяляцкага ад сплаты гэтай пошліны:

«Выглядае так, што любыя надзеі, любыя разьлікі на амністыю, якія ў кагосьці маглі б быць, цалкам перакрэсьліваюцца. У мяне такіх разьлікаў і не было. У некаторых была іншая думка, але зараз зьяўляецца ўсё больш фактаў, што разьлічваць на амністыю не выпадае».

Маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які адбывае 4 гады ў Івацэвіцкай калёніі, нядаўна даведалася, што апошнім часам да сына пачаліся прычэпкі з боку адміністрацыі, чаго раней не было. Марына Лобава зьвязвае гэта зь меркаванай амністыяй:

«Гэта ўсё зьвязана, бо яны імкнуцца, каб паводле закону нашы дзеці ня трапілі пад амністыю. Хоць пра які закон можна казаць, калі хлопцы незаконна пасаджаныя? Па мне, дык пакінулі б іх у спакоі, хай бы хлопцы адбывалі свае тэрміны, як звычайна. Не патрэбная нам гэткая амністыя, нават не чакаю яе. Ніхто не зьбіраецца праз суд дамагацца той амністыі, мы нават не разглядаем такі варыянт».

«Хімік» Павал Севярынец таксама на амністыю не разьлічвае – ён ужо падпадаў пад амністыю, калі адбываў першую «хімію» ў 2005 годзе ў вёсцы Сітна Полацкага раёну. Тады Паўла судзілі разам зь Міколам Статкевічам і пазьней зьнялі з абодвух па году паводле амністыі. «Такім чынам, Статкевічу амністыя таксама «ня сьвеціць», як і астатнім», – мяркуе Севярынец. Пры гэтым Павал лічыць, што датэрміновае вызваленьне палітвязьняў пры пэўных умовах яшчэ магчымае:

«Тут усё ясна: паводле тых крытэраў, якія абвешчаныя, ніводны палітычны пад амністыю не трапляе. А ўвесь сёньняшні сыр-бор, гэтыя нарады – гэта на экспарт, разьлік на эўрапейцаў. Ім пасылаецца сыгнал, што яны мусяць Лукашэнку нешта даць, каб ён выпусьціў хоць кагосьці. Гэта ўсё гандаль і ня мае ніякага дачыненьня да юрыспрудэнцыі. Пад размовы пра амністыю ўлада гандлюе палітвязьнямі».

У траўні Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС падрыхтаваў і ўнёс на разгляд Савету міністраў праект закону аб амністыі, які ўзгоднены з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.

Паводле папярэдніх ацэнак, зь месцаў пазбаўленьня волі могуць быць вызваленыя каля 2,8 тысячы чалавек. Больш чым 7 тысячам асуджаных у рамках амністыі плянуецца скараціць на год тэрмін пакараньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG