Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматлікія лядовыя палацы, якія будуюцца альбо ўжо ўзьведзены ў рэгіёнах Беларусі, робяцца цяжарам для мясцовых бюджэтаў.


Самы буйны даўгабуд — лядовы палац у Воршы

Лядовы палац у Воршы павінен быў стацца самым буйным на Віцебшчыне паводле маштабу: разьлічаны ён на 5 з паловай тысяч месцаў. Але стаўся ён самым буйным «даўгабудам»: яго плянавалі здаць яшчэ год таму. Не хапіла фінансаў, і цяпер на будаўнічай пляцоўцы амаль не відаць ніякіх зьменаў.

Аршанец Пётар Ягоравіч жыве на вуліцы Шаўчэнкі, якраз насупраць недабудаванага палаца:

«Ганяюць туды студэнтаў нешта прыбіраць...»

«На маіх вачах асабліва нічога не мяняецца: звонку кучы жвіру, вокны не паўсюль стаяць... Ну, ганяюць туды студэнтаў і школьнікаў, тыя нешта прыбіраюць... Можа, яго, вядома, і пабудуюць. Але, па агульным настроі, людзям цяпер на да хакея!»

Не да хакея збольшага і гарадзкім уладам, лічыць Пётар Ягоравіч. Бо ўтрыманьне лядовага палаца — справа дарагая, а самаакупным ён ніколі ня будзе:

«Калі будзем абіраць наступнага прэзыдэнта — трэба ведаць яго спартыўны інтарэс»

«На іх „павесілі“ гэты лядовы палац. Якія ж грошы трэба на яго абслугоўваньне! І дзе іх на сёньняшні дзень у Воршы ўзяць? І яго ж потым трэба будзе запаўняць? Значыць, будзе як у Магілёве: я чуў, там школьнікаў заганяюць у загадным парадку. І тут ужо чуткі ходзяць — маўляў, настаўнікі, рыхтуйцеся на канькі станавіцца! Вось каб замест Лядовага палаца пабудавалі аквапарк, людзі былі б задаволеныя: і дарослыя, і дзеці задавальненьне б атрымлівалі... Так што наступным разам прэзыдэнта трэба абіраць у залежнасьці ад таго, якім відам спорту ён захапляецца!»

Дзе «Дажынкі», там і палац

На Гарадзеншчыне існаваў толькі адзін лядовы палац — у абласным цэнтры, пакуль два гады таму не збудавалі яшчэ адзін — у Лідзе, дзе праводзіліся «Дажынкі». Цяпер на чарзе — палац у Слоніме, дзе таксама ў будучыні плянуюцца «Дажынкі».

Лядовую пляцоўку ў Лідзе выкупляюць для гульні аматарскія каманды з навакольных райцэнтраў, сказаў нам адзін спартовы чыноўнік. Ён лічыць, што палацы патрэбныя, пытаньне — адкуль браць на іх грошы, паколькі:

«Такі лядовы палац, напэўна, канцы з канцамі будзе зводзіць, на нуль будзе выходзіць. Але, вядома, прыбытку там ня будзе, гэта нерэальна».

Што да пэрспэктывы пабудовы лядовага палаца ў Слоніме, у раённай газэце «Слонімскі весьнік» патлумачылі:

«Практыка паказала ў бліжэйшых гарадах, у тых жа Баранавічах, горадзе больш буйным, што там мільярдныя страты, наколькі мне вядома».

Свае хакеісты ў Слоніме, аднак, ёсьць:

«Хакейная каманда аматарская, дарэчы, у Слоніме ёсьць, яны езьдзяць гуляць, дамашнія матчы праводзіць у Івацэвічах. Дырэктар гэтага клюбу і капітан

хакейную каманду набраць ня можа, людзей не хапае. Хоць ужо і рэкляму ў газэце давалі, тым ня менш моладзь цікавіць сёньня іншае ...

каманды — прадпрымальнік. Як капітан ён бы хацеў мець тут лядовы палац. Але як грамадзянін і прадпрымальнік, які ўмее лічыць грошы, ён лічыць, што гораду палац гэты не патрэбны, бо ён сябе не акупіць. Ён бачыць, як акупляюцца гэтыя палацы ў іншых гарадах. Яму таньней езьдзіць туды, хоць як гульцу, як капітану, кажа, мне хацелася гуляць дома. Ды сёньня моладзь і не зусім зацягнеш на спартыўную пляцоўку. Ён хакейную каманду набраць ня можа, людзей не хапае. Хоць ужо і рэкляму ў газэце давалі, тым ня менш моладзь цікавіць сёньня іншае».

Не чуваць, каб палац быў самаакупны


Раней у Слоніме думалі пабудаваць крытую хакейную пляцоўку, але потым размовы пайшлі пра лядовы палац.

Спадар: «У нас жа плянавалі будаваць крытую пляцоўку. А потым перайгралі, што да „Дажынак“ будзе ўключана ў плян будаўніцтва палаца. Месца на генпляне забраніравана, там нічога не будуецца. Вакол узводзяцца дамы, а гэтую пляцоўку пакуль пакідаюць. Вядома, такі, як у Баранавічах, вельмі дарагі, будаваць тут ня варта, трэба лічыць грошы. Мне невядома, дзе яны поўнасьцю акупляюцца. Ну, хіба за кошт таго, што езьдзяць з суседніх гарадоў. А калі яны будуць ва ўсіх? Хоць, напрыклад, у Фінляндыі ў самым невялікім гарадку ёсьць крытая пляцоўка».

На Магілёўшчыне лядовыя палацы — папулярныя коўзанкі ў абласным цэнтры й Бабруйску. Яны не пустуюць. Але наведнікі наракаюць, што для такіх вялікіх гарадоў палацавыя коўзанкі замалыя.

Наведнікі коўзанкі ў Магілёўскім лядовым палацы сьцьвярджаюць — каб набыць квіток, трэба адстаяць вялізную чаргу. Наведнік лядовага палаца Павел адзначае:

«Народ ходзіць — не прашчэмісься. Білетаў не купіць. Прадаюць іх толькі ў дзень масавага катаньня. Загадзя цяпер не прадаюць. Ахвотнікаў зашмат. Некалькі разоў узьнікалі канфлікты, бо не хапала месцаў. Таму вырашылі адмовіцца ад двайных стандартаў. Канькі, у прынцыпе, там даюць добрыя й з заточкай могуць дапамагчы, калі трэба».

Узімку палацы — пустыя, бо ёсьць адкрытыя коўзанкі

Папулярнасьць магілёўскай крытай коўзанкі адзначае і яшчэ адзін яе наведнік, Аляксандар:

«Людзей нават бывае болей, чым трэба. Перагружаюць каток. Мы аднойчы стаялі гадзіны дзьве, каб узяць білет. Асабліва папулярны каток будзе ў жніўні, калі людзі захочуць коўзацца. Узімку меней папулярны, бо ёсьць адкрытыя каткі».

Першапачаткова магілёўская крытая коўзанка была разьлічаная на правядзеньне хакейных матчаў, пазьней яе сталі наведваць аматары пакоўзацца на каньках.

Выжываць палацам дапамагаюць канцэрты й забаўляльныя праграмы


У Бабруйску сытуацыя аналягічная. Коўзанка мясцовай «Бабруйск-арэны» запаўняецца максымальна. Што да фінансавых дасягненьняў, то ў прыватных гутарках супрацоўнікі лядовых палацаў і Магілёва, і Бабруйску адзначаюць, што выжываць ім дапамагаюць мерапрыемствы неспартовага профілю — канцэрты й забавы.


Нават у Шклове лядовы палац замарозілі


Два гады таму ўлады абяцалі лядовых палацаў набудаваць на Магілёўшчыне амаль у палове райцэнтраў. Адразу ўзяліся ўзводзіць у Шклове. Цяпер будоўлю замарозілі. Паводле супрацоўніка арганізацыі-падрадчыка, пасьпелі ўбіць палі, падвесьці камунікацыі, і ўсё:

«Няма пакуль грошай. Усё прыпынена. Пакуль усе сілы кінутыя на Горкі. Можа, у наступным годзе дадуць грошы».

У Горках сёлета пройдуць «Дажынкі». Лядовы палац у райцэнтры пачалі ўзводзіць прыкладна ў адзін час са шклоўскім. Потым будаўнічыя працы запаволіліся празь нястачу фінансаваньня. Аднавіліся працы сёлета ўзімку. Дапамог бюджэт «Дажынак». Напрыканцы лета абяцаюць лядовы палац здаць.

Што ні палац, то свой скандал...

На Берасьцейшчыне пабудавана ўжо 8 лядовых арэн і палацаў. Зь іх толькі адна знаходзіцца не на балянсе дзяржавы — арэна ў Бярозе, якую фундаваў бізнэсовец Юры Чыж. Пра астатнія адмыслоўцы кажуць, што яны стратныя.

Зь лядовымі палацамі на Берасьцейшчыне было зьвязана шмат скандалаў. Толькі за першы год працы Баранавіцкага палаца выявілася, што ён завінаваціўся дзяржаве больш за 200 тысяч даляраў.

Напрыканцы 2011 году стратны Берасьцейскі лядовы палац перайшоў пад абласны бюджэт. Там нават пэўны час затрымлівалі заробкі супрацоўнікам.

Жыхар Пружанаў, які папрасіў не называць ягонага імя, распавёў, што ў райцэнтры нават чыноўнікі ў кулюарах абмяркоўваюць, якім цяжарам ляжыць палац на бюджэце:

«Палац быў пабудаваны ў 2007 годзе. Спачатку ён быў запатрабаваны. Аднак
цяпер, фактычна, лядовы палац працэнтаў на 30 запатрабаваны ...

потым выявілася некаторая спэцыфіка ў дадзенага аб’екта. Па-першае, павышаная траўманебясьпечнасьць. Пасьля пабудовы басэйна гэта быў яшчэ адзін, скажам так, „удар пад дых“ у пляне канкурэнцыі. Ну, а цяпер, фактычна, лядовы палац працэнтаў на 30 запатрабаваны. Гэтыя аб’екты павешаныя на раённы бюджэт і цягнуць вельмі капітальна з раённага бюджэту. І яны не акупляюцца абсалютна. З эканамічнага пункту гледжаньня такі гарадок не пацягне яго ніколі...»

З такой думкай пагаджаецца і вядомы берасьцейскі журналіст і блогер Валер Цапкоў. Ён спэцыялізуецца на тэме сучаснага будаўніцтва і мяркуе, што лядовыя палацы будуюцца зь няякаснымі бізнэс-плянамі:

«Хацелася б, каб падобным аб’ектам папярэднічаў бінэс-плян. Я ня ўпэўнены, што ўсё гэта рабілася. Усё разьлічвалася, што бюджэт аплаціць, адзін раз аплаціць, другі раз аплаціць, даўгі аплаціць, і можна не лічыць... Любы аб’ект, калі будуецца, павінен прадугледжваць магчымасьць іншага мэтавага прызначэньня. У Расеі зараз таксама будуюцца лядовыя палацы, але ж там вельмі лёгкая канструкцыя».

«Гэта прыклад, калі ідэалёгія важнейшая за эканоміку»

Асноўнай праблемай беларускіх лядовых палацаў спадар Цапкоў лічыць іх высокую энэргастратнасьць, якая і прыводзіць да велізарных даўгоў.

Валер Цапкоў сумняецца, што пры гэтай уладзе ўдасца аптымізаваць палацы пад больш рацыянальнае выкарыстаньне. Ён кажа, што пакуль тут ідэалёгія важнейшая за эканамічны складнік. Тым ня меней ён мяркуе, што з гэтым пытаньнем рана ці позна сутыкнецца новая ўлада:

«Вядома, я ня думаю, што калі ўлада зьменіцца, то там пачнуць захоўваць бульбу. Але давядзецца ўключаць здаровы сэнс...»

«Не будуюць палац — і маюць рацыю»

Алег Мацкевіч, дэмакратычны актывіст: «Улада ў Барысаве мае рацыю, што не будуе лядовы палац!»

Ужо сёлета жыхар Барысава, прыхільнік руху «За свабоду» Алег Мацкевіч вызначыўся як ініцыятар шэрагу грамадзкіх ініцыятываў супраць рашэньняў мясцовай улады. Гэта быў і пратэст супраць увядзеньня платных паслугаў у мясцовай паліклініцы, і зварот да дырэктара Барысаўскага малочнага камбінату наконт спыненьня вытворчасьці таннага малака.

Цяпер жа дэмакратычны актывіст на баку ўлады і падтрымлівае яе пазыцыю — надалей адтэрміноўваць будаўніцтва лядовага палаца, які Лукашэнка загадаў пабудаваць яшчэ ў 2006-м годзе.

Меркаваньне Алега Мацкевіча:

«Барысаў можна параўнаць з Баранавічамі. Горад дастаткова разьвіты, прамысловы. Там раней збудавалі лядовы палац. Але ад таго часу займелі зь ім праблемы. Там страты каля 300 тысяч даляраў у год.

Я раней неяк не задумваўся пра гэта. А зараз мяркую, што гарадзкая ўлада ў Барысаве мае рацыю. Зрэшты, збудаваць лядовы палац нібыта можна, але ж пасьля яго трэба ўтрымліваць... А тут яшчэ надышла чарга будаваць футбольны стадыён, і невядома, як ён будзе акупляцца. Мяркую, што наўрад ці ён будзе прыбытковы.

„Нельга цяпер у Беларусі чагосьці захацець, каб адразу займець...“

Урэшце, калі адвольна меркаваць, без уліку цяперашніх эканамічных праблем, то няхай будзе й футбольны стадыён, і лядовы палац. Але ж мы не Нямеччына, да прыкладу. Нельга цяпер у Беларусі чагосьці захацець і адразу займець. Таму, калі ведаеш, што, да прыкладу, зараз у мэдычных установах чэргі вялікія, а абсталяваньне — дабітае, што абслугоўваньне — жахлівае (я сам нядаўна з гэтым наўпрост сутыкнуўся), то прыходзіш да канкрэтнай думкі: нам патрэбная разумная ўлада, якая будзе раіцца з народам, а ня проста выконваць загады аднаго чалавека...»

«Праблемы лядовых палацаў — гэта вынік недасканаласьці палітычнай сыстэмы»

Вядомы беларускі вучоны-эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што цяперашнія праблемы лядовых палацаў — гэта вынік далёкай ад дасканаласьці палітычнай сыстэмы«. Экспэрт тлумачыць:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Толькі сёлета ў Беларусі амаль у тры разы скарацілася фінансаваньне такіх дзяржаўных праграм, як жыльлёвае будаўніцтва за кошт ільготных крэдытаў. Таксама істотна скарацілася фінансаваньне будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў. Можна меркаваць, што зьменшаныя і выдаткі на лядовыя палацы й іншыя спартовыя збудаваньні.

Увогуле, ці трэба ў Беларусі дабудоўваць лядовыя палацы й пачынаць будаўніцтва новых? Гэта пытаньне, на мой погляд, не эканамічнае, а пытаньне выбару людзей. Я за тое, каб мясцовыя ўлады таксама мелі права выбару, а ня дзейнічалі толькі на загад „зьверху“.

Калі мясцовая ўлада вырашыць, што невялікія сродкі, якія ў іх ёсьць, пойдуць на добраўпарадкаваньне вуліц ці замену ліхтароў, альбо на ўзьвядзеньне мастоў ці лядовага палаца, то калі гэта яны самастойна будуць выбіраць — няхай выбіраюць!»
XS
SM
MD
LG