Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьбіраюцца беларусы: Баўгарыя, Турэччына, Грэцыя


Куды скіроўваюць позіркі беларусы ў разгар сэзону адпачынкаў? Ці ачунялі ад мінулагодняга шоку, калі многія так і не змаглі набыць валюту, каб выехаць за мяжу? Якія курорты карыстаюцца найбольшым попытам?

Найбольш папулярнымі сярод беларусаў застаюцца курорты Турэччыны, Эгіпту, Баўгарыі, а таксама ўкраінскі Крым. Ня надта адбіўся на попыце і нядаўні адчувальны землятрус з эпіцэнтрам у Міжземным моры, які зачапіў шэраг турэцкіх і эгіпецкіх прыбярэжных гарадоў. Як паведамілі ў турыстычных фірмах, кліенты хоць і цікавяцца прагнозам сэйсьмічнай актыўнасьці, але бронь не анулююць.

Як мяркуе кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстар, у параўнаньні зь мінулым летам сёлета колькасьць беларускіх турыстаў павінна вырасьці. Па-першае, летась ва ўмовах зацяжнога валютнага крызісу, які накрыў увесь сэзон адпачынкаў, людзі папросту не маглі купіць неабходную колькасьць валюты. Па-другое, ва ўмовах няпэўнасьці шмат хто мусіў адмовіцца ад паездак, каб пасьля абясцэньваньня рубля проста зьвесьці канцы з канцамі:

Чатка людзей летась так нікуды і не паехала — адпаведна, гэта адзін са складнікаў, які паспрыяў ростe

«Сэзон праходзіць досыць актыўна: раньняе браніраваньне ўжо завяршылася, а што тычыцца асноўных плыняў продажаў, якія абмяркоўваюцца фірмамі, то будзем бачыць па выніках ліпеня-жніўня. Пэўная актыўнасьць у гэтым годзе забясьпечаная коштам таго, што частка людзей летась так нікуды і не паехала — адпаведна, гэта адзін са складнікаў, які паспрыяў росту. Народ летась сумняваўся, ехаць ці ня ехаць, куды ўвогуле ехаць. І вось гэтыя ашчаджэньні, якія засталіся не рэалізаванымі, дазволілі прымножыць і павялічыць складнікі такога росту. Вядома, нельга гаварыць пра вельмі вялікі рост, але тэндэнцыя да аздараўленьня, як кажуць, мае месца».

Што тычыцца асноўных маршрутаў, то яны з году ў год застаюцца амаль нязьменнымі. Хіба што, як кажа спадар Цэхмэйстар, сёлета асобна стаіць Баўгарыя, якая засьведчыла шматразовы прырост турыстаў зь Беларусі. Назіраецца павелічэньне ахвотных адпачыць у Грэцыі — фінансавы крызіс у гэтай краіне прымушае турапэратараў неістотна, але дэмпінгаваць у пагоні за кліентамі:

«Хоць запатрабаваныя звыклыя маршруты, але Баўгарыя ў гэтым годзе перавысіла ўсе чаканьні — паток узрос ажно ў чатыры разы! З гэтай прычыны мы з баўгарамі вялі напружаную працу, каб яны пашырылі штат консульскіх работнікаў. Вынік ёсьць: у панядзелак з Сафіі прыбылі яшчэ два супрацоўнікі, якія павінны дапамагчы ў афармленьні дакумэнтаў, бо наяўнымі сіламі кансулят ужо не спраўляўся. Ну, а так кірункі звыклыя. Адзінае, што ідзе сэзоннае пераразьмеркаваньне. За кошт спаду цікавасьці да Паўночнай Афрыкі — Эгіпту і Тунісу, дзе стаіць гарачыня і ў летні сэзон гэтыя маршруты не асабліва папулярныя — у асноўным цікавасьць выяўляецца да Баўгарыі, Турэччыны, Грэцыі. Апошняя хоць і даражэйшая за Эгіпет, але ёсьць пэўныя прывабныя прапановы. Ну, і эксклюзіў у некаторых кірунках: нельга, вядома, сказаць, што ён масавы, але, тым ня меней, Індыя, Куба ў пэўнай нішы беларускіх турыстаў таксама запатрабаваныя».

У часе леташняга фінансавага крызісу дзяржаўныя чыноўнікі, вызначаючы стаўленьне да праблемаў з валютай у разгар сэзону адпачынкаў, рэкамэндавалі людзям адпачываць на радзіме. Тым ня меней, як кажа дырэктар турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка, адпачынак у Беларусі даўно спаборнічае ў коштах з паездкай за мяжу, дый трапіць у айчынныя здраўніцы з-за нашэсьця расейцаў амаль немагчыма:

Кошт адпачынку ў Беларусі ня самы нізкі на ўзроўні эўрапейскім

«Так, тут ёсьць некаторыя відавочныя супярэчнасьці. Найперш у тым сэнсе, што на вышэйшым узроўні сапраўды было сказана: адпачываць неабходна ў Беларусі. Але нават для тых, хто з розных прычынаў ня можа дазволіць сабе адпачынак за мяжой, адпачынак у Беларусі можа быць таксама недасяжны. Па-першае, кошт адпачынку ў Беларусі ня самы нізкі на ўзроўні эўрапейскім. Па-другое, мы, зноў жа, ведаем, што турыстычны комплекс, які існуе ў Беларусі, мае дакладную дырэктыву працаваць на экспарт. То бок ён павінен перадусім прыносіць валюту дзяржаве. І ў выніку атрымліваецца вось такая лягічная нестыкоўка. Таму найбольш рэальная альтэрнатыва для многіх беларусаў — лецішча».

Значная колькасьць беларусаў увогуле не карыстаецца паслугамі пасярэднікаў і звыкла выяжджае на адпачынак самастойна. Гэта тычыцца найбольш Крыму, узьбярэжжа Азоўскага мора, Краснадарскага краю Расеі. З-за праблемаў з атрыманьнем візаў далёкія ад масавай беларускай прысутнасьці папулярныя некалі курорты суседніх Літвы і Латвіі — Паланга і Юрмала.
XS
SM
MD
LG