Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня вечарам футбольныя каманды Польшчы і Расеі згуляюць адна супраць адной у рамках чэмпіянату Эўра-2012. Матч адбудзецца на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве, пачатак у 20.45 мясцовага часу.

У першым туры групавых матчаў Расея разграміла Чэхію зь лікам 4-1, а гульня Польшчы з Грэцыяй закончылася вынікам 1-1. Калі Расея сёньня перагуляе Польшчу, яна практычна пахавае шанцы аднаго з двух гаспадароў чэмпіянату на выхад з групы.

Але гэты матч, як падкрэсьліваюць шмат якія польскія і міжнародныя камэнтатары, важны для абедзьвюх краінаў ня толькі з чыста спартовых матываў. Ён таксама важны з прычынаў палітычнага, гістарычнага, і псыхалягічнага характару. Усё гэта знакаміта падсумоўвае вокладка апошняга выданьня тыднёвіка Newsweek Polska, на якой трэнэр польскай каманды, Францішак Смуда, паказаны ва ўніформе польскага легіянэра з часоў польска-бальшавіцкай вайны 1920 году, а подпіс пад здымкам гучыць: «Польшча-Расея, Варшаўская бітва 2012». І яшчэ пытаньне, меншым шрыфтам: «Чаму ў матчах з Расеяй ідзецца ня толькі пра футбол?»

Ну вось, чаму? Пытаньне і простае, і складанае адначасова. Калі адказаць коратка, дык перш за ўсё з увагі на дачыненьні абодвух народаў у гісторыі, з увагі на гістарычную траўму, якую па сёньняшні дзень адчувае Польшча як наступства гэтых дачыненьняў. А таму ў чыста спартовай падзеі, якая датычыць расейскіх і польскіх спартоўцаў, палякі ставяць на кон ня толькі спартовы, але і нацыянальны гонар.

Сытуацыя зь сёньняшнім матчам ускладняецца яшчэ і тым, што ён выпаў у дзень нацыянальнага сьвята Расеі, і расейскія заўзятары плянуюць правесьці марш на стадыён па мосьце над Віслай, каб адзначыць Дзень Расеі. Варшаўскія ўлады дазволілі гэты марш, магчыма, баючыся, што забарона маршу будзе мець значна горшыя палітычныя наступствы, чым дазвол. Але цяпер усе баяцца, каб марш 10 тысяч расейскіх футбольных фанатаў не закончыўся сутычкамі з польскімі заўзятарамі ці з польскімі радыкальнымі правымі групоўкамі.

Міністар унутраных справаў Польшчы Яцэк Ціхоцкі сказаў журналістам, што падрыхтоўка да гэтага матчу зьяўляецца «самым сур’ёзным выпрабаваньнем» для сіл правапарадку ў Варшаве. Наогул падчас матчаў Эўра-2012 у польскай сталіцы дзяжураць 6 тысяч паліцыянтаў. Колькасьць ахоўнікаў парадку падчас гэтага матчу, як усе прагназуюць, можа значна ўзрасьці, хоць ніхто не называе канкрэтных лічбаў.

У расейскіх і польскіх футбольных заўзятараў ужо ўзьніклі праблемы з польскім законам і з УЭФА.

УЭФА, арганізатар чэмпіянату, расьсьледуе справу расейскіх заўзятараў у сувязі з расісцкімі выпадамі супраць чарнаскурага гульца чэскай каманды Тэадора Гебрэ Сэласіе. Дысцыплінарная справа была адкрытая таксама супраць Расейскай футбольнай фэдэрацыі пасьля таго, як на матчы з Чэхіяй расейскія заўзятары запальвалі і кідалі піратэхніку на футбольнае поле. А польскія ўлады двум расейскім фанатам футболу забаранілі на два гады ўваход на стадыёны ў Польшчы пасьля таго, як яны ўзялі ўдзел у зьбіваньні двух ахоўнікаў парадку на стадыёне ва Ўроцлаве пасьля гульні Расея-Чэхія.

Польская паліцыя таксама затрымала 10 польскіх заўзятараў пасьля таго, як яны ўзялі ўдзел у бойцы перад матчам Харватыя-Ірляндыя ў Познані.

Але ўсе згаданыя праблемы з расейскімі і польскімі футбольнымі фанатамі блякнуць перад памерам выкліку, які чакае як фанатаў, так і польскую паліцыю ў сувязі зь сёньняшняй гульнёй Польшчы з Расеяй у Варшаве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG