Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: у Сырыі калечаць, арыштоўваюць, забіваюць дзяцей


Сырыйскія войскі выкарыстоўваюць дзяцей як жывыя шчыты пры вядзеньні баявых дзеяньняў, іх арыштоўваюць, катуюць і калечаць, — гаворыцца ў апублікаванай сёньня штогадовай справаздачы ААН аб становішчы дзяцей у сытуацыі ўзброеных канфліктаў.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, з сакавіка мінулага году ў Сырыі загінулі каля 1200 дзяцей.

Як найцяжэйшы выпадак гвалту справаздача называе разгром вёскі Айн аль-Аруз ў правінцыі Ідліб, які адбыўся 9 сакавіка. Урадавыя войскі абкружылі вёску і трымалі ў аблозе на працягу чатырох дзён, выкарыстоўваючы дзяцей у якасьці жывых шчытоў.

Па словах прадстаўніка ААН па справах дзяцей у сытуацыі узброеных канфліктаў Радхікі Кумарасвамі, узброеная сырыйская апазыцыя таксама выкарыстоўвае дзяцей — у асноўным як санітараў, аднак у гэтай ролі ім даводзіцца бываць на перадавой.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун назваў даклад доказам «сур’ёзных злачынстваў» у дачыненьні да дзяцей. Ён таксама паўтарыў патрабаваньне адкрыць доступ назіральнікам ААН да горада Хафа ў правінцыі Лятакія, выказанае напярэдадні міжнародным пасланьнікам ў Сырыі Кофі Ананам. У назіральнікаў ёсьць засьцярогі, што гэты горад стаў у панядзелак месцам чарговай масавай расправы.
XS
SM
MD
LG