Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат Эўропы па футболе, які пры канцы мінулага тыдня стартаваў на арэнах Польшчы і Ўкраіны, ужо адзначыўся сэнсацыйнымі вынікамі некаторых матчаў, а таксама сур’ёзнымі жарсьцямі па-за стадыёнамі з удзелам асабліва распаленых заўзятараў. На гэтым тле Беларусь каторы ўжо год запар застаецца староньняй назіральніцай за тым, што адбываецца на галоўных кантынэнтальных спаборніцтвах.

Беларуская зборная чарговым разам праваліла плян на выхад з адборачнай групы, таму гульцы назіраюць за футбольнымі баталіямі чэмпіянату Эўропы праз тэлевізар. Каманды, якую хочацца падтрымаць, няма, і прысутнасьць на стадыёнах Польшчы ды Ўкраіны заўзятараў зь Беларусі досыць сьціплая. Пераважна гэта неарганізаваныя купкі аматараў, якім удалося самастойна набыць ня самыя дарагія квіткі на групавыя сустрэчы. Бальшыня ж скіроўваецца ў адмысловыя фан-зоны, дзе на вялізных экранах футбол трансьлюецца ў жывым эфіры абсалютна бясплатна. Прыкладам, на кіеўскім Крашчаціку адначасна глядзець спорт № 1 могуць блізу 100 тысяч чалавек. Як кажа карэспандэнт газэты «КоммерсантЪ-Украина» Юрый Панчанка, у часе сустрэчы паміж гаспадарамі і Швэцыяй дакладна чакаецца аншляг:

«Перакрытая частка Крашчаціку ад Майдана Незалежнасьці да мэтро „Крашчацік“, і на агароджанай праезнай частцы арганізаваная фан-зона. Там жа намёты спонсараў ды ўсё іншае. Гэта нармальная практыка, такое ёсьць і ў іншых гарадах, якія прымаюць Эўра-2012, у тым ліку і ў Польшчы. Шчыра кажучы, у гэтым сэнсе я чакаў горшага. Я якраз жыву ў цэнтры Кіева, каля стадыёну, думаў, што, хутчэй за ўсё, давядзецца на гэты месяц увогуле зьехаць жыць на лецішча. Але пакуль нібыта нармальна, без дыскамфорту. Праўда, паглядзім, як сёньня будзе, бо якраз першы матч у Кіеве. Сам пляную глядзець матч менавіта ў фан-зоне, хоць квіткі ў прынцыпе набыць яшчэ можна. На матчы з Украінай, вядома, гэта вельмі складана, але на гульні зь іншымі камандамі — цалкам рэальна. Нават у Кіеве на матч Англія — Швэцыя нам прапаноўвалі квіткі, таму вялікіх праблемаў няма».

Асобныя беларускія камэнтатары, якія асьвятляюць матчы, седзячы пры маніторах у офісе Белтэлерадыёкампаніі, падрабязна расказваюць пра шматлікія праблемы, зь якімі сутыкнуліся арганізатары Эўра-2012. Нібыта матч-адкрыцьцё 8 чэрвеня быў пад пагрозай з-за таго, што ўлады Польшчы недаплацілі польскім будаўнікам за ўзьвядзеньне стадыёну ў Варшаве больш як 2 мільёны эўра. Праўда, на вуліцу абяцаных 6 тысяч працоўных ніхто так і ня вывеў. Чуваць крытыка на адрас украінскіх уладаў, якія не перашкодзілі ўзьлёту коштаў на гатэлі, што перакрыла паток турыстаў. Як кажа Юрый Панчанка, сытуацыя вакол Эўра-2012 сапраўды неадназначная, але «не сьмяротная»:

«Сытуацыя двухсэнсоўная. З аднаго боку, была вельмі вялікая інфармацыйная атака — як аб’ектыўная, так і даволі суб’ектыўная. Суб’ектыўная зьвязаная найперш з расейскімі скандаламі — маўляў, ва Ўкраіну ўвогуле небясьпечна ехаць, што, на мой погляд, усё ж не адпавядае рэчаіснасьці. Аб’ектыўная — перадусім з гледзішча інфраструктуры. Як гэта прынята ў нашых краінах, шмат што рабілася ў апошні момант, таму пастаянна знаходзіліся якіясьці „хвасты“, якія, натуральна, вылазілі вонкі. Напрыклад, добраўпарадкаваньне тэрыторыі вакол стадыёну „Алімпійскі“ ў Кіеве, які будзе прымаць фінал Эўра-2012, завяршылі толькі ўчора (пазаўчора ішоў побач, і на стадыёне яшчэ кіпела праца). То бок чэмпіянат ужо пачаўся, а там яшчэ нешта фарбавалі. Учора ўвечары спынілі працу, мабыць, толькі таму, што сёньня там трэба прымаць першы матч Украіна-Швэцыя. Як кажуць, да самай стужачкі ішла праца».



Прысутнасьць зборнай Беларусі на кантынэнтальных спаборніцтвах пакуль нават не абмяркоўваецца. Тыдзень таму галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Георгій Кандрацьеў увогуле заявіў, што Беларусь ніколі не была футбольнай краінай, таму, калі ёсьць жаданьне нечага дабіцца, то трэба футбол разьвіваць. Адзін з самых вядомых беларускіх футбалістаў Юрый Пудышаў лічыць, што ягоны сябра гаварыў на эмоцыях, а на сёлетнім чэмпіянаце беларусы глядзеліся б ня горш за некаторыя каманды-ўдзельніцы:

«Ну, гэта Жора збольшага на эмоцыях. Ён жа сам быў выдатны футбаліст, у „Клюб Фядотава“ ўвайшоў, добрым бамбардзірам быў. А намякнуў проста на тое, што футболу ў Беларусі павінны больш увагі надаваць, нашмат больш. Толькі з-за гэтага, на эмоцыях. А так Беларусь была футбольнай краінай, ёй і застанецца. Гэта ў Эўропе гульня № 1, у сьвеце, і ў Беларусі футбол усё роўна будзе гульнёй № 1. Таму Жора толькі з-за таго, што ў пачуцьцях вельмі расстроеных ад стаўленьня да футболу. А на чэмпіянат група ў нас праходная была, тым больш у Францыі 4 ачкі адабралі. Дый там пакуль нічога асаблівага. Глядзеў палякаў з грэкамі, дык нашы, лічу, згулялі б цікавей, у нас сярэдзіна добрая на чале з Кульчыем. Глядзеў галяндцаў. Гэтыя мільянэры пакуль расшавяліліся, дык датчане іх пакаралі. Нашы каб некалькі такіх гульняў згулялі, цалкам маглі б скарыстаць момант. То бок усе думаюць, што беларусы слабыя, а ўзялі б, як датчане, ды скарысталіся гэтым. Таму не-не, думаю, нашы на сёлетнім Эўра сюрпрыз маглі б паднесьці».

А вось для некаторых заўзятараў чэмпіянат Эўропы скончыўся, так толкам і не пачаўшыся. Пасьля буйной перамогі ў Познані зборнай Расеі над Чэхіяй некалькі дзясяткаў расейскіх фанатаў спачатку «абклалі» расісцкімі выкрыкамі цёмнаскурага футбаліста чэскай каманды Тэадора Гебрэ Сэласіе, а пасьля зьбілі 12 мясцовых стуардаў, што зафіксавалі камэры відэаназіраньня. Некалькі чалавек неўзабаве былі затрыманыя, суд пакараў іх штрафамі ў эквіваленце 500 эўра, цягам двух гадоў ім забаронена наведваць масавыя мерапрыемствы на тэрыторыі Польшчы. Шэраг падбухторшчыкаў пакуль у вышуку. Пасьля вывучэньня фота- і відэаматэрыялаў UEFA распачала дысцыплінарную справу ў адносінах да Расейскага футбольнага зьвязу ў сувязі з паводзінамі заўзятараў з Расеі.
XS
SM
MD
LG