Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сушы ў краіне дранікаў


Тунец, які выкарыстоўваюць у гатаваньні сушы
Тунец, які выкарыстоўваюць у гатаваньні сушы

Кіраўнік Расспажыўнагляду, галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка рэзка скрытыкаваў рэстараны японскай кухні і параіў расейцам не захапляцца сушы — маўляў, санітарная служба Расеі праверыла некалькі дзясяткаў рэстарацыяў і паўсюль знайшла парушэньні. Ці любяць беларусы сушы і наколькі бясьпечная гэта нязвыклая ежа з сырой рыбы ў Беларусі?

У Беларусі японскія сушы таксама зрабіліся вельмі папулярнымі — зьявіліся цэлыя сеткі рэстарацыяў «Сушы вёслы», «Плянэта сушы», «Сушы хаўс», «Манга-сушы». І беларусы, асабліва моладзь, вельмі хутка прызвычаілася да нязвыклай ежы і палюбілі яе, пра што сьведчыць гэтае апытаньне.

Карэспандэнтка: «Вы любіце сушы?»

Дзяўчына: «Любім. Пару разоў, праўда, каштавалі, але любім».

Юнак: «Калі шчыра, то я, напэўна, не каштаваў. Але, напэўна, таксама люблю».

Хлопец: «Я іх ня часта ўжываю, бо дорага. Але вельмі смачныя, незвычайны смак».

Спадарыня: «Я абажаю сушы!»

Карэспандэнтка: «А не баіцёся, што гэта небясьпечна?»

Спадарыня: «Не. Я давяраю кухарам, думаю, што санітарныя нормы ў нас выконваюцца. Таму любіла, люблю і буду ўжываць іх і далей».

Дзяўчына: «Я думаю, што прадпрыемствам грамадзкага харчаваньня нявыгадна рабіць іх зь нейкіх кантрафактных прадуктаў, таму што гэта дастаткова сур’ёзна караецца. Тым больш, што ніякую тэрмаапрацоўку прадукты не праходзяць, таму яны выбіраюцца дастаткова сур’ёзна і строга».

Жанчына: «Ну, гледзячы дзе купляць. Калі купляць у краме, дзе яны могуць даволі доўга ляжаць, — напэўна, так, небясьпечна. А калі ў добрых рэстарацыях, то, думаю, кожны гаспадар хоча, каб да яго кліенты прыходзілі, і ён будзе старацца падтрымліваць марку».

Ня толькі сушы трэба апасацца, а любага прадукту, які прадаецца ў краме. А сушы — гэта кропля ў моры

Юнак: «Любім сушы вельмі, але ня часта ўжываем — дорага».

Карэспандэнтка: «А ці верыце, што яны робяцца са сьвежай рыбы? Бо яны быццам бы з сырой рыбы павінны гатавацца».

Юнак: «Дык з сырой рыбы, вядома. Сырая рыба — якраз і паказьнік таго, што яна сьвежая».

Спадар: «Яна ня можа быць сьвежай, бо ў нас жа няма сьвежай марской рыбы».

Карэспандэнтка: «А сырая рыба — верыце, што яна сьвежай даходзіць да нас?»

Спадар: «Марожаная, магчыма, і даходзіць».

Карэспандэнтка: «А не баіцёся за сваё здароўе?»

Спадар: «Не. Колькі елі, і ні разу праблем не было».

Юнак: «Ня толькі сушы трэба апасацца, а любага прадукту, які прадаецца ў краме. А сушы — гэта кропля ў моры».

У Расеі сапраўды было шмат выпадкаў масавых атручэньняў сушы — у Маскве, Сургуце, Уфе, Омску, Таганрогу.

Шэф-кухар менскай рэстарацыі «Плянэта сушы» Максім Левашоў ня раз бываў у Маскве і на ўласныя вочы бачыў, як працуюць японскія рэстарацыі.

Ён пагадзіўся, што там могуць быць праблемы: «У іх не кантралююць якасьць, можна дзесьці заразіцца з-за парушэньняў тэхналёгіі гатаваньня (бо ў японскай кухні перавага аддаецца сырой рыбе). Паколькі ў нас патрабаваньні, якія выстаўляюць санітарныя службы, вельмі жорсткія, ідзе кантроль якасьці прадукцыі ад моманту прыходу, а прадукты бярэм толькі ў афіцыйных пастаўшчыкоў па накладных, ліцэнзіях, сэртыфікатах якасьці, у нас усё адсочваецца і правяраецца. Магу сказаць, што ў Маскве далёка ня так, то бок там могуць купіць незразумела дзе незразумела які прадукт».

Генадзь Анішчанка 9 чэрвеня на брыфінгу палохаў суайчыньнікаў: «Навошта вам есьці гэту паражаную глістнымі інвазіямі рыбу?» Ці знаходзілі небясьпечных паразытаў у беларускіх сушы?

Лекар Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі кажа: «Рыба выкарыстоўваецца правераная, марская. І што да гельмінтаў, то якраз там іх няма. Што да паразытарных захворваньняў, то ў нас спакойная сытуацыя. І ў Расеі таксама. Штосьці я ня чула, каб былі праблемы з гэтым. Гэта нейкая галаслоўная інфармацыя».

У аддзеле гігіены харчаваньня Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру гігіены таксама не прыгадалі ніякіх скандалаў ці праблем, зьвязаных з сушы-рэстаранамі: «Ведаеце, на слыху ў мяне няма, нічога не магу ўзгадаць, каб былі нейкія праблемы...»

Шэф-кухар сталічнай рэстарацыі «Плянэта сушы» Максім Левашоў кажа, што рэстарацыю пастаянна правяраюць санітарныя службы: «Дзякуй богу, не было ніякіх праблем, і, спадзяюся, не закране нас гэта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG