Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка дамагаецца мэдычнага абсьледаваньня мужа ў калёніі


Алена Каваленка
Алена Каваленка

Жонка вязьня Магілёўскай калёніі Сяргея Каваленкі Алена зьвярнулася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС з просьбай правесьці комплекснае мэдычнае абсьледаваньне стану здароўя яе мужа. Алена Каваленка спасылаецца на зьвесткі пра хваробы мужа, выкліканыя працяглымі галадоўкамі, і заяўляе, што ён дагэтуль не атрымаў патрэбнага лячэньня.

«У першую чаргу трэба, каб узялі аналізы і дасьледавалі ныркі і сэрца. Бо ў Сяргея пачалі зьяўляцца ацёкі, што сьведчыць пра пагаршэньне стану здароўя. І ў сувязі з тым, што ягоны выхад з галадоўкі быў не паводле прынятых нормаў, а адбываўся па-за межамі мэдычнай установы, без мэдычнага нагляду».

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на год і месяц калёніі за парушэньне правілаў адбыцьця «хатняй хіміі», якую атрымаў, вывесіўшы бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Пасьля суду са сьнежня 2011 году і да зьмяшчэньня ў Магілёўскую калёнію ў канцы красавіка Сяргей Каваленка тройчы трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту.

Увесну Сяргея Каваленку каля месяца трымалі на абсьледаваньні ў адмысловым аддзяленьні псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках, дзе прызналі псыхічна здаровым. Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд.

Паводле апошніх зьвестак з Магілёўскай калёніі, днямі Сяргея Каваленку перавялі з карантыну ў атрад. Не выключаецца, што яго накіруюць на працу.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG