Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Малчанава не адпускаюць на пахаваньне маці


Аляксандар Малчанаў

Аляксандар Малчанаў

Адміністрацыя Жодзінскай турмы не адпускае былога палітвязьня Аляксандра Малчанава на пахаваньне маці. У красавіку Малчанава асудзілі зноў, гэтым разам на кражу мэталалому.

«У Жодзінскай турме, дзе трымаюць Аляксандра Малчанава, спасылаюцца на тое, што прысуд адносна яго яшчэ не ўступіў у дзеяньне, бо касацыйная скарга не разгледжаная. Патрэбны дазвол ад суду і ад МУС. Вядома, атрымаць такі дазвол за пару гадзін, што засталіся да пахаваньня, вельмі праблематычна. Карацей, паўтараецца сытуацыя, якая была з пахаваньнем бацькі Алеся Бяляцкага. Мы зараз зноў едзем да адміністрацыі калёніі, паспрабуем угаварыць адміністрацыю, каб далі магчымасьць Аляксандру разьвітацца з маці», — паведаміла Радыё Свабода грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька.

Маці Аляксандра Малчанава Галіна Андрэеўна памерла ў ноч на 9 чэрвеня.

Пахаваньне мае адбыцца 11 чэрвеня ў Барысаве.

Грамадзтва апякуецца бацькам Аляксандра Малчанава

Праз інтэрнэт людзі зьбіраюць грошы, каб дапамагчы бацьку Аляксандра Малчанава Валеру Малчанаву, інваліду, які пасьля арышту сына і сьмерці жонкі застаўся адзін.

Актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў мяркуе, што дапамога сям’і Малчанава — справа гонару. «Мы толькі вось прыехалі да Малчанавых. Жывуць яны вельмі сьціпла. Кватэра ў старым доме. Саша ў турме, бацька — інвалід. Яму вельмі цяжка перасоўвацца. Саша дапамагаў сям’і, як мог. І гэта вельмі добра, што грамадзтва пачало збор сродкаў на дапамогу. Першыя грошы, які сабралі, мы ўжо перадалі бацьку Малчанава».

Барысаўскі актывіст Міхаіл Васільеў нагадаў, што Аляксандар Малчанаў летась быў асуджаны за Плошчу: «Першы раз ён быў асуджаны за Плошчу. А далей — нідзе ня бралі на працу, мусіў, як мог, здабываць хлеб. І гэтак атрымалася ў яго. Я сам з Барысава, раней зь ягонай сям’ёй не сустракаўся. Але калі паглядзелі, што няма каму дапамагаць, зараз гэтым займаемся, у тым ліку арганізацыяй пахаваньня маці Сашы, Галіны Андрэеўны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG