Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве будуць назіраць за «Гранітам»


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

За сытуацыяй на вытворчым аб’яднаньні «Граніт» будзе пільна сачыць Міжнародная арганізацыя працы. Пра гэта «Свабодзе» сёньня паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Становішча на «Граніце», лічаць у Жэнэве, як у фокусе адлюстроўвае агульную праблему правоў прафсаюзаў у Беларусі

Адміністрацыя прадпрыемства ў Мікашэвічах доўгі час чыніць перашкоды рэгістрацыі першаснай суполкі незалежных прафсаюзаў, не дае памяшканьня, звольніла з працы яе кіраўніка Алега Стахаевіча ды некаторых іншых актывістаў. Пра гэта ў Жэнэве на сустрэчы з новым Генэральным дырэктарам МАП Роем Райдэрам ды падчас размоваў зь іншымі кіраўнікамі арганізацыі распавядаў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Афіцыйна адрэагаваць на сытуацыю ў Беларусі і яшчэ ў шэрагу краін, якія трапілі ў доўгі (49 краін) і кароткі (25) сьпісы парушальнікаў правоў прафсаюзаў, павінен быў Камітэт па нормах і стандартах МАП. Аднак упершыню з 1926 году яго паседжаньне не адбылося.

Працадаўцы з шэрагу краінаў дэманстратыўна пакінулі залю — распавядае спадар Ярашук: «Фармальна да пачатку паседжаньня ня быў узгоднены сьпіс краін-парушальніц. А практыка такая, што гэтыя сьпісы папярэдне ўзгадняюць два бакі — працадаўцы і прафсаюзы. Дарэчы, Беларусь сёлета, як і апошнія гадоў дзесяць, зноў апынулася ў кароткім сьпісе. Гэта тыя краіны, дзе найбольш цяжка і сыстэматычна парушаюцца правы працоўных.

І вось упершыню з 1926 году адбыўся збой у кантрольным мэханізьме».

Аднак сытуацыю ў Беларусі абмяркоўвалі і падчас агульнай дыскусіі, і на сустрэчах кіраўніцтва МАП з Аляксандрам Ярашуком і з афіцыйнай беларускай дэлегацыяй, якую ачольвала міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Вышэйшыя чыноўнікі МАП абяцалі, што не пакінуць па-за сваёй увагай сытуацыю і непасрэдна на «Граніце», і ва ўсёй Беларусі, — адзначае спадар Ярашук:

«Мы дамовіліся пра тое, якія наступныя крокі будуць ажыцьцяўляцца. Яны гатовыя быць у Беларусі ў любы момант. Але пакуль усё залежыць ад добрай волі беларускага ўраду. Бо ніхто ня можа прыехаць сюды без спэцыяльнага запрашэньня. У любым выпадку ў цэнтры ўвагі будзе сытуацыя на „Граніце“. Бо менавіта яна, як у фокусе, адлюстравала ўсю складанасьць і ненармальнасьць з правамі прафсаюзаў у нашай краіне».

Паводзіны працадаўцаў на сёлетнім форуме ў Жэнэве некаторыя экспэрты тлумачаць тым, што ў шэрагу краінаў расьце беспрацоўе. І ў такой сытуацыі прафсаюзы не павінны рэагаваць надта востра. «Але гэты працэс ня тычыцца Беларусі», — лічыць эканаміст Леў Марголін:

«У нас прафсаюзы ў любыя часы — і ў лепшыя, і ў горшыя — не зьвярталі ўвагі на абарону правоў працоўных. Гэтым займаюцца толькі незалежныя прафсаюзы. Але ў нас яны маюць нейкую вагу толькі ў тых галінах, дзе занятыя высокакваліфікаваныя працоўныя, дзе ёсьць большая салідарнасьць зь іх боку. Гэта фактычна кропкава, на асобных прадпрыемствах. І там яны рабілі, робяць і будуць рабіць тое, што могуць.

На міжнароднай арэне Беларусь застаецца па-ранейшаму ў сьпісе парушальнікаў прафсаюзных правоў. А гэта значыць, што санкцыі, якія ўвялі некалькі гадоў таму, па-ранейшаму захоўваюцца».

У 2007 годзе за парушэньні правоў прафсаюзаў Эўразьвяз прыпыніў для Беларусі рэжым гандлёвых прэфэрэнцыяў. Гэта павысіла на 3% экспартнае мыта для беларускіх тавараў.
XS
SM
MD
LG