Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улада адзначыла гадавіну маўклівых акцыяў зьдзеклівым падвышэньнем коштаў паліва. Тым часам з дыстанцыі часу, што пасьпеў мінуць, можна зразумець, што тое плясканьне ў далоні, да якога спачатку ганебна паставіліся і палітыкі, і экспэрты, было хіба што ня самай буйной падзеяй грамадзкага супраціву з 1991 году.

Так, яно ня мела той колькасьці, якую мелі «шляхі» сярэдзіны дзевяностых. Так, ніхто не куляў міліцэйскія машыны, не прарываў кардонаў на праспэкце і, зь іншага боку, не было БТРаў ды службовых сабак, як на Дні волі ў пачатку 2000-х. Але адбылося нешта нашмат болей важнае: пратэст закрануў тэктанічныя слаі, якія дагэтуль былі ў стане спакою. Сымбалем той «весялухі» асабіста для мяне зьяўляецца файны фатограф Антон Матолька ака Toxaby, якога да той пары і пасьля гэтага бачу выключна на fashion-паказах. Чалавек нечакана ўзьнік сярод маўклівых, зрабіўся адным з летапісцаў, герояў, легенд (усе гадалі, як яму ўдавалася знаходзіць такія ракурсы, зь якіх добра бачныя затрыманьні) і вярнуўся ў свой звычайны сусьвет. Кожны з «мычашчых і хлопаюшчых» зрабіў сходную вандроўку — выдраўся з паўсядзённасьці, прыйшоў на вуліцу, каб на некалькі тыдняў прыкаваць увагу ўсёй чытаючай краіны.

Акцыя "Стоп-бэнзын" 21 ліпеня 2011.

Акцыя "Стоп-бэнзын" 21 ліпеня 2011.

Пратэст быў першай (ды апошняй!) акцыяй, якая пакідала адчуваньне, што некаму ўдалося перайграць уладу.


Маўклівыя акцыі былі арганізаваны не па сцэнарах улады. Тут не было і не магло быць правакатараў з навушнікамі, што вырашаюць за ўсіх, як сабе паводзіць. Тут не было і не магло быць радыёперахопаў, у якіх мужчынскі голас спакойнымі інтанацыямі лялечніка аддае каманды, якім падпарадкоўваецца падсьвядома ўвесь натоўп.

Мінулае лета было яскравым прыкладам сутыкненьня розуму з гопніцкай сілай. Таму, што сапраўды ні па законе, ні «па паняцьцях» чалавека за бязьдзеяньне затрымліваць было няможна. І энэргія першых маўклівых падзей чэрпалася менавіта з гэтага пачуцьця трыюмфу ды перамогі: урэшце некім прыдуманы фармат, што не прадугледжвае ніякага пакараньня. Момант, калі на той акцыі, да якой далучыліся аўтамабілісты, людзі пачалі кідаць пад ногі беларускія грошы — маўляў, гэта ўжо ня грошы, а пыл, быў самым моцным за тое лета.

Мы памятаем, што адбылося далей. Я кажу ня пра імклівае зьмяненьне закону аб масавых мерапрыемствах. Я кажу пра тое, што без усялякага закону людзей пачалі хапаць і асуджаць. Ці ня гэта канчаткова вызначыла характар рэжыму? Сёньня зьмяненьне формы палітычнага дамінаваньня, якое адбылося за мінулыя 16 месяцаў, прызнаюць нават тыя навукоўцы, якія прынцыпова пазьбягалі дагэтуль жорсткіх вызначэньняў, ды вагаліся паміж дэфініцыяй «султанізм» ды «аўтарытарызм». Пасьля маўклівых акцыяў усё зацьвердзілася ў галовах канчаткова: калі ты супраць, можаш скончыць «бігасам» на Акрэсьціна — проста таму, што ты супраць. Нават калі ты нічога не парушаў.



Міліцыя выціскае пратэстоўцаў з цэнтру Менску 15 чэрвеня 2011

Міліцыя выціскае пратэстоўцаў з цэнтру Менску 15 чэрвеня 2011



Калі з 1994 да 2010 года Беларусь спала, з 2010 (лета 2011-га?) ёй пачаў сьніцца навязьлівы кафкіянскі кашмар.

І самая галоўная асаблівасьць: пратэстоўцам — так, так, гэтым худзенькім хлопчыкам з «ВКонтакте», без мэтаў і задач, без поглядаў і каштоўнасьцяў, удалося тое, што не ўдавалася нават Фронту ў часы яго максымальнага росквіту: вымусіць уладу адмяніць уласнае рашэньне. Можа, хто мяне паправіць, але я не магу ўзгадаць іншага прыкладу, каб у выніку пратэстнай актыўнасьці ўлада скасавала прынцыповае для яе рашэньне. Здаецца, звычайна чым больш было пратэстаў, тым больш жорстка на сваім стаяла ўлада. Якую не нахіліць, канешне.

Пасьля ж той маўклівай акцыі, падчас якой беларусы кідалі сабе пад ногі дробныя грошы, а ўвесь праспэкт стаяў у корках, прэзыдэнт загадаў вярнуць кошты на паліва на той узровень, што быў да акцыі.

Зроблена гэта было менавіта з-за ўсьведамленьня таго, што з 1000 машын у цэнтры горада зрабіць нічога немагчыма. Якія б прынцыпы і каштоўнасьці не вымушалі кіроўцаў урубаць Цоя.

Акцыя РЧСС у Менску 20 ліпеня 2011

Акцыя РЧСС у Менску 20 ліпеня 2011

Зараз кошты на паліва зноў на тым узроўні, што некалі вымусіў пратэставаць, але глядзі ж ты: ўсё спакойна! Гэта даказвае: калі беларусу сьціскаць шыю павольна, з аптымістычным тварам і ветлівай усьмешкай на вуснах, ён ня будзе брыкацца і памрэ з адчуваньнем уласнай сацыяльнай абароненасьці.

Аднак нашая мэта — ня столькі зладзіць пахавальны енк у гадавіну буйной падзеі, колькі паспрабаваць сфармуляваць высновы.

1.Я б не пагадзіўся з філёзафам Уладзімірам Мацкевічам, які заклікае не перабольшваць значнасьць сацыяльных мэдыяў у забесьпячэньні палітычнага ўдзелу. Мне здаецца, пратэстаў не было б, калі б ня тая група «ВКонтакте», зь якой усё пачалося. Фактарам, які штурхаў людзей на вуліцы, быў інтарэс: калі на падзею падпісалася 40 тысяч чалавек, няўжо ўсе выйдуць? Нічога падобнага без сацыяльных мэдыяў быць не магло.

2.Так, Facebook ёсьць выключна сродкам мабілізацыі, а не прыладай для арганізацыі пратэстаў. Аднак у беларускіх умовах менавіта мабілізацыя зьяўляецца адназначнай праблемай, зь якой трэба пачынаць. Людзі баяцца выходзіць ці ня хочуць выходзіць, бо іх расчаравала апазыцыя. Сацыяльныя мэдыя прапануюць tool, які здымае гэтыя перашкоды.

3.І што да галоўнага аргумэнту супраць мабілізацыйных вартасьцяў новых мэдыяў: у Эгіпце рэвалюцыя, маўляў, адбылася не з-за таго, што там быў Facebook, а з-за таго, што там была агромістая армія беспрацоўных, якая ня ведала, чым сябе заняць. Дык вось: справа ў тым, што ў Беларусі таксама ёсьць агромістая армія беспрацоўных, што па непаразуменьні штодня ходзіць на працу. Пры гэтым заробкі гэтых людзей, зьвязаных з дзяржавай і яе «прадпрыемствамі» ды «інстытуцыямі», пасьля крызісу зрабіліся па вартасьці не заробкамі, а менавіта welfare, «сацыяльнай дапамогай». Аўдыторыя Інтэрнэт, нагадаю, у Беларусі — 4 мільёны чалавек. Рабіце высновы.

4.Пры гэтым відавочна, што акрамя сацыяльных мэдыяў, фэномэн беларускіх «маўклівых» быў створаны яшчэ і адсутнасьцю побач з пляскаючымі ў далоні лідэраў клясычнай апазыцыі. Экспэрты абураюцца, што партыі не падтрымалі моладзь. Аднак справа ў тым, што калі б партыі і рухі далучыліся да першай маўклівай плошчы, другой маўклівай плошчы ўжо проста не было б. Хвала Богу, што калі вакол моладзі пачалі зьяўляцца прыхільнікі клясычнага палітычнага ўдзелу, Віктар Івашкевіч адцягнуў іх увагу на «Народны сход». Бо фэномэн networking (хіба што перакласьці гэта як «сеціўнасьць»?) палягае ў тым, што ў натоўпу няма лідэраў, бо лідэр — кожны з удзельнікаў.

"Маўклівая акцыя" 06 ліпеня 2011

"Маўклівая акцыя" 06 ліпеня 2011

5.Маўклівыя пратэсты пачалі нараджаць новую сацыяльную клясу: тых, хто вучыцца ў беларускіх «унівэрах» ці працуе ў офісах, але пры гэтым не абыякавыя да таго, што адбываецца ў краіне. На кароткі час казаць «я навіны не чытаю» зрабілася ня модна. Пасьля гэтага ня модным зрабілася якраз навіны чытаць.

Усьведамленьне гэтымі людзьмі сябе як клясы адбывалася менавіта там, у супольным маўчаньні, у чэргах да аўтазакаў (ці памятаеце такое?), у разуменьні таго, што яны такія маладыя ды недасьведчаныя, аднак вось вымушаюць урад зьніжаць кошты на паліва па ўсёй краіне. Станаўленьне гэтай клясы не завяршылася, бо было спынена хлопцамі ў чорнай уніформе з артаграфічнымі памылкамі на сьпінах. Тое, што магло з гэтага вырасьці, мы бачым цяпер у Расеі, для іх нават назву прыдумалі «крэатыўная кляса», аднак ёсьць адчуваньне, што і там гэта скончыцца пшыкам.

Бо я заўсёды паўтараю сваім студэнтам адну простую максіму: супрацьстаяньне кулака і інтэлекту ў простай бойцы заўсёды заканчваецца перамогай кулака.


6.Самае актуальнае пытаньне: ці можа гэта паўтарыцца? На мой погляд, не. Ва ўсялякім выпадку, ня ў тым выглядзе, які памятаем. Зараз у Facebook я падпісаны на два тузіны групаў, аналягічных «РЧСС» і ніводная не чапляе і нават проста не цікавіць. Улада адаптавала заканадаўства да новых выклікаў. Улада запужала.

Аднак галоўнае: «маўклівыя» ўжо былі. Патрэбна нешта новае. Будзем чакаць яшчэ 16 гадоў?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG