Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 чэрвеня ў Варшаве ў Тэатры Польскім адбудзецца прэм’ера спэктаклю «Час жанчын».

Героямі п’есы Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды сталі беларускія жанчыны — жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, ягоная сястра Ірына Багданава, удава Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская, журналістка Натальля Радзіна, дачка палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі Юля і сама Натальля Каляда.

Падчас працы над спэктаклем «Час жанчын» акторкі сустракаліся з сваімі рэальнымі прататыпамі. Па словах рэжысэра Мікалая Халезіна, усе гераіні змогуць быць сёньня на прэм’еры, апроч Ірыны Халіп. Паводле судовага выраку яна ня мае права пакідаць Беларусь. Замест Ірыны на пр’емеры будуць яе бацькі.

Ірына Халіп

Ірына Халіп

Ірына Халіп: «Дзяржава пачала проста высякаць усіх самых моцных мужчынаў і наіўна думала, што іхныя жанчыны застануцца сам-насам з праблемамі побыту, сямейнага забесьпячэньня, перадач, пасылак у турмы. А з кімсьці было яшчэ горш. Напрыклад, Ірына Красоўская нават ведала, што няма ніякай надзеі. І яны думалі, што гэтыя жанчыны, як у дрыгве, завязнуць у побыце, у матэрыяльных праблемах, сямейных, будуць выжываць. А гэтыя жанчыны, што называецца, узялі зброю, узьнялі сьцягі. Выявілася, што жанчыны нават мацнейшыя, яны не спыняюцца, працягваюць барацьбу. Нават калі камусьці пашчасьціць і муж ці бацька вернецца з турмы дахаты, то гэтая барацьба ўжо ня можа скончыцца».

Падзеі ў цяперашняй Беларусі вельмі часта кладуцца ў аснову мастацкіх твораў. Зусім нядаўна радыётэатар Бі-Бі-Бі прадставіў п’есу «Беларусь», у якой таксама ўздымаецца тэма палітычных зьняволеных у краіне. Аўтарам п’есы стаў вядомы ірляндзкі пісьменьнік Х’ю Кастэла. У 2007 годзе фільм па ягоным сцэнары быў намінаваны на 10 прэміяў Emmy. Паведмляецца, што ў аснову спэктаклю «Беларусь» пакладзены факты зь біяграфіяў Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча, Аляксандра Фядуты.

Расейскі тэатральны праект Театр.doc пры канцы мінулага году прадставіў п’есу Алены Грэмінай «Двое ў тваім доме». Спэктакль узнаўляе гісторыю хатняга арышту Ўладзімера Някляева.




Драматычны канфлікт — гэта стасункі паміж двума вартаўнікамі і сям’ёй арыштаванага. Галоўнай гераіняй спэктаклю стала жонка Ўладзімера Някляева Вольга. Яна таксама ня бачыла спэктаклю, але, кажа, што вельмі ўдзячная яго стваральнікам:

Вольга Някляева

Вольга Някляева

«У нас, як кажуць, „апошняя дыктатура Эўропы“, і ў дэмакратычных краінах цікава людзям, што ў нас адбываецца. Ня толькі ў палітыцы, але і на ўзроўні адносінаў у сям’і, паміж роднымі, калі яны апынаюцца ў такой сытуацыі. Вельмі дзякую гэтым творчым людзям, якія гэта робяць. Яны распавядаюць пра тое, што адбываецца ў нас у Беларусі. Мы павінны расказаць простым грамадзянам у дэмакратычных краінах, што ў нас такое адбываеццца, што нас трэба падтрымліваць. Мы кажам: асьцерагайцеся, людзі. Глядзіце, з чаго ўсё пачынаецца і што можа быць».

Польскі рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч свой апошні фільм «Жыве Беларусь!» таксама прысьвяціў беларускай моладзі. У фільме занятыя вельмі папулярныя польскія акторы, напрыклад, Караліна Грушка. Гісторыя маладога рок-музыкі адбываецца на фоне падзеяў беларускай палітыкі. У аснову сцэнару пакладзены некаторыя дэталі біяграфіі моладзевага актывіста Франака Вячоркі. Чаму Лукашэвіча натхнілі беларускія падзеі:

Кшыштаф Лукашэвіч

Кшыштаф Лукашэвіч

«Вельмі ўражвае тое, што Беларусь — вялікі край спасярод Эўропы. Думаю, што жыхары Заходняй Эўропы, асабліва моладзь, шакаваныя тым, як жывуць іхныя аднагодкі пад панаваньнем апошняй дыктатуры. Калі маладыя эўрапейцы, якія не цікавяцца гісторыяй, даведаюцца пра гэта, думаю, гэта будзе для іх вельмі ўзрушальна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG