Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята юбілею «Бібліятэкі Свабоды» прайшло з аншлягам


У менскай арт-галерэі адбылася імпрэза, прысьвечаная 10-гадоваму юбілею кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Сустрэча аўтараў выданьня з чытачамі і слухачамі Радыё Свабода прайшла пры поўным аншлягу і завершылася на гадзіну пазьней ад плянаванага часу.

Усе вольныя глядацкія месцы ў Арт-сядзібе (у будынку завода «Гарызонт») былі запоўненыя яшчэ да пачатку імпрэзы. Тыя, хто прыйшлі пазьней, разьмяшчаліся на падлозе, заставаліся стаяць у дзьвярах і нават на калідоры. Адзін з аўтараў «Бібліятэкі Свабоды», журналіст Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі, распачынаючы сустрэчу зьвярнуўся да прысутных гэткімі словамі:

«Мы вельмі ўсьцешаныя, што сёньня тут сабралася гэтак шмат моладзі. Мы вельмі ўсьцешаныя, што ў нашага радыё ёсьць слухачы, бо сёньня Радыё Свабода – гэта ня толькі радыё, але яшчэ і відэа, і інтэрнэт, і выдавецтва. Дзеля гэтага мы сёньня і сабраліся, каб адзначыць 10 гадоў нашай выдавецкай дзейнасьці».

Абвесткі пра заключную імпрэзу, прысьвечаную 10-годзьдзю «Бібліятэкі Свабоды» былі зьмешчаныя ў інтэрнэце. У выніку на сустрэчу ў пераважнай бальшыні прыйшла моладзь. Гэткім чынам, да інтэрнэт-аўдыторыі Радыё Свабода дырэктар радыё і рэдактар кніжнай сэрыі Аляксандар Лукашук, прэзэнтуючы бібліятэку, зьвярнуўся з адпаведнымі прапановамі:

«Апошнія 10 гадоў некаторыя нашы перадачы, якія некалі гучалі толькі на кароткіх хвалях, зараз мы выдаем як кнігі. Гэтыя кнігі ёсьць у папяровым выглядзе, РDF, іх можна чытаць на мабільных тэлефонах – што ў вас ёсьць. Іх можна і слухаць таксама».

На прапанову напісаць верш на свабоду цягам вечарыны, моладзь адгукнулася адпаведным чынам: дзяўчына прачытала такі верш, дасланы ёй сябрам праз смс-паведамленьне:

Мы шукаем Свабоду ў кішэнях ды сумках,
Мы шукаем свабоду там, дзе меншасьць народу,
Мы шукаем свабоду – а можа яна недзе тут?

Мы шукаем свабоду ў кнігах, газэтах,
Мы шукаем свабоду на плытках, касэтах,
Мы шукаем свабоду – мы ідзем супраць моды,
А можа яна сапраўды недзе тут?

Мы шукаем свабоду на вуліцы, у хаце,
Мы шукаем свабоду ў старым і дзіцяці,
Мы шукаем свабоду супраць уласнай выгоды
Але ня можам знайсьці.

Мы шукалі свабоду – мы прыймач уключалі,
Мы шукалі свабоду – шукалі ў хвалі:
Радыё Свабода – адзіны сьвежы ўдых паветра
Радыё Свабода – адзіная наша надзея.

Падчас сустрэчы слова бралі таксама аўтары «Бібліятэкі Свабоды»: Уладзімер Арлоў, Пётра Садоўскі, мастак Генадзь Мацур і іншыя. Кожнага з аўтараў моладзь сустракала і праводзіла авацыямі. А разам зь вядомым музыкам і таксама аўтарам «Бібліятэкі Свабоды» Лявонам Вольскім разам прасьпявала:

«Я нарадзіўся тут, у краіне пад шэрым небам»...
Your browser does not support iframes.​
Каб патрапіць на сустрэчу з аўтарамі «Бібліятэкі Свабоды» і журналістамі Радыё Свабода некаторыя маладыя людзі прыехалі нават зь іншых гарадоў. Адзін з такіх наведнікаў падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

«Мяне завуць Максім Новік. Я сам з Гомеля і мы разам з жонкай прыехалі з Гомеля адмыслова на гэтую імпрэзу. Прачыталі абвестку ў інтэрнэце і вось прыехалі, каб патрапіць на такую файную і цікавую імпрэзу. Я зараз проста перапоўнены эмоцыямі, бо ўпершыню на такой сустрэчы, упершыню бачыў такіх людзей. На жаль, у Гомелі такога пабачыць нельга».

Заключная імпрэза ў гонар юбілею «Бібліятэкі Свабоды» доўжылася шмат больш ад заплянаванага часу. Яе завяршэньне падсумаваў Аляксандар Лукашук:

«Толькі што закончылася апошняя на гэтым тыдні сустрэча не са слухачамі Свабоды, а з чытачамі Свабоды і будучымі чытачамі Свабоды. Энэргія, маладосьць, прыгажосьць і жаданьне, якое ёсьць у гэтых маладых людзей, гэта і ёсьць свабода. Гэта нашы лепшыя слухачы і Свабода заўсёды будзе з намі. І «Радыё Скарына» – радыё, якое друкуе гэтыя кнігі, заўсёды будзе запатрабаванае і заўсёды будзе працягвацца. Толькі на гэтай вечарыне яны напісалі гэтулькі вершаў, прасьпявалі гэтулькі песьняў, яны ўсьміхнуліся гэтулькі разоў, што гэткай колькасьці і канцэнтрацыі свабоды даўно ў Беларусі не было. Але будзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG