Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкаму адмоўлена ў задавальненьні нагляднай скаргі


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Менскі гарадзкі суд не задаволіў наглядную скаргу, пададзеную праваабаронцам і ягоным адвакатам на прысуд Першамайскага раёну Менска і рашэньне калегіі Менскага гарадзкога суда.

Гэта стала вядома зь ліста кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага жонцы 8 чэрвеня, перадае сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна».

24 студзеня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле прысуд Алесю Бяляцкаму ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за «ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры» (арт. 243, ч. 2, Крымінальнага кодэкса), вынесены 24 лістапада 2011 году судом Першамайскага раёну сталіцы. Прысуд быў пакінуты ў поўным аб’ёме як у частцы тэрміну зьняволеньня, так і ў частцы канфіскацыі маёмасьці, нягледзячы на тое, што была прадстаўленая квітанцыя пра перавод сродкаў за ўрон, які нібыта нанёс А. Бяляцкі дзяржаве сваімі дзеяньнямі (757 526 717 беларускіх рублёў, прыкладна 70 тысяч эўра).

Пазьней, у пачатку красавіка з атрыманага ад ліста Алеся Бяляцкага стала вядома, што 29 сакавіка суд Першамайскага раёна Менска па грамадзянскім пазове падаткавай інспэкцыі Першамайскага раёна вырашыў спагнаць са зьняволенага праваабаронцы больш за 140 мільёнаў пэні — за несвоечасовую аплату сумы запазычанасьці. Пры тым што аплочаная праваабаронцам у студзені сума паводле прысуду ўжо была праіндэксаваная з улікам інфляцыі, пасьля чаго павялічылася больш як удвая. Ні калегі Алеся Бяляцкага, ні яго сям’я пра гэты судовы працэс нічога не ведалі — рашэньне суда было дасланае самім Бяляцкім жонцы Натальлі па пошце. Суд адбываўся ў адсутнасьць Бяляцкага, і ў судовым рашэньні ўказана: «Адказчык у судовае паседжаньне не зьявіўся, знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, пра дату і час разгляду справы апавешчаны належна».

Нагадаем, што крымінальная справа супраць Алеся Бяляцкага была заснаваная на інфармацыі, прадстаўленай беларускім уладам Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генэральнай пракуратурай Польшчы па рахунках, адкрытых Бяляцкім у замежных банках дзеля дзейнасьці «Вясны». Беларускія ўлады расцанілі грошы на рахунках Бяляцкага як ягоны асабісты прыбытак і абвінавацілі яго ва ўтойваньні сродкаў.

Пакараньне зьняволены праваабаронца адбывае ў калоніі № 2 г. Бабруйска.
XS
SM
MD
LG