Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да адкрыцьця выставы спрычыніўся Польскі інстытут у Менску.

З 2009 году штогод у верасьні ў польскай Навіцы праходзяць творчыя сустрэчы мастакоў з Польшчы, Украіны і Славаччыны — творцаў, якія працягваюць традыцыі пісаньня абразоў. З 2011 году ў праекце бяруць удзел таксама іканапісцы зь Беларусі. Япіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім:

«Абраз — гэта ўпрыгожаньне любога хрысьціянскага дома. Сёньня мастацтва іканапісу адраджаецца, гэтая царкоўная традыцыя патрабуе адраджэньня, аднаўленьня і творчага разьвіцьця. Слава Богу, што гэтая выстава ў нас тут ёсьць».



Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка, які браў удзел у афіцыйным адкрыцьці выставы, адзначыў, што адказвае за тое, каб паказваць польскую культуру ў Беларусі:

«Гэта такі цікавы фонд сяброў Навіцы, вёскі на поўдні Польшчы. Яны спрабуюць знайсьці тое, што засталося зь мінулага, дух гэтага месца. Яны там многа робяць, каб польская, украінская і беларуская культура мелі месца, дзе можна сустрэцца, пагутарыць, што нас аб’ядноўвае. Магчыма, гэтая выстава крыху сьціплая, але гэта толькі пачатак».

Беларускі іканапісец Віктар Доўнар падзякаваў Богу, што справа адкрыцьця выставы сучасных абразоў у Менску «прайшла лёгка і даступна».

«Я супрацоўнічаю з польскай царквой даволі даўно. 20 гадоў мы езьдзім у Польшчу, мы расьпісваем сьвятыні, пішам абразы, чытаем лекцыі. І я заўважыў, якая вялікая цікавасьць польскага народу да абраза, незалежна ад канфэсій. Яны вывучаюць, фармуюць яго. Але трэба і вывучаць культуру таго народа, які ўвасабляе традыцыі абраза. Слава Богу, што нашы народы так блізка, так цёпла сустракаюць адзін аднаго».

Іканапісец Натальля Лось кажа, што ў Навіцах не было націску на рэлігійныя традыцыі. Яна параўноўвае сытуацыю ў Беларусі:

«Ёсьць школы пры нашых кляштарах, але там капіююць тое, што мы добра ведаем. А там, у Навіцах, мы ўбачылі прафэсіяналаў-мастакоў, якія падыходзяць да абраза зусім зь іншага боку. Захаваны канон і нешта дадавалася ад этнасу, ад народнай скарбонкі. І гэта магло б быць у нас».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG