Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пастанавіў выдаць прафсаюзнаму актывісту пастаянны пропуск на завод


Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

8 чэрвеня суд Бабруйска задаволіў патрабаваньне старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіла Кавалькова да адміністрацыі прадпрыемства.

Судзьдзя Тамара Карпоўская пастанавіла разблякаваць пастаянны пропуск актывісту на завод. Гэтага дамагаўся Кавалькоў зьвяртаючыся з пазовам у суд.

«Я дамогся безпершкоднага праходу на завод для выкананьня сваіх абавязкаў, ускладзеных на мяне прафсаюзам, яго статутам і сябрамі. Судзьдзя вынесла сваё рашэньне, грунтуючыся на законах, а не на паняцьцях адміністрацыі. Адказчык заблякаваў мне пропуск бяз падстаў на тое. Адміністрацыя даводзіла сваю пазыцыю абапіраючыся на палажэньне аб прапускным рэжыме, якое мае сумнеўную законнасьць. Яно па сутнасьці ушчамляла мае правы і ігнаравала патрабаваньні заканадаўства. У прадастаўленым дакумэнце гаварылася, што разавыя пропускі выдаюцца тым хто наведвае прадпрыемства зрэдку. Напрыклад дэлегацыям, якія наведваюць прадпрыемства для азнаямленьня з прадукцыяй. Дык вось у гэтае палажэньне было ўпісана, што разавыя пропускі выдаюцца й кіраўнікам грамадзкіх арганізацыям. Прафсаюз жа асобая грамадзкая арганізацыя. Заканадаўства іх вылучае ў асобую групу грамадзкіх арганізацыяў. Мне ўдалося атрымаць іншае палажэньне аб прапускным рэжыме. Мне яго перадалі супрацоўнікі адміністрацыі прадпрыемства, якія хочуць, каб на заводзе панаваў закон і права. Там не было згадак пра грамадзкія арганізацыі», — паведаміў «Свабодзе» Міхаіл Кавалькоў.

Пастаянны пропуск на завод, як сьцьвярджае Міхаіл Кавалькоў, яму заблякавалі летась 28 сьнежня. Ад таго часу выдавалі разавыя пропускі. Паводле Кавалькова, каб атрымаць разавы пропуск ён вымушаны быў да трох гадзінаў марнаваць працоўны час на прахадной. У траўні два дні ён наагул ня мог прайсьці на завод, бо пропуск яму ня выдалі.

Міхаіл Кавалькоў зьяўляецца вызваленым работнікам незалежнага прафсаюзу. У лістападзе 2011 году гэты прафсаюз сабраў больш за тысячу подпісаў працаўнікоў заводу пад патрабаваньнем павышэньня ўдвая заробку. Пасьля гэтага ў Кавалькова, як ён, сьцьвярджае, і пачалі праблемы з праходам на завод.
XS
SM
MD
LG