Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастанову яшчэ сямі краін Эўропы — Харватыі, Македоніі, Чарнагорыі, Ісьляндыі, Сэрбіі, Альбаніі і Ліхтэнштэйну — далучыцца да эканамічных і візавых санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі «Свабода» папрасіла пракамэнтаваць менскага палітоляга-міжнародніка Андрэя Фёдарава.

«Ці такое рашэньне далучыцца да эўрапейскіх санкцыяў з боку краін, якія збольшага кандыдаты на ўступленьне ў Эўразьвяз, аўтаматычнае, ці гэта асаблівы выпадак, зьвязаны зь Беларусьсю?»

«Дагэтуль, наколькі я ведаю, такога кшталту санкцыі ўводзіліся толькі супраць М’янмы (Бірмы). Больш я ня памятаю, каб Эўразьвяз абмяжоўваў кагосьці ў візах. Таму цяжка сказаць, ці стандартная гэта працэдура з боку краін-кандыдатаў на далучэньне да Эўразьвязу, ці гэта нешта надзвычайнае. Мне падаецца, што нічога надзвычайнага няма. Раней тое самае адбывалася, калі Эўразьвяз уводзіў папярэднія санкцыі. І гэтыя краіны да іх далучаліся. Не зусім зразумела толькі, чаму адбылася такая затрымка».

«МЗС Беларусі назвала гэта дэманстрацый ляяльнасьці ў адносінах да Брусэлю, які патрабуе такіх дзеяньняў і гатовы іх узнагароджваць. Іх сапраўды прымусілі?»

«Наўрад ці гэта прымус. Але тое, што гэта дэманстрацыя ў пэўным сэнсе ляяльнасьці, — з гэтым можна пагадзіцца. Я, напрыклад, ня ўпэўнены, што Сэрбія так кепска ставіцца да беларускіх уладаў, асабліва цяпер, калі яе прэзыдэнтам стаў сябар Расеі. Але ў іх ёсьць свае інтарэсы ў Эўразьвязе, якія яны хочуць прасоўваць, і ўступаць у канфрантацыю з Эўразьвязам па такім ня вельмі прынцыповым пытаньні яны не жадаюць. Але гэта ня столькі выказваньне ляяльнасьці Брусэлю, колькі выказваньне салідарнасьці з эўрапейскай палітыкай».

«Ці можна сказаць, што ў гэтых краінах ёсьць нейкія актывы беларускіх уладаў, якія трапяць пад замарожваньне?»

«Мала падобна да гэтага. У Сэрбіі магчыма нешта, былі наконт гэтага нейкія размовы, але мала хто дакладна пра гэта ведае. І цяжка чакаць, што яны вельмі значныя. Усё ж краіны ня вельмі ўплывовыя ў палітычным і эканамічным пляне».
XS
SM
MD
LG