Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Моўчану: Можа вы самі нанесьлі сабе гэтыя траўмы?


Зьбіты міліцыянтамі Андрэй Моўчан

Зьбіты міліцыянтамі Андрэй Моўчан

Зьбіты міліцыянтамі актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан наведаў Сьледчы камітэт.

«Гадзіну была там размова. Але большая частка гэтага часу пайшла на тое, што супрацоўнікі камітэту спрабавалі выгнаць з кабінэту маю сястру Вольгу, якая прыйшла разам са мной. І лаяліся на яе, і ўгаворвалі. У рэшце рэшт сказалі, што зараз выклічам супрацоўнікаў міліцыі і складзем на яе пратакол адміністратыўнага парушэньня.

Ніякіх доказаў таго, што сястра ня можа знаходзіцца са мной разам у кабінэце, яны прад’явіць не змаглі. Але ў выніку Вольга выйшла з кабінэту і чакала мяне звонку», — паведаміў Моўчан «Свабодзе».

Далей Андрэй распавёў: «Паказалі мне мае мінулыя тлумачэньні пра тое, што адбылося 19 траўня. І спыталіся: ці пацьвярджаеце вы іх? Я адказаў: так, пацьвярджаю. Тады яны кажуць, што зараз выпішуць мне накіраваньне на мэдычную экспэртызу. Я ім сказаў, што знаходжуся на бальнічным, што ўсе дакумэнты пра мае пашкоджаньні ёсьць у шпіталі хуткай дапамогі. А яны тады кажуць: хто ведае, можа вы самі нанесьлі сабе гэтыя траўмы?

Было бачна па іх паводзінах, што яны ўсялякімі мэтадамі будуць пакрываць міліцыянтаў. І як мага больш зрабіць вінаватым мяне».

19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ў менскім мікрараёне Ўручча на знак салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка зьбілі. Паводле папярэдняй высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

25 траўня Андрэя Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі, накіраваўшы на лячэньне ў паліклініку. У эпікрызе пры выпісцы пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаньнем.

28 траўня на Андрэя Моўчана ў міліцыі склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін — паводле стандартнага ўжо для апазыцыянэраў артыкула 17.1, што нібыта лаяўся матам. Другі — 23.34, несанкцыянаванае пікетаваньне.

Да 11 чэрвеня Андрэй Моўчан на бальнічным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG