Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоная картка расізму на Эўра-2012


На ўвесь турнір футбольнага чэмпіянату Эўропы ў Польшчы і Ўкраіне УЭФА (Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцый) прызначыла 12 галоўных судзьдзяў.

Ёсьць сярод гэтай дванаццаткі юрысты, агенты гандлю нерухомасьцю, фінансавыя дарадцы, паліцыянты ды нават адзін буйны бізнэсмэн з Швэцыі, заробкі якога параўнальныя з заробкамі зорак эўрапейскага футболу.

Усе гэтыя судзьдзі закончылі вельмі напружаны футбольны сэзон у лігах сваіх краінаў. Але непараўнальна больш складанае і адказнае заданьне чакае іх на Эўра-2012. І то ня толькі таму, што за іх працай на працягу 90 хвілінаў, калі кожнаму з галоўных судзьдзяў даводзіцца прабегчы 10-13 кілямэтраў, будуць назіраць дзясяткі мільёнаў футбольных фанатаў у Эўропе і сьвеце.

Падчас гэтага чэмпіянату на судзьдзяў ускладзена яшчэ і заданьне рэагаваць на магчымыя расісцкія паводзіны публікі на стадыёне. Кожны з судзьдзяў мае права спыніць матч, калі публіка сваімі крыкамі, сьпевам ці нейкім іншым спосабам пачне абражаць гульцоў з увагі на іх колер скуры або паходжаньне.

«Калі з прычыны расізму судзьдзя вырашыць спыніць матч, мы несумненна падтрымаем яго рашэньне. Мы напэўна будзем на ягоным баку. Я спадзяюся аднак, што такая сытуацыя ня здарыцца. Зразумела, мы гаварылі аб гэтым, і судзьдзі могуць прыняць такое рашэньне. Мы рашуча асуджаем расізм», — сказаў прэзыдэнт УЭФА Мішэль Пляціні на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве на гэтым тыдні. Пляціні не патлумачыў, якім чынам УЭФА будзе паступаць з гульнямі, якія могуць быць перапыненыя з-за расісцкіх паводзін публікі.

Дыскусію аб расізьме на стадыёнах у Эўропе на гэтым тыдні падагрэў дакумэнтальны фільм, паказаны БіБіСі, у якім былі кадры зьбіваньня студэнтаў азіяцкага паходжаньня ва Ўкраіне ды кадры з антысэміцкімі надпісамі і нацысцкімі жэстамі футбольных заўзятараў у Польшчы.

Пляціні сказаў журналістам, што ён гэтага матэрыялу БіБіСі не глядзеў. Але дадаў, што расізм сёньня — глябальная праблема: «Калі хочаце зрабіць перадачу пра расізм, можаце паехаць у любое месца, бо нацыяналізм узрастае ў шмат якіх краінах. Гэтак адбываецца ня толькі ў Польшчы ці Ўкраіне. Можаце паехаць у Францыю, Злучаныя Штаты або Англію, і ўсюды знойдзеце праблему расізму».

Сярод 12 галоўных судзьдзяў, прызначаных УЭФА на Эўра-2012, няма ніводнага чарнаскурага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG