Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода прэзэнтавала «Слоўнік Свабоды»


У менскай кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзэнтацыя кнігі «Слоўнік Свабоды», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Гэта другое выданьне кнігі, якая выйшла да 10-годзьдзя сэрыі.

Распачынаючы імпрэзу, рэдактар Радыё Свабода і аўтар ідэі выданьня кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды» Аляксандар Лукашук зрабіў кароткую прэзэнтацыю бібліятэчнай сэрыі. А менавіта — нагадаў пра пераклад на ангельскую мову першага тому сэрыі — «Верш на Свабоду», зроблены вядомай ангельскай паэткай Верай Рыч. Пра кнігу аднаго рэпартажу, зробленай журналістамі Радыё Свабода і зьмешчанай пад вокладкай «Дарога праз Курапаты», пра кнігу змаганьня за свабоду — «Плошча» і многія іншыя. Асаблівае слова Аляксандр Лукашук прысьвяціў Васілю Быкаву:

«Быкаў — адзін з галоўных аўтараў і галасоў гэтай бібліятэкі. Ён прысутнічае як тэкст, і як голас, і як фотаздымкі. Некалі ён казаў: „Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю „Свабоду“. Гэта сталася звычаем і патрэбай душы“. Гэта вельмі важныя і дарагія словы для нас, якія мы заўсёды памятаем, калі робім перадачы.

У гэтыя дні ў кнігарні „Логвінава“ дзень за днём адбываюцца сустрэчы з аўтарамі і чытачамі нашай бібліятэкі. Ад нас многія бралі ўдзел у розных перадачах, некаторыя маюць свае кнігі. Кніга, якой мы вырашылі адзначыць 10-годзьдзе „Бібліятэкі Свабоды“ — гэта кніга, якая, пэўна, мелася быць не юбілейнай 35-кнігай, а першай. Бо насамрэч, гэтая кніга прагучала ў эфіры ў 1999 годзе і называлася „Слова дня“. Кожны дзень у эфіры гучала кароткае слова, якое было важнае для гісторыі, для падзеяў ХХ стагодзьдзя. Тады часопіс „Архэ“ вырашыў прысьвяціць гэтай перадачы цэлы выпуск часопіса. І вось цяпер мы вырашылі прысьвяціць юбілею, вярнуцца да гэтай перадачы і выдаць гэтую кнігу».

«Слоўнік Свабоды» — гэта міні-эсэ знакавых словаў ХХ-ХХІ стагодзьдзяў, напісаныя знакамітымі літаратарамі, мовазнаўцамі, журналістамі, у тым ліку — журналістамі Радыё Свабода. Адзін з гэтых аўтараў, які ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выдаў тры кніжныя тамы паводле праграмаў Радыё Свабода — Вячаслаў Ракіцкі, пра 10-гадовы юбілей сэрыі выказаўся гэтак:

«Чаму радыё выдае кнігі? Бо усё пачалася, як і напісана ў Эвангельлі, са слова: са слова паўстаў тэатар, са слова паўстала літаратура, са слова паўстала кіно, тэлебачаньне і гэтак далей. Калі мы стваралі свае радыёперадачы, то мы ня ведалі, што яны стануць кнігамі. І гэта ўнікальна, што адбываецца на Радыё Свабода, калі з перадач паўстаюць кнігі, а з кніг — перадачы. Свабода — значна больш, чым радыё, гэта значна больш, чым выдавецтва, гэта значна больш, чым літаратура».



Падчас прэзэнтацыі слова бралі і чыталі свае эсэ аўтары кнігі «Слоўнік Свабоды», вядомыя беларускія літаратары такія як Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Арлоў, Міхась Скобла і многія іншыя. Старшыня саюзу беларускіх пісьменьнікаў, рэдактар часопісу «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч пра новы том «Бібліятэкі Свабоды» сказаў гэтак:

«Гэта цудоўная чытанка. Я хацеў бы выказаць удзячнасьць таму чалавеку, які выказаў і ўвасобіў геніяльную ідэю ператварыць гук у слова. Матэрыялізаваць такім чынам гук і з гэтага мы зараз маем бібліятэку — 35 кніг. Гэта своеасаблівая гісторыя пачатку ХХ стагодзьдзя, і гісторыя Беларусі, якая застанецца ў кнігах. І паводле якіх, магчыма, нашы нашчадкі будуць вывучаць гісторыю. Гэта таксама энцыкляпэдыя беларускага жыцьця ўвогуле і беларускай культуры. Я ад імя вас усіх выкажу ўдзячнасьць Радыё Свабода за гэтую сэрыю кніг, за гэтую геніяльную ідэю, за гэтыя кнігі, якія павінныя быць у кожнай сям’і. Віншую Радыё Свабода зь юбілеем, у вас вялікі патэнцыял, у вас цудоўныя аўтары і дзякую вам за тое, што вы робіце».

З нагоды 10-гадовага юбілею кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды» і яе першага тому "Верш на Свабоду", падчас прэзэнтацыі быў абвешчаны конкурс на лепшы верш на Свабоду, напісаны падчас прэзэнтацыі. А ўжо празь некалькі хвілін пасьля таго, як удзельнікі імпрэзы разабралі чыстыя аркушы і асадкі, да вядучай Валянціны Аксак яны пачалі іх вяртаць з напісанымі вершамі. Самі ж аўтары іх і прачыталі. Адзін зь іх — Яніна Асіпцова:

«Называецца «Радыё Свабода».

Калі губляесься ў жыцьці,
Важнасьць робіцца няясная,
Ты адно радыё ўключы
Пад назвай простаю «Свабода»

Тут толькі праўда з роднай Беларусі
Зьбіраецца ўвесь час,
Тут кнігі новыя ствараюцца людзьмі,
Якія ведаюць
Як цяжка нешта ведаць.

Паслухай трошкі
Можаш тут знайсьці
Ад словаў Быкава
Да рэпартажу з плошчы

І я лічу, што слова мода —
Цяпер ёсьць Радыё Свабода.
Свабода мовы, часу, сэрцаў
І думкі новыя твае
Прадстаўленыя карэспандэнтамі —
Усё на Радыё гучыць.

І покуль ёсьць пра што пісаць
Аб чым размовы весьці—
Ты будзеш слухаць і чакаць
Эфіру новага на хвалі
Пад назвай простаю Свабода».



А вось верш Юрася Платонава:

Як мне адказаць?
Зь якой нагоды?
Дзе пачую тыя галасы
Роднай і цікавай мне
Свабоды?
У этэры, дзе я бачу сны!


Радыё са словам Свабода ў назьве прысьвяціў сваё чатырохрадкоўе і аўтар, які падпісаўся ГАІ:

Не чытаў, ня чуў я з роду
Нешта лепшае за Свабоду.
У Свабоды дух свабодны —
І свабодны, і народны.


Акраверш Асі Паплаўскай завершыў прысьвячальную нізку ўдзельнікаў вечарыны:

Скобла запрашае ў «Вольную студыю».
Валянціна Аксак «Пяцікніжжа» рыхтуе.
Арлоў — свабодаўскі (з)лучнік.
Быкаў — наш свабодаўскі трэнд.
Освальд — герой Лукашука-бібліятэкара.
Дзесяцігодзьдзе сэрыі сьвяткуем сямейным колам,
А Аркуш блаславіў бацьку сэрыі
на новыя кнігі і творы.


Вадзім Александровіч склаў разважныя радкі:

Дзьве сьцежкі разышліся ў лесе.
Я пайшоў менш няходжанай.
Наканаваньне ці проста імкненьне?
Пытаньне губляе сэнс —
Бо разумею, што
Свабода — гэта права на
Самую няходжаную сьцежку...



Ягоную думку прадоўжыла сваім двухрадкоўем Людміла Логвінава:

Свабода — як магчымасьць разьвіцьця
У ланцугах — жыцьця.


Удакладніў дзядзька Антось з-пад Нясьвіжу:

Паўстане свабода і ў нашым двары,
на версе і ўнізе, з бакоў і ўгары.
За гэта павінен з нас кожны змагацца,
каб мы ўсе разам людзьмі сталі звацца



А завяршыла Антаніна Хатэнка:

Некалі Час быў маім,
І ў ім дыхала Воля,
Я камечыла свой Час, узьбівала
Яго, як подушку,
І Час падатліва ляпіўся,
Як гліна, выбухаў, як вагонь,
Выпырскваў, як вада.
Час абдымаў мяне,
Ахопліваў, як паветра.
І ў ім прытоена
Думала ў вечнасьць Воля.
Цяпер я належу Часу,
І час выгінае мяне, як вярбіну,
Гартуе, як гліну...
Выстуджвае, як бязьлюдную хаціну,
У якой застыгла, змоўкла Воля.
Я намагаюся разьдзьмухаць
Волю, як ачахлы агмень,
Я лашчу Волю нябачную,
Ў даланях, як хвалю,
Я разнасьцежваю да Волі,
Як да паветра, сэрца.
Але мой Час
І мая Воля
Чужуюць,
Ня сходзяцца...



На завяршэньне прэзэнтацыі Аляксандр Лукашук заспакоіў зацікаўленых чытачоў тым, што выданьне кніг у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» будзе працягнутае, паведаміўшы пра некаторыя пляны ў справе выданьня новых кніг, а таксама прачытаў свой верш на Свабоду:

«Дзякую вам, што вы слухаеце, чытаеце, памятаеце, добра ставіцеся да нас. І верш:

«Свабода — гэта мова,
На якой Бог гаворыць з чалавекам,
А чалавек — з Богам.
І абодва — глуханямыя.
Свабода.
Ые.
Ые».



Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук



Валянціна Аксак

Валянціна Аксак






Сьветаяна Емельянава, самы малады голас Свабоды. Яе голас прагучаў, калі ёй было 10 гадоў

Сьветаяна Емельянава, самы малады голас Свабоды. Яе голас прагучаў, калі ёй было 10 гадоў

Падчас прэзентацыі слухачам было прапанавана напісаць верш, адзін з якіх напісала Ася Паплаўская

Падчас прэзентацыі слухачам было прапанавана напісаць верш, адзін з якіх напісала Ася Паплаўская

XS
SM
MD
LG