Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька не назваў 9-га ўдзельніка сустрэчы ў Вільні


Рональд Пaфала
Рональд Пaфала

У Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з кіраўніком ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны Рональдам Пафалам. Па завяршэньні сустрэчы адзін з удзельнікаў сустрэчы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адказаў на пытаньні “Свабоды”.

РС: З чыёй ініцыятывы адбылася сустрэча, хто ў ёй узяў удзел і якія асноўныя пытаньні абмяркоўваліся?

Лябедзька: Ініцыятар сустрэчы Рональд Пафала - і гэта вельмі важны і істотны факт - адзін зь вядучых нямецкіх палітыкаў, на працягу вось ужо колькі гадоў дэманструе пастаянную зацікаўленасьць Беларусьсю і разьвіцьцём сытуацыі ў нашай краіне. Так што сам факт гэтай сустрэчы - гэта ўжо вялікі плюс для ўсіх нас.

У сустрэчы прымаюць удзел дзевяць чалавек - Сяргей Калякін, Рыгор Кастусёў, Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, прадстаўнікі "Гавары праўду", БХД, Марына Адамовіч, але я ня ўсе пэрсаналіі магу называць.

РС: А чаму ня ўсіх можаце назваць?

Лябедзька: Некаторыя самі так папрасілі. Адразу скажу, што Андрэя Саньнікава, напрыклад, на гэтай сустрэчы няма.

РС: Якая асноўная тэма сустрэчы?

Лябедзька: Сытуацыя ў Беларусі, пэрспэктывы разьвіцьця і што рабіць. Рональд Пафала і ў нефармальных гутарках, якія былі перад сустрэчай, і падчас свайго выступу зрабіў некалькі заяваў. Пачаў ён саму сустрэчу з пытаньня аб палітычных вязьнях. Тым самым ён прадэманстраваў, што гэта найбольш балючая кропка ў стасунках паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам. Ён адзначыў, што мы ня можам размаўляць з рэжымам, які садзіць у турму людзей толькі за тое, што ў іх ёсьць свая пазыцыя і што яны яе адстойваюць.

Па-другое, ён адзначыў, што такой жахлівай сытуацыі не было за ўвесь час праўленьня Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што на цуд тут нельга разьлічваць, што вельмі хуткіх пераменаў у найбліжэйшай пэрспэктыве ня будзе. Ён закрануў таксама сытуацыю з прывядзеньнем у дзеяньне сьмяротнага пакараньня і сказаў, што ён размаўляў з прадстаўнікамі беларускай улады і спрабаваў сптыніць сьмерць, але безвынікова. Ён быў узрушаны такімі паводзінамі беларускіх уладаў і тым, што яны выкарысталі гэтыя прысуды як палітычную інструмэнталізацыю.

Закранаюцца тут і расейска-беларускія стасункі, і сытуацыя па канкрэтных прыкладах рэпрэсіяў, ну і, натуральна, што рабіць. У прыватнасьці, што да мяне асабіста, то я якраз сказаў, што сутнасьцю стратэгіі Эўрапейскага Зьвязу можа якраз быць змаганьне за справядлівыя свабодныя выбары паводле стандартаў АБСЭ. Толькі свабодныя выбары дазволяць Беларусі выйсьці з таго тупіка, у які завёў краіну Аляксандар Лукашэнка.

І гэта ня ёсьць нешта незвычайнае для Эўрапейскага Зьвязу - свабодныя выбары. Тут я прывёў прыклады, што ў нас і той жа Андрэйчанка мае пазнавальнасьць менш за 4 працэнты паводле Baltic Gallup, а гэта здаецца другі ці трэці чалавек у палітычнай герархіі краіны, і што парлямэнту няма, а ёсьць 110 чыноўнікаў, і людзі не дэманструюць ніякай цікавасьці да парлямэнцкай кампаніі, таму што няма парлямэнту, няма выбараў. Натуральна, што людзі не чакаюць, што пасьля гэтай кампаніі адбудуцца нейкія перамены ў краіне.

РС: На сустрэчы былі розныя палітыкі з рознымі падыходамі. Ці была дасягнутыя пэўныя дамоўленасьці?

Лябедзька: У прынцыпе ў апісаньні сытуацыі мы маем кансэнсус, у фармулёўцы мэтаў і задачаў мы таксама вельмі блізкія. Ну, гучаць можа нейкія адценьні ці нейкі большы спадзеў на дыялёг або на нейкую больш жорсткую пазыцыю. Але ў прынцыпе можна было б сказаць, што прысутныя выглядаюць як людзі, якія сядзяць у адной лодцы і налягаюць на вёслы разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG