Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памінальны вясковы трыптых: Лаўрэнаўка — Відзенічы — Казігорка


Павандраваць пехатой па гэтых мясьцінах на Талачыншчыне было маёй даўняй спакусай. Тут, паміж рэкамі Крывой ды Абалянкай, яшчэ да прыходу ў 2-й палове 14-га стагодзьдзя вялікага князя літоўскага Ягайлы праходзіў славуты шлях з варагаў у грэкі. Тады пад званы ў летніх ранішніх туманах цягнулі волакам ладзьдзі ды чаўны паміж сучаснымі Лаўрэнаўкай ды Казігоркай. Цяпер рэкі сталі кволымі ручаінамі, а паселішчы... паміраюць.

Непасрэднай жа нагодай для вандроўкі стала просьба аршанскага апазыцыянэра, сябра БСДП(Г) Канстанціна Анташкевіча разабрацца, чаму дзесяцігодзьдзямі застаецца невядомым на малой Радзіме подзьвіг ягонага дзядзькі Хведара, які пахаваны ў Нямеччыне ў гарадку Вільгельм-Пік-штат Губэн і ў 23 гады ў 1945-м пасьмяротна стаў Героем Савецкага Саюзу. Ён, камандзір гарматы, адаслаўшы ў тыл падначаленых, застаўся сам перад умацаваным нямецкім дзотам, падарваў яго і пасьля падбіў 8 варожых танкаў.

Ад Лаўрэнаўкі да Казігоркі аўтобус сёньня наўпрост не даходзіць. Непадалёк ад прыпынку заўважыў сівога гаспадара, што смаліў ля хаты цыгарэту. Аказваецца, 70-гадовы спадар Віктар Цыбульскі таксама чуў пра свайго героя-земляка з Казігоркі.



Цыбульскі: «Ён там жыў, дошка стаіць. Я яго ня ведаў, а вам праз насып ісьці на Відзенічы, а тады на Казігорку...»

Карэспандэнт: «Старыя засталіся ці маладых крыху ў Лаўрэнаўцы ёсьць?»

Цыбульскі: «Ай, чалавекі чатыры, якія працуюць...»

Карэспандэнт: «А чаму платоў няма ў суседкі?»

Цыбульскі: «А ніхто не жыве, а яна інвалід зь дзяцінства...»

Карэспандэнт: «Пэнсію рэгулярна даюць?»

Цыбульскі: «Мільён даюць — у калгасе трактарыстам быў і цялят глядзеў...»

Карэспандэнт: «На „чарніла“ хапае, а каб пажыць?»

Цыбульскі: «Жывем — скаціну дзяржым. І карову, і сьвіней, у мяне сын тут трактар купіў. А старыя ўколвалі на працадні, калі калгас быў, а ўзімку ні х...а. Мала што і цяпер зьмянілася. Добра, што аўтобус ходзіць два разы ў Талачын — увечары і ў абед...»



Усё далейшае падарожжа мяне апаноўвалі супрацьлеглыя пачуцьці. Па шляху любаваўся шырокімі паплавамі з травой, што ўжо падымаецца, ды вячыстымі хвоямі,якія, шчыльна стоячы, падступаліся да дарогі. Унутрана ж жахаўся, калі ў вёсках сустракаў, бадай праз адну, пустыя, разабраныя, а то і спаленыя хаціны...



Праз 3 км ад Лаўрэнаўкі наступны ўказальнік — Відзенічы. Пасярод пустэльнай, адзінай тут вуліцы — перакошаны дом з высока ўзьнятым гукаўзмацняльнікам над дахам, што рэтрансьлюе радыёэфір. У глыбіні двара знаходжу захінутую ў хустку гаспадыню — спадарыню Ганну Васілеўскую.



Васілеўская: «Вымірае дзярэўня — застаўся нас чортаў тузін. Кароў 40 у вёсцы было, у Казігорцы ня меней. А людзей меней — у нас 13, у іх 12. Я была старэйшынай Відзенічаў, але адмовілася. А чаго — гэта ж трэба глядзець, каб па дзярэўні можна было прайсьці людзям. І абкасіць, і памагчы — а я тожа адна засталася...»

Карэспандэнт: «А гукаўзмацняльнік вы ўсталявалі, калі старэйшынай былі, ці спачатку сталі галоўным рэдактарам тутэйшага радыё?» (Агульны сьмех.)



Васілеўская: «Яшчэ да гэтага. Адмовілася за 2 гады — мне самой трэба памагчы. А яны зь мяне патрабуюць, каб дарогу чыніла! А на чым я ім што прывязу? У калгас зьвярнуся — „як пасеем, тады“. А дарогу разьбілі!»

З жыўнасьці ў вёсцы засталося тры кані ды адна карова. Да ўладальніцы апошняй накіроўваюся на ўскраіну. 60-гадовай спадарыні Тамары Міхневіч не ўдалося дапрацаваць год да пэнсіі — 6 гадоў таму нехта спаліў школу, дзе яна працавала тэхнічкай.

Міхневіч: «Дык я пайшла па скарачэньні штатаў з 54-х год, таму і пэнсія пасьля падвышэньня ўсяго 900 тысяч. Я адна жыву, дзеці прыяжджаюць. Калі суседцы малака занясу — дзяўчынка прыяжджае. Яшчэ парася ёсьць, куры. А на гэтай ускраіне я і адзін чалавек — во ён...»

Карэспандэнт: «Падыходзьце, раскажыце!»

Спадар: «У нас 8 двароў толькі, а я — Мікалай Ігнатовіч. Ні каня, ні каровы не трымаю — я адзін, на групе, інвалід дзяцінства...»

Карэспандэнт: «А вы чулі пра вашага Анташкевіча, які Героем Савецкага Саюзу стаў?»

Міхневіч: «Ай, у раёнцы нядаўна чытала нешта. Во прайдзіце ў той канец — там старэйшы наш жыве, яму восемдзесят...»



Сёньня ў сям’і Шамэдзькаў — 73-гадовай Ніны Аляксееўны ды 75-гадовага Леаніда Сяргеевіча — залатое вясельле, паўстагодзьдзя разам. З гэтай нагоды ўзьнялі кубкі са сьвежанацэджаным бярозавым сокам. А спадар Леанід, па маці Анташкевіч, аказаўся стрыечным братам таго самага героя — Хведара.

Карэспандэнт: «Якім вы запомнілі Хведара і чаму кажуць, што яго памяць дрэнна ўшанавалі на радзіме?»

Леанід: «Жылі ў Казігорцы яны і мы. А тады бацька Кузьма ўехаў у Сыбір і ўсе яны. Дык прыехалі з Талачына, дошку паставілі толькі год як пяць. Але доўгія гады ніхто ня ведаў, што ён герой, пакуль зь Нямеччыны брату Толіку папера не прыйшла, што Хведар быў камандзірам артустаноўкі. Ай, Толік кажа, што быў дурань бесшабашны, сарвігалава. (Сьмяецца.) Адзін ля гарматы застаўся, дык трэба было сваю галаву берагчы. А згібеў, каб дзот узарваць — дарэмна ж героя не даюць, сам пагіб, а шмат людзей выручыў...»

* * *

У Казігорцы мы яшчэ спынімся ля мэмарыяльнай дошкі ў гонар Хведара Анташкевіча. А пакуль са спадарствам Шамэдзькамі гутарым пра мінулае ды сёньняшняе жыцьцё ў Відзенічах.



Леанід: «Трактарыстам працаваў, мэханізатарам, 30 год на аўтобусе ...»

Ніна: «А я 20 год на фэрме цялят даглядала, 20 жа год пошту аднасіла. А заробак і пэнсія малыя, ніводнага дэкрэтнага адпачынку не адбыла. А гэтае парася выкарміць — камбікармоў 30 кг сто тысяч!»

Карэспандэнт: «Што ж столькі кінутых хат?»

Спадарства: «Старыя паўміралі, а маладыя ў горад паехалі. Кароў у кожнага было, а хто і дзьве трымаў, людзей многа было. Развал пачаўся, як зьядналі з Абольцамі — маладыя туды паехалі, бо кантора там, нарады на працу даюць. А тут фэрма была на 200, а яшчэ на гары стаялі каровы, цяляты, коней было многа. А зьядналі год 6 — яны тут кралі. Людзі паміралі — грошы Каклашвілі і бухгальтар на нябожчыкаў пісалі, а самі палучалі. І на тых, хто не працуе — хацелі, каб ім аддавалі гэтыя грошы . А адзін і не аддаў! (Сьмяецца.) Іх разаблачылі, а школу і клюб спалілі — бязьмежжа пачалося...»



Неабходнае тлумачэньне. 6 гадоў таму арыштавалі былога старшыню тутэйшага СВК «Авангард», а перад гэтым экс-участковага Цімура Каклашвілі. Сучасны Цімур у каманду ўзяў бухгальтарку, зь якой на 110 чалавек, якія пасьля пайшлі сьведкамі па справе, штогод выпісвалі па 20 мільёнаў неіснуючага «заробку» — усё клалі ў кішэню «каклашвілеўцы». Касірку, якая спужалася адказнасьці, былы міліцыянт вывез у лес, дзе на ноч прыкаваў наручнікамі. Ён адбыў ужо пяць год з васьмі, што прысудзілі. А вёскі, як і фэрмы, так і не падняліся.

Леанід: «У школе нявесткі нашы працавалі — паўцякалі. І дзіцячы сад быў, і мэдпункт — развалілі. А аўталаўка прыйдзе 2 разы на тыдзень да нас апошніх — ужо што засталося. Во мы паўміраем — хаты ссунуць, ды ўсё...»

З горкі нарэшце паказалася Казігорка. На ўскраіне, у гародзе за хатай, тры бабулькі садзілі бульбу адразу ўсьлед за канём. Падыходжу да іх па пашы.

Карэспандэнт: «Добра здароўе, бог у дапамогу — які дзень садзіце?»

Спадарыні: «Дзякуй, толькі пачалі. Садзім калектывам — адно аднаму трэба дапамагчы, гаспадыня адна ня зможа — хворая... Тут сотак 12–15, а нас тры пэнсіянэрачкі — Веташкіна Тамара Афанасьеўна, ужо 72... Міхневіч Галіна Пятроўна, 65... А мне 71 — Анташкевіч Валянціна Міхайлаўна, я старэйшына...»



Карэспандэнт: «Спадарыня Ганна ў Відзенічах адмовілася, а вы ад старэйшыны не зьбіраецеся адмаўляцца?»

Анташкевіч: «Я б адмовілася, дык няма замены...»

Карэспандэнт: «А старэйшынай вас прызначылі ці выбралі?»

Анташкевіч: «Прызначылі! Старшыня сельсавету, сакратарка прысталі — некаму ж трэба быць! А мяне тут усе выбіраюць — толькі будзь!»

Спадарыні: «Маладая, хай працуе старэйшынай!»

Карэспандэнт: «А спадарыня Ганна кажа — мяне прымушаюць дарогу падсыпаць і засыпаць — хіба павінна як старэйшына рабіць?!»

Анташкевіч: «Правільна, у іх была лаянка. Цяпер жа мяне прызначылі на Відзенічы і Станаўку — тры вёскі! У мяне таксама ногі баляць хадзіць. А там тэхнікай паразразалі дарогі — чым яна засыпець?! Ёсьць сельсавет, калгас...»

Міхневіч: «Вы б паглядзелі, як сёлета ў нас вазілі лес, тэхніка хадзіла і як дарогу разрэзалі на скрыжаваньнях! Ідзі, Міхайлаўна, пакажы!»

У самым цэнтры ўбачыў вывернутую на месіва зямлю, па якой і праўда што ані прайсьці, ані праехаць.



Анташкевіч: «Лес тут вазілі на бальшагрузах. Во далей Пятроўна наша жыве, дык ёй да аўталаўкі дабрацца было ніяк — бруд па калені! Некалькі разоў падсыпалі. А толку — вада з усіх бакоў...»

Карэспандэнт: «Гэта найкарацейшая дарога? Або нельга было абмінуць?»

Анташкевіч: «Не, нельга...»

Карэспандэнт: «А чаму Казігоркай назвалі?»

Анташкевіч: «Мо козы вяліся на горцы...» (Сьмех.)

Карэспандэнт: «А цяпер у вас на гары могілкі...»

Анташкевіч: «О-о, там такая гара, што ні ўзысьці, ні ўзьехаць, тым больш зь нябожчыкам! Раней да зямлі ашчадна ставіліся — пад могілкі давалі там, дзе не засеяць...»

Падыходзім да памянёнай мэмарыяльнай дошкі Хведару Анташкевічу, што ўсталявана ля хаты з акуратна прыбраным надворкам.



Карэспандэнт: «А чаму менавіта тут усталявалі?»

Анташкевіч: «Ведаеце, на вёсцы забудавана-заселена, а тут жыў яго брат у прымаках. Тут ніхто ня ходзіць, не ламаець, ня крышыць — ну дык і добра...»

Карэспандэнт: «Лаўрэнаўка, Відзенічы, Казігорка — тры запар паміраючыя вёскі...»

Анташкевіч: «Ой, міленькі, у Станаўцы 8 чалавек засталося, Мяхінічы зусім „закрыліся“ — старыкі ўміраюць, а моладзь павыехала. У Абольцах аграгарадок — народу многа...»

Карэспандэнт: «Аграгарадкі сярэднія і малыя вёскі зьелі?»

Анташкевіч: «Зьеў горад, і два калгасы аб’ядналі — людзей ня стала. А сагналі — не было каму даіць каровы. Сталі людзі лічыць дзенежкі — мала, і іх ня стала. У нас мужыкоў 12 чалавек, і то адзін інвалід. І яшчэ хлопец бацькоў даглядае...»

Карэспандэнт: «А да Лукашэнкі як вы ставіцеся?»

Анташкевіч: «Выдатна! Мы толькі і жывем пры ім — ён за сялян, даець нешта, пэнсіі якія-ніякія, але ж павышаюцца кожны год...»

Карэспандэнт: «Вам на два рублі павысіць, а цэны на дваццаць...»

Анташкевіч: «Хопіць нам на пражыцьцё — ну, скаціны не дзяржым ужо, каровы ні адной, тры кані на вёсцы шчэ ёсьць. Горка застанецца наша Казігорка, а вакол нічога няма — бур’янам зарастаець...»

Падышлі бабулькі — сяброўкі спадарыні Валянціны.

Спадарыні: «Мы толькі хочам адно сказаць — каб нас, старыкоў, не забывалі, каб дапамагалі!.. Навяшчайце нас!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG