Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўра-2012, кныр Фунцік, сланіха Чыта і ўсё такое


Кныр Фунцік, сымбаль Эўра-2012 ва Ўкраіне
Кныр Фунцік, сымбаль Эўра-2012 ва Ўкраіне

8 чэрвеня стартуе 16-ты футбольны чэмпіянат Эўропы. Чэмпіянат пачнецца матчам Польшча-Грэцыя ў Варшаве (а 19.00 менскага часу).

Перад матчам пройдзе 20-хвілінная цырымонія адкрыцьця чэмпіянату, гаспадарамі якога зьяўляюцца Польшча і Ўкраіна. Ацэньваецца, што цырымонію адкрыцьця ў тэлевізары або ў інтэрнэце паглядзяць прыблізна 150 мільёнаў чалавек на сьвеце.

Склады папярэдніх груп чэмпіянату Эўра-2012:

А — Польшча, Расея, Грэцыя, Чэхія;
В — Галяндыя, Партугалія, Нямеччына, Данія;
С — Гішпанія, Харватыя, Італія, Ірляндыя;
D — Англія, Францыя, Швэцыя, Украіна.

Дружыны з групаў А і С гуляюць свае матчы ў Польшчы (Варшава, Уроцлаў, Познань, Гданьск), а дружыны з групаў B і D — ва Ўкраіне (Кіеў, Харкаў, Данецк, Львоў).

Па выніках групавога этапу ў чвэрцьфінал выйдуць па дзьве лепшыя дружыны з кожнага квартэту. Чвэрцьфіналы пройдуць 21–24 чэрвеня, паўфінальныя матчы адбудуцца 27 і 28 чэрвеня, а вырашальны паядынак за першынство ў Эўропе пройдзе 1 ліпеня ў Кіеве. Бароніць Кубка Эўропы Гішпанія, якая адначасова зьяўляецца футбольным чэмпіёнам сьвету.

Насьледуючы незвычайна папулярнай рэклямнай стратэгіі, якую скарысталі немцы падчас матчаў за Кубак сьвету ў 2010 годзе, калі васьміног Паўль з акіянарыюма ў Обэргаўзэне «адгадаў» пераможцаў ва ўсіх матчах зборнай Нямеччыны ды пераможцу фіналу, сваіх зьвярыных «аракулаў» прапанавалі сёлета Польшча і Ўкраіна: палякі сланіху Чыту, а ўкраінцы кныра Фунціка.

Абедзьве краіны, якія атрымалі высокую ацэнку арганізацыйнай падрыхтоўкі чэмпіянату ад прэзыдэнта ФІФА Мішэля Пляціні, спадзяюцца, што чэмпіянат Эўра-2012 выкліча вялікае і трывалае зацікаўленьне да іх з боку турыстаў усяго сьвету.

Украіна спадзяецца, што ў сувязі з Эўра-2012 яе наведае 1 мільён турыстаў. Прэс-агенцтвы таксама паведамляюць, што да чэмпіянату ва Ўкраіне падрыхтаваліся як мінімум 52 тысячы працаўніц (і працаўнікоў, відаць) са сфэры сэксуальных паслугаў. Да таго, украінскім міліцыянтам выдалі 1400 электронных трансьлятараў голасу, каб яны маглі неяк паразумецца з чаканым наплывам іншамоўных турыстаў.

Польшча ў рэйтынгу ФІФА знаходзіцца на 65-м месцы, Украіна — на 52-м. Беларусь, якая ня ўдзельнічае ў чэмпіянаце, — на 69-м.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG