Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статут ВКЛ вярнуўся на радзіму дзякуючы пільнаму студэнту і расейскім грашам


7 чэрвеня ў будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю ў Менску адбылася ўрачыстая перадача Статуту Вялікага Княства Літоўскага музэю гісторыі Магілёва. Улады РБ на выкуп рэліквіі грошай не знайшлі.

7 чэрвеня ў будынку Магілёўскага гістарычнага музэю адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Статуту ВКЛ у Беларусь. Карэспандэнт Радыё Свабода перадае з цырымоніі перадачы Статуту ВКЛ у Магілёўскі гістарычны музэй:

Ігар Карней: Дзяржава ня мела непасрэднага дачыненьня да перадачы Статуту ў Беларусь. Вельмі сымбалічна, што цырымонія перадачы Статуту Магілёўскаму гістарычнаму музэю адбываецца ў залі, дзе якраз у гэты час экспануецца выстава «Вялікія князі Вялікага княства Літоўскага».

Трэба сказаць, што сабралася вельмі шмат прадстаўнікоў СМІ, дзеячаў культуры, мастацтва і дзяржаўных чыноўнікаў.

Першым слова ўзяў міністар культуры Павал Латушка, які ў прыватнасьці заўважыў, што вельмі ўзрушаны, бо прысутнічае на гістарычнай падзеі.

Спадар Латушка адзначыў, што сапраўднымі сымбалямі Беларусі зьяўляюцца Біблія Скарыны і Статут ВКЛ, які выкарыстоўваўся з XVI да XIX стагодзьдзяў, і сёньня нарэшце вярнуўся дадому. Прынамсі, у гістарычным музэі ён будзе экспанавацца. І хоць дзяржава фактычна не паўдзельнічала ў фінансаваньні вяртаньня статуту на Радзіму, але Латушка адзначыў, што дзяржава была гатовая выдаткаваць і ў два-тры разы большую суму.

Чаму давялося скідвацца простым людзям і камэрсантам, ён не ўдакладніў.

У сваю чаргу Валер Тарасаў, прадстаўнік кампаніі «Альпары», якая выдаткавала 30 тысячаў з патрэбных 45 тысячаў даляраў, адзначыў, што статут ВКЛ — адно з самых вялікіх дасягненьняў старабеларускай думкі, таму паспрыяць вяртаньню рэліквіі было справай гонару.

Таксама выступіў старшыня нацыянальнай аўтаноміі беларусаў у Расейскай Фэдэрацыі Валер Казакоў, які ўгаварыў кіраўніцтва кампаніі «Альпары» выкупіць статут.

Напрыканцы слова ўзяў дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў, і ён расставіў усе кропкі над «і» ў спрэчцы, дзе захоўваць Статут. Ён сказаў, што Статут ВКЛ будзе захоўвацца ў Магілёве, ня ў фондах, для яго будзе выраблены адмысловы стэнд. Ён назваў імя прадпрымальніка, які ўнёс заклад 4,5 тыс даляраў, каб Статут ня мог перакупіць нехта іншы, — гэта магілёўскі бізнэсовец Уладзімір Мардачоў.


Арыгінальнае выданьне на старабеларускай мове 1588 году было выкуплена 5 чэрвеня ў прыватнага маскоўскага калекцыянэра за 45 тысяч даляраў. Улады Беларусі не знайшлі мізэрнай па дзяржаўных мерках сумы, каб вярнуць гістарычную рэліквію. Асноўную частку грошай дала расейская група кампаній «Альпары», астатняе — ахвяраваньні неабыякавых грамадзянаў Беларусі.

У траўні адміністрацыя музэю гісторыі Магілёва абвясьціла дабрачынную акцыю зьбіраньня сродкаў на набыцьцё ўнікальнага выданьня. Пайсьці з шапкай музэйнікаў падштурхнула інфармацыя пра тое, што ў Маскве на электронным аўкцыёне выстаўлены на продаж асобнік Статуту ВКЛ першага выданьня, датаваны канцом XVI стагодзьдзя. Калі стала зразумела, што збор сродкаў ідзе ня так шпарка, як хацелася б, Нацыянальны банк Беларусі зьвярнуўся да камэрцыйных устаноў з просьбай дапамагчы ў набыцьці кнігі.



За кошт прыватных ахвяраваньняў было сабрана 15 тысяч даляраў — траціна ад неабходнай сумы. 4,5 тысячы даляраў у якасьці закладу пералічыў ананімны магілёўскі прадпрымальнік. Але каб ня ўнёсак у памеры 30 тысяч даляраў з боку групы кампаній «Альпары», невядома, колькі яшчэ беларусам давялося б чакаць падобнай удачы. Гаворыць дырэктар афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Аляксандар Сабодзін:

«Гэтая гісторыя ўвогуле вельмі цікавая, я б нават сказаў — дэтэктыўная. Студэнт
Кіраўніцтва кампаніі вельмі хутка адгукнулася на нашу просьбу зь Беларусі ...

адной з ВНУ ўбачыў, што прадаецца Статут на аўкцыёне, паведаміў гісторыкам. Мы пра гэтую інфармацыю даведаліся ўжо ў момант звароту Нацбанку ў СМІ. Натуральна, я вырашыў зрабіць запыт нашым маскоўскім калегам у „Альпары“ — ці зможам мы нейкім чынам дапамагчы ў вяртаньні Статуту? Кіраўніцтва кампаніі вельмі хутка адгукнулася на нашу просьбу зь Беларусі, адрэагавала, і вось такім чынам Статут апынуўся ў нас. Я вельмі гэтаму рады, таму што як жыхару Беларусі мне гэта ўдвая прыемна».

Карэспандэнт: «Фактычна Статут у Беларусь вярнулі расейскія грошы?»

«Разумееце, няважна нават, якія канкрэтна грошы вярнулі Статут. Важна тое, што ён вернуты, я лічу так. Вельмі прыемна, калі нам пішуць, тэлефануюць нават не кліенты, а проста незнаёмыя людзі, дзякуюць. Таму хачу выказаць удзячнасьць усім тым, хто ўвогуле адгукнуўся на гэтую акцыю — няхай нават не грашыма, а проста словам. Яшчэ раз паўтару: вельмі прыемная навіна. Статут — гэта, па сутнасьці, сярэднявечная Канстытуцыя, найбольш прагрэсіўная на той момант. Гэты дакумэнт зрабіў уплыў на юрыдычную сыстэму як тагачаснай Беларусі, так і нашых суседзяў. Таму, натуральна, прыемна, што гэтая рэліквія вернутая на гістарычную радзіму».


Першым наткнуўся на інфармацыю пра электронны букіністычны аўкцыён з выстаўленай на ім гістарычнай рэліквіяй студэнт-гісторык Андрэй Радкоў. Зьвесткамі ён падзяліўся з дырэктарам Магілёўскага гістарычнага музэю Аляксеем Бацюковым, пасьля чаго і пачалася бурная дзейнасьць, каб вярнуць каштоўны старадрук.

Статут 1588 году распрацаваў падканцлер Вялікага Княства Літоўскага і стараста магілёўскі Леў Сапега. Ён выдаў яго за асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсьціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. Вядома пра тры выданьні Статута — у 1588, 1592–1593 і 1594–1595 гадах. Паводле знаўцаў, цяпер у сьвеце налічваецца дзесьці паўсотні асобнікаў Статуту. Найбольшая колькасьць — звыш дзясятка — у Расеі. Па пяць-шэсьць асобнікаў — ва Ўкраіне, Польшчы і Літве. У Беларусі да сёньняшняга дня не было ніводнага. Вяртаньне першай ластаўкі цешыць магілёўскага гісторыка, доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка:

«Вельмі прыемна і радасна, што з ініцыятывы пэўных зацікаўленых людзей
збор грошай прадэманстраваў: беларусы ёсьць нацыяй ...

і дзяржаўнай установы, якой зьяўляецца музэй гісторыі Магілёва, адбылося тое, што адбылося. Гэта ўжо ёсьць фактам, што Статут вярнуўся ў Беларусь. Мне ўдвая прыемней, што ён вяртаецца ў Магілёў, адкуль і паходзіў слынны, знакаміты род фундатараў, мэцэнатаў і друкароў Мамонічаў. І ў разы яшчэ больш прыемней ад таго факту — вельмі паказальнага, знакавага, сымбальнага — што збор грошай прадэманстраваў: беларусы ёсьць нацыяй. Бо нацыя — гэта найперш салідарнасьць, гэта паяднаньне са знакавымі сымбалямі, якім зьяўляецца Статут.

Больш за тое, вельмі прыемна, што людзі ахвяравалі свае ўласныя грошы — за вельмі непрацяглы прамежак часу было сабрана 14 тысяч даляраў. Адгукнуліся і банкі, і бізнэсоўцы, і простыя людзі. Вядома, асаблівай падзякі за тое, што так апэратыўна выкуплены Статут, заслугоўвае асабістая, вельмі шчырая зацікаўленасьць і дапамога, якую аказаў адзін з самых знакавых беларусаў у герархіі расейскай улады Валеры Казакоў. Ён ня толькі яшчэ і пісьменьнік і паходзіць з Магілёўшчыны, але і дарадца памочніка прэзыдэнта Расеі па Сыбірскай фэдэральнай акрузе. Менавіта Валеры Мікалаевіч зрабіў усё мажлівае, каб знайшлося 30 тысяч даляраў, каб зацікавіць адпаведную маскоўскую фірму, сярод заснавальнікаў якой ён мае шчырых прыяцеляў. І ўсё гэта стала сёньня фактам».

Паводле экспэртаў, арыгінальны Статут — найвышэйшае дасягненьне старабеларускай прававой думкі, ён паўплываў на культурна-гістарычную і юрыдычную традыцыю шэрагу краін Эўропы. Статут — сымбаль і помнік найвышэйшай культурнай значнасьці. Дзякуючы актыўнасьці неабыякавых людзей рэліквія нарэшце вяртаецца на радзіму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG