Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашлюць беларускіх вайскоўцаў бараніць Асада?


Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад
Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад
Расейская «Независимая газета» піша, што Міністэрства абароны РФ працуе над плянам выкарыстаньня расейскіх узброеных сілаў за межамі краіны.

Паводле выданьня, адна з краінаў, дзе магчымыя дзеяньні расейскіх сілаў — Сырыя. «Независимая газета» дадае, што дэталі пляну распрацоўваюцца разам з аб’яднаным штабам Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) ды таксама рэгіянальнай антытэрарыстычнай структурай Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

На думку журналістаў расейскай газэты, ускосным пацьвярджэньнем гэтай інфармацыі зьяўляюцца словы генэральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы, які заявіў аб магчымасьці выкарыстаньня сілаў АДКБ у вырашэньні крызысу ў Сырыі.

Ананімная крыніца ў Міністэрстве абароны РФ заявіла газэце, што для ўдзелу расейскіх войскаў у дзеяньнях у Сырыі патрэбнае палітычнае рашэньне кіраўніцтва Расеі і адпаведная рэзалюцыя ААН.

«Независимая газета» лічыць, што падрыхтоўку да магчымых апэрацый за межамі Расеі, у тым ліку ў Сырыі, ужо пачалі ў Пскоўскай 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ і 15-й агульнавайсковай брыгадзе ў Самары.

«Сырыя коціцца да грамадзянскай вайны. І яе кіраўніцтву патрэбная дапамога, якую пры адпаведнай палітычнай волі можна аказаць. Зразумела, пажадана ажыцьцявіць гэта ва ўзаемадзеяньні з саюзьнікамі РФ у АДКБ і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва» — «Независимая газета» цытуе Аджара Куртава, галоўнага рэдактара часопісу «Проблемы национальной стратегии».

Нагадаем, што ў АДКБ уваходзяць Расея, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, а ў ШАС — Казахстан, Кіргізстан, Кітай, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG