Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнікам абмяжуюць атрыманьне віз у беларускім аэрапорце


Нацыянальны аэрапорт

Нацыянальны аэрапорт

«Ад 1 верасьня 2012 году магчымасьць атрыманьня ўязных візаў у Нацыянальным аэрапорце захаваецца толькі для грамадзян тых замежных дзяржаў, у якіх адсутнічаюць дыпляматычныя прадстаўніцтвы альбо консульскія ўстановы Беларусі», — заявіў на брыфінгу ў Менску прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ён сказаў, што гэтыя зьмены ў візавыя правілы ўнёс Савет міністраў.

Такім чынам, грамадзянін, умоўна кажучы, Францыі ці нейкай іншай краіны, дзе ёсьць дыппрадстаўніцтва Беларусі, мусіць атрымаць беларускую візу ў гэтым прадстаўніцтве. Выключэньне зроблена толькі для тых замежнікаў, хто прылятае ў Беларусь у складзе афіцыйных дэлегацыяў на запрашэньне органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі, і ў выпадку сьмерці блізкіх сваякоў.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак у размове са «Свабодай» так пракамэнтаваў гэтае рашэньне ўраду: «Верагодна, можна чакаць, што гэтае рашэньне ў прынцыпе ўскладніць і без таго няпростыя магчымасьці замежных грамадзянаў наведаць Беларусь. І ў гэтым сэнсе мне малазразумелая такая лёгіка. Навошта яны гэта робяць? Увесь жа час улады кажуць пра неабходнасьць паляпшаць доступ замежных турыстаў у Беларусь. Вядома, гэта будзе складана.

Але я ня думаю, што гэта наўпрост адаб’ецца на міжнародных кантактах беларускай супольнасьці. Таму што ў гэтай сфэры якраз усё болей плянуецца загадзя і робяцца адпаведныя падрыхтоўчыя дзеяньні. Аднак у цэлым замежнікам будзе цяжэй трапіць на тэрыторыю Беларусі. Хто ад гэтага выйграе? Пакуль я ня бачу выразна, навошта гэта робіцца».
XS
SM
MD
LG