Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мошэс: «Мы цяпер дакладна ведаем, што санкцыі могуць працаваць»


Кіраўнік расейскіх праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс заявіў, што дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і Эўразьвязам дагэтуль не разьвязаны.

«Калі выкарыстоўваць мэдычную тэрміналёгію, то можна сказаць, што пасьля стадыі абвастрэньня наступіла палягчэньне сымптомаў. Амбасадары вярнуліся, але ў тым, што яны гэта зробяць, не было ані найменшага сумненьня. Зьехалі заходнія дыпляматы таму, што канфлікт быў справакаваны беларускім бокам. У большай ступені ісьці на саступкі мусіў Менск. Мы цяпер дакладна ведаем, што санкцыі могуць працаваць.

Адна з самых знакавых фігур зь ліку беларускіх палітвязьняў — экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў — ужо на волі. Гэта азначае, што цьвёрдая пазыцыя ЭЗ выявілася апраўданай. І ў далейшым у Брусэлі будзе лягчэй аргумэнтаваць правядзеньне ў дачыненьні да Менску менавіта жорсткай і няўступлівай палітыкі. Адным словам, у большай ступені ад дыпляматычнага канфлікту выйгралі прыхільнікі жорсткай лініі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі», — заявіў Мошэс у інтэрвію «Нямецкай хвалі»

Рэжым Лукашэнкі вырашае сваю тактычную задачу — аднаўленьне субсыдыяваньня эканомікі з боку Расеі. Яна была вырашана выключна малой крывёй — шляхам продажу „Белтрансгазу“
Аркадзь Мошэс

Паводле экспэрта, Эўразьвязу варта прытрымлівацца той лініі, згодна зь якой толькі вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў можа пакласьці пачатак перамовам пра нейкае далейшае збліжэньне.

«Прынцыповыя ўмовы для аднаўленьня дыялёгу яшчэ ня выкананыя Менскам. Таму мяч на ягоным баку», — адзначае Мошэс.

Ён ня лічыць, што Беларусь ужо цалкам уцягнулася ў расейскую сфэру ўплыву і яе геапалітычныя арыенціры вызначыліся на стратэгічную пэрспэктыву: «Нічога такога асаблівага не адбылося. Будавалася саюзная дзяржава Расеі і Беларусі, цяпер ствараецца Адзіная эканамічная прастора. Рэжым Лукашэнкі вырашае сваю тактычную задачу — аднаўленьне субсыдыяваньня эканомікі з боку Расеі. Яна была вырашана выключна малой крывёй — шляхам продажу „Белтрансгазу“, валодаць якім безь перадачы яго Расеі наагул ня мела ніякага эканамічнага сэнсу. Іншыя стратэгічныя актывы, продаж якіх Маскве сьведчыў бы пра прамы кантроль Крамля над эканомікай Беларусі, застаюцца ў руках Менску. Проста крыху відазьмяняюцца правілы, паводле якіх будуць гуляць на гэтай прасторы. Гэта не геапалітычная здача», — кажа кіраўнік расейскіх праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў.

«Адначасова мы бачым, што партнэры Масквы па АЭП — Беларусь і Казахстан — вельмі добра разумеюць свае перавагі. Яны разглядаюць Расею як транзытную тэрыторыю і крыніцу дадатковых эканамічных выгодаў. Вяртаючыся да геапалітычнай арыентацыі Беларусі, падкрэсьлю, што ключавым фактарам тут застаецца ўнутрыпалітычная сытуацыя ў самой краіне. Калі яна зьменіцца, будзе магчыма перагледзець прынятыя рашэньні і дамоўленасьці», — заявіў Аркадзь Мошэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG