Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 ліпеня без рэцэпту можна будзе набыць больш за 60% лекаў


Міністэрства аховы здароўя Беларусі з 1 ліпеня робіць больш жорсткімі правілы продажу лекаў, аднак пералік прэпаратаў, дазволеных да вольнага продажу, пашыраны параўнальна зь першапачатковымі прапановамі.

Пра гэта паведаміў журналістам міністар аховы здароўя Васіль Жарко.

«Ня будзе водпуску ўсіх лекавых сродкаў грамадзянам толькі па рэцэптах, як гэта падавалася ў прэсе. З 1 ліпеня Міністэрства аховы здароўя проста зробіць больш жорсткім кантроль за водпускам мэдпрэпаратаў з мэтай іх рацыянальнага прымяненьня і недапушчэньня небясьпечных наступстваў ад самалячэньня», — сказаў Жарко.

У Беларусі зарэгістравана больш за 5 тысяч лекавых сродкаў.

«З улікам практыкі, якая склалася, і экспэртных заключэньняў мы сфармавалі новы пералік лекаў, дазволеных да свабоднага продажу, і 4 чэрвеня я падпісаў адпаведны загад. У гэты пералік уключана 3279 найменьняў — гэта 61,6% усіх лекавых сродкаў», — сказаў Жарко.

Па рэцэптах будуць адпускацца 1985 мэдпрэпаратаў, у тым ліку наркотыкі, псыхатропныя прэпараты, сродкі для лячэньня эпілепсіі, інсуліны, гарманальныя прэпараты, анаболікі, некаторыя гіпэртэнзіўныя сродкі, лекі ад анкалягічных захворваньняў, а таксама антыбіётыкі 3-га, 4-га і пазьнейшых пакаленьняў.

Сродкі для лячэньня сардэчна-сасудзістых захворваньняў і антыгіпэртэнзіўныя прэпараты, якія шырока прымяняюцца насельніцтвам, будуць прадавацца без рэцэпту. Гэта ж тычыцца простых антыбіётыкаў і некаторых супрацьзачаткавых сродкаў.

Пералік будзе штогод пераглядацца. Паводле міністра, выпісваць рэцэпты змогуць лекары як дзяржаўных, так і недзяржаўных мэдустаноў. Пры гэтым пацыенты атрымаюць права зьвяртацца па рэцэпты як да ўчастковага, так і да дзяжурнага лекара. Усе мэдустановы ўжо забясьпечаныя блянкамі для выпіскі рэцэптаў, з мэдыкамі праведзена адпаведная праца.

Жарко ня лічыць, што ўзмацненьне жорсткасьці парадку водпуску лекаў прывядзе да росту чэргаў у паліклініках. Ён паабяцаў, што ў 2014 годзе чэргаў у паліклініках ня будзе.

Міністар адзначыў, што Міністэрства аховы здароўя ня будзе пазбаўляць аптэкі ліцэнзій за парушэньне парадку безрэцэптурнага водпуску лекаў. «Меры адказнасьці мы будзем рабіць больш жорсткімі паступова», — сказаў ён.

Міністар прызнаў, што з увядзеньнем такога парадку абарот некаторых лекавых сродкаў у Беларусі зьменшыцца. Аднак, нягледзячы на гэта, фармацэўтычныя кампаніі падтрымалі ініцыятыву.

Жарко дадаў, што Міністэрства аховы здароўя выступае і за забарону рэклямы лекаў у электронных і друкаваных СМІ.
XS
SM
MD
LG