Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знакаміты амэрыканскі пісьменьнік Рэй Брэдбэры памёр у аўторак увечары ва ўзросьце 91 году. Пра гэта паведаміла яго дачка Аляксандра.

У апошнія гады Брэдбэры мусіў карыстацца інвалідным вазочкам, бо перанёс інсульт, але не спыняў літаратурнай працы – выходзілі яго новыя раманы, п'есы, сцэнары і зборнік паэзіі. Штодня ён пісаў ў сваім доме ў Каліфорніі, а час ад часу сустракаўся з чытачамі ў кнігарнях, грамадзкіх бібліятэках і на іншых літаратурных імпрэзах.

Шырокую папулярнасьць Брэдбэры прынесьлі «Марсіянскія хронікі» – зборнік зьвязаных міжсобку апавяданьняў, які выйшаў у 1950 годзе. У гэтай кнізе, якую можна назваць прыкладам сацыяльнай сатыры, калянізатары зь Зямлі зьнішчаюць ідылічную марсіянскую цывілізацыю. «Марсіянскія хронікі» былі перакладзеныя больш чым на 30 моваў, паводле іх зьнялі тэлесэрыял, а пазьней стварылі кампутарную гульню.

У 1953 годзе выйшла кніга «451 паводле Фарэнгайту» – пост-апакаліптычная карціна цывілізацыі пасьля ядзернай вайны. У гэтым сьвеце асноўная праца пажарнікаў – паліць кнігі, бо само існаваньне кнігаў лічыцца небясьпечным. (Брэдбэры сказалі, што 451 градус паводле шкалы Фарэнгайту – гэта тэмпэратура, пры якой гарыць папера).

«Гэта была кніга, заснаваная на сапраўдных фактах і на маёй нянавісьці да людзей, якія паляць кнігі», – сказаў Брэдбэры ў інтэрвію агенцтву Associated Press у 2002 годзе.

У 2009 годзе падчас лекцыі ў гонар першых угодкаў невялікай бібліятэкі ў Паўднёвай Каліфорніі, Брэдбэры заклікаў сваіх чытачоў: «Рабеце тое, што любіце і любеце тое, што робіце».

Творы Брэдбэры перакладаліся на беларускую мову:

Кавалак дрэва
Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю
Нічога новага, альбо Што забіла сабаку?
Яго пумпернікель
Усьмешка
Сам-насам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG