Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета амаль у два разы падаражэлі пуцёўкі ў дзіцячыя летнікі. Іхны кошт складае паўтара мільёна беларускіх рублёў супраць 800 тысяч рублёў летась. Акрамя таго, у гарадах за апошнія гады зьменшылася колькасьць аздараўленчых, спартовых і профільных летнікаў.

Для сямейнага бюджэту пуцёўка ў летнік — задарагая

Дачка жыхара Бабруйску спадара Ўладзімера сёлета, як і летась, паедзе ў аздараўленчы летнік у Бабруйскім раёне. Ён — сябра афіцыйнага прафсаюзу, таму мае істотную зьніжку на пуцёўку:

«Вядома, умовы там у іх ня надта ўжо, каб сказаць, што ўсяго ўдосталь было. Звычайны такі аздараўленчы лягер. Раней гэта быў прафілякторый. Ёсьць там прыбіральні й душавыя. У нас проста няма фінансаў, каб адправіць яе ў іншае месца. Вось ёсьць такая магчымасьць, дык мы ёй і карыстаемся. Калі б не было яе, то наагул нічым не карысталіся б».

А вось жыхарцы Магілёва спадарыні Натальлі, сябры таксама дзяржаўнага прафсаюзу, з пуцёўкай для сына не пашанцавала. Летнік для яе сямейнага бюджэту непад’ёмны.

«Кошт даволі вялікі. Са свайго заробку я адправіць яго не магу. Ад 400–500 тысяч даплаты. Поўны кошт пуцёўкі — ад мільёна ста тысяч рублёў і вышэй. Я — сябра прафсаюзу, але ўсё роўна даплачваць трэба больш за чатырыста тысяч. Для школьнага лягеру мы ўжо завялікія. Дванаццаць гадоў малодшаму. На такіх дзяцей школьны лягер не разьлічаны», — зазначае спадарыня Натальля.

Маё прадпрыемства ня мае магчымасьці аплаціць мне хаця б палову кошту пуцёўкі

Сын супрацоўніцы камэрцыйнай арганізацыі спадарыні Галіны таксама бавіць летні час дома. Сытуацыя аналягічная — летнік задарагі:

«Я, зразумела, хацела б адправіць сваё дзіця на аздараўленьне ў летнік, але пуцёўка занадта дарагая, а маё прадпрыемства ня мае магчымасьці, каб аплаціць мне хоць бы палову кошту пуцёўкі».

Ёсьць бацькі, якія наагул ня ведаюць, куды зьвяртацца па пуцёўку ў летнік. Гэта пераважна жыхары сельскай мясцовасьці. З двума такімі прыежджымі ў Магілёў жанчынамі ўдалося пагаварыць на вуліцы. На пытаньне, ці хацелі б яны аддаць сваіх дзяцей у летнік, спадарыні адказалі, што так:

Карэспандэнт: «А чаму не аддалі?»

Спадарыня: «Неяк ня ведаем, куды гэта трэба зьвяртацца. У якія інстанцыі. Не праінфармаваныя мы».

Другая спадарыня: «Вось мы так мяркуем, што гэта дужа дорага. Я неяк у газэце чытала, што на пуцёўкі цэны кусаюцца. За мільён — вось так».

Ля Горадні ў апошнія гады зачыніліся яшчэ чатыры летнікі

Ад 2005 году вакол Горадні спынілі існаваньне чатыры летнія лягеры для адпачынку дзяцей. Таму ўжо сёлета ёсьць праблемы з пуцёўкамі. Пра гэта сьведчаць і ўдзельнікі апытаньня, якое карэспандэнт «Свабоды» правёў на вуліцах абласнога цэнтру.

Вось што адказвалі школьнікі на пытаньні, ці паедуць яны ў летні лягер, куды менавіта і колькі будзе каштаваць пуцёўка:

Школьнік: «Не, я не паеду, але гэта ўсё даступна. Мне не падабаюцца папросту лягеры. Але ў нас усе паехалі. Кудысьці за Гарадзенскую вобласьць».

Другі: «Не. Ня ведаю, дома весялей».

Трэці: «Дорага, але я ня памятаю».

Таксама свае меркаваньні выказалі мама аднаго са школьнікаў і бабуля.

Маці: «У любым выпадку, я думаю, ёсьць бацькі, якія адпраўляюць дзяцей. Тут не ад дзяцей залежыць — ад бацькоў. Калі яны адпраўляюць, то дзеці едуць. Але ў асноўным, мне здаецца, больш менавіта ў прышкольныя лягеры ходзяць, у горадзе застаюцца».

Чацьверты школьнік: «Я ў лягер паеду, на „Хімвалакно“, за сто дзевяноста тысяч».

Маці: «Сто дзевяноста тысяч рублёў, хлопчык дакладна сказаў. Гэта будзе прышкольны лягер. Калі дзеці толькі харчуюцца і гуляюць там. Калі выяжджаць за горад, то я мяркую, што такая пуцёўка будзе каштаваць больш за мільён рублёў. Гэта ўжо значная сума, і асабліва калі сям’я шматдзетная, то ня ўсе бацькі могуць сабе дазволіць такую суму на ўсіх дзяцей».

Пяты школьнік: «Так, едзем, вядома. У „Зубраня“ на Нарачы, у алімпіядах удзельнічаем, за гэта нам даюць пуцёўкі, калі перамагаеш».

Шосты: «У лягер „Купалінка“. Бацькі працуюць на „Азоце“, там пуцёўку даюць».

Сёмы: «У лягер „Азёрны“ еду на тыдзень, за сто шэсьцьдзесят тысяч».

Восьмы: «Паеду ў спартовы лягер у Зэльве. Шэсьцьсот тысяч каштуе пуцёўка на месяц».

Дзявяты: «Так, у „Купалінку“ на васямнаццаць дзён. Маме на працы далі 250 тысяч, а даплаціць трэба 800 тысяч».

Бабуля: «Усё рэальна. Я, па-першае, прыехала са Смаргоні, унучку ў лягер уладкую. На працы далі, ня ведаю нават, колькі яна каштуе цяпер. Але колькі б ні каштавала, дзіцяці трэба быць у калектыве піянэрскім...»

Трэба быць хворым, каб аздаравіцца бясплатна

На Гомельшчыне першым прыняў школьнікаў на аздараўленьне дзіцячы лягер «Васілёк». Тут адпачываюць 80 хлопчыкаў і дзяўчатак. Трэба быць хворым, каб аздаравіцца бясплатна. А калі пуцёўку ў такі лягер купляць, то трэба заплаціць 2 мільёны 100 тысяч рублёў.

Прадстаўніца лягеру апавяла: «Дзеці з Гомеля й Гомельскай вобласьці. Аздараўленчых працэдур у нашым аздараўленчым лягеры няма. Проста дзеці адпачываюць — для іх ёсьць забаўляльная праграма».

Аздараўленчых працэдур у нашым аздараўленчым лягеры няма. Проста дзеці адпачываюць

Бясплатнымі пуцёўкамі карыстаюцца тыя школьнікі, якія жывуць на заражаных радыяцыяй тэрыторыях. Ёсьць і так званыя сацыяльныя пуцёўкі — гэта калі бацькі аплочваюць 20 адсоткаў кошту. Астатнія выдаткі бярэ на сябе фонд сацыяльнага страхаваньня альбо прадпрыемствы паводле калектыўных дамоваў з працаўнікамі.

Калі ж набыць пуцёўку ў такі лягер прыватным парадкам, то бацькам гэта будзе каштаваць 2 мільёны 100 тысяч рублёў.

У так званых аздараўленчых лягерах сёлета ў рэгіёне адпачнуць каля 5 тысяч школьнікаў, зь іх 4 тысячы — з заражаных радыяцыяй тэрыторый. Пра гэта кажуць у рэгіянальнай управе Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня й санаторна-курортнага лячэньня:

«З забруджанай зоны, пэўна, тысячы чатыры. Яны ж толькі адкрываюцца — яны ж яшчэ не адкрыліся. Па-мойму, толькі „Васілёк“ адзін і працуе з 1 чэрвеня, астатнія — не».

У санаторый бясплатныя пуцёўкі могуць атрымаць толькі хворыя дзеці. Астатнім — плаці. Аднак купіць пуцёўку бацькам зь сярэднім беларускім даходам ня так проста.

Апавядае бацька шматдзетнай сям’і з Гомеля спадар Леанід: «Пуцёўка ў Беларусі, калі ехаць кудысьці ў Менск ці Горадню, каштуе да 6 мільёнаў. А каб аздаравіць бясплатна сваіх дзяцей-школьнікаў, патрэбна даведка ад УКК — урачэбна-кансультатыўнай камісіі — пра тое, што тваё дзіця хворае. І тады можна атрымаць праз школу ці па месцы працы жонкі бясплатную пуцёўку ў санаторый».

Пуцёўка ў Беларусі, калі ехаць зь Гомеля ў Менск ці Гародню, каштуе да 6 мільёнаў рублёў

Спадар Леанід апавёў, што ягоны сын-сяміклясьнік займаецца ў спартовай клясе футболам:

«Зараз гэтая кляса ад спартовага клюбу едзе адпачываць пад Менск. Але майго сына-сяміклясьніка не бяруць, бо ён практычна здаровы. Каб быў хворы, то ўзялі б. Атрымліваецца, што з 24 хлопчыкаў змаглі ўзяць даведку толькі 10. Напрыклад, у аднаго хлопчыка з клясы — цукровы дыябэт. Гэта ўжо, па сутнасьці, інвалід. Мой сын плача, хоча паехаць з камандай, але не паедзе — няма даведкі. На шчасьце, мой сын здаровы, але, на жаль, я не магу накіраваць яго з гэтай групай на аздараўленьне».

Паводле бацькі, выйсьце адно — адправіць сына ў вёску да бабулі. І такіх дзяцей — дзясяткі тысяч. У рэгіёне на заражаных тэрыторыях зараз жыве блізу 240 тысяч дзяцей ва ўзросьце ад 3 да 17 гадоў. І толькі каля паловы зь іх могуць прайсьці аздараўленьне.

За адпачынак у спэцыялізаваных лягерах — дадатковая аплата

У Слуцкім раёне на Меншчыне амаль 10 тысяч дзяцей школьнага ўзросту. Але магчымасьць адпачыць у летніках за горадам маюць толькі 4,5 тысячы, альбо толькі кожны другі. Абмежаваньні выкліканыя скарачэньнем колькасьці летнікаў за горадам. Толькі чатыры зь іх пачалі працаваць з 5-га чэрвеня.

16-гадовая школьніца, сябра БРСМ Віка лічыць, што ёй сёлета пашанцавала: свой летні адпачынак яна правяла на Нарачы ў лягеры «Зубраня»:

«За пуцёўку я заплаціла 300 тысяч рублёў. Мне далі такую пуцёўку, бо я зьяўляюся актыўнай удзельніцай школьнага жыцьця. Таксама там адпачывалі актывісты БРСМ, скаўты, гайды ды прадстаўнікі іншых моладзевых арганізацыяў».

Карэспандэнт: «А ці ў вашых аднаклясьнікаў ёсьць магчымасьць адпачыць? Бо колькасьць тамтэйшых летнікаў зьмяншаецца. Засталіся толькі «Пралеска», «Зорка», "Зянітчык"...Там добрыя ўмовы?"

«Я была толькі ў двух зь іх — „Зорка“. Калі параўноўваць зь летнікам „Зубраня“, то там, вядома, нашмат лепш. Але ў „Зорцы“ ў мяне была кампанія нашмат лепшая...»

Адпачынак для дзяцей даражэе — гэта дрэнна, бо трэба ж яшчэ дзіцяці ў лягер грошы даць

Сытуацыю зь летнікамі на Случчыне камэнтуе мясцовы журналіст Алесь Дастанка:

«На Случчыне зачынілі найбольш вядомы тут летні лягер „Лясная казка“. У ім адпачывалі дзеці з суседніх раёнаў, а таксама дзеці з так званых чарнобыльскіх тэрыторыяў. Будынкі выкупілі прадпрымальнікі й арганізавалі там вытворчасьць...»

Таксама Алесь Дастанка паведаміў, што, акрамя загарадных лягераў, у Слуцкім раёне працуюць аздараўленчы лягер для адораных дзяцей «Алімпіец» і на базе вайсковай часткі — ваенна-патрыятычны лягер для адной сотні дзяцей. Але за такі адпачынак бацькам прапануюць даплаціць: за 9-дзённую пуцёўку — 100 тысяч рублёў, а за 18-дзённую — 200 тысяч.

Бацькі лічаць, што летнікі цяпер дарагія, але адмаўляцца ад іх не выпадае. Аргумэнты на карысьць такога меркаваньня называе Зінаіда Цімошчык, пэдагог і дэмакратычная актывістка са Случчыны:

«Дзеці ў вёсцы жывуць, і яны нічога іншага ня бачаць, акрамя сваёй вёскі. Тым больш, што школы ў сельскай мясцовасьці невялічкія. Таму лягер для саміх дзяцей — гэта магчымасьць зьмяніць абстаноўку, завесьці новых сяброў... Вядома, гэта нядрэнна. Калі толькі бацькі заплацяць, то дзеці не адмовяцца, асабліва калі гэта адбываецца першы раз.

Вельмі розныя меркаваньні ў бацькоў і дзяцей. Але тое, што адпачынак для дзяцей даражэе — гэта дрэнна, бо трэба ж яшчэ дзіцяці ў лягер грошы даць, каб сын ці дачка маглі купіць цукеркі ці напітак. Вядома, гэта яшчэ дадатковыя выдаткі для бацькоў...»
XS
SM
MD
LG